Top.Mail.Ru

Кандрацьеў: Наша галоўная задача не толькі паказаць тое, што сапраўды адбывалася ў гады вайны, але і пайменна назваць датычных да шматлікіх рэпрэсій

Па словах намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Сяргея Кандрацьева, які выступіў на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 77-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго, канферэнцыя мае высокую грамадска-дзяржаўную значнасць. «Перш за ўсё таму, што тыя факты, якія раскрываюцца ў апошні час пры разглядзе крымінальнай справы аб генацыдзе, раней не былі шырока вядомыя», — зазначыў ён, нагадаўшы, што ў выніку расследавання Генеральнай пракуратуры пайменна ўстаноўлены пяць чалавек, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ажыццяўлялі шматлікія карныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі.


«Знішчана больш за 3 млн чалавек. Больш за 12 тыс. вёсак спалена і каля 300 вёсак паўтарылі лёс Хатыні. Дакладна ўстаноўлена, што зверствы на тэрыторыі Беларусі здзяйсняліся не толькі нацысцкімі акупантамі, але і іх памагатымі з ліку выхадцаў з Заходняй Украіны і краін Прыбалтыкі, — дадаў Сяргей Кандрацьеў. — Матэрыялы крымінальных спраў і тыя нешматлікія сведкі расказваюць пра такія факты, якія раней проста не даводзіліся да шырокай грамадскасці».

«І наша галоўная задача пры разглядзе крымінальных спраў не толькі выявіць або паказаць тое, што сапраўды адбывалася ў гады вайны, не толькі паказаць і пайменна назваць датычных да шматлікіх рэпрэсій, але і паказаць будучым пакаленням, нашым дзецям і ўнукам, якой цаной дасталася перамога, якую цану заплаціў беларускі народ», — упэўнены намеснік старшыні ВС Беларусі.


Пасля вайны многія нацысцкія злачынцы і іх памагатыя атрымалі заслужаную кару, яны прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. «Але, на жаль, здарылася так, што многія пайшлі разам з нямецкімі войскамі ў краіны так званага свабоднага свету, дажылі да старэчых гадоў і на сёння ўжо пайшлі з жыцця. Раней мы не маглі прыцягваць іх да крымінальнай адказнасці, але апошнія змены ў дзеючым заканадаўстве дазволілі гэта зрабіць. Сёння гэтыя справы расследуюцца і разглядаюцца судом. На ўзроўні судовых рашэнняў фіксуем факт генацыду беларускага народа. Гэта дасць нам у далейшым пэўную магчымасць адстойвання нашых інтарэсаў у плане магчымай кампенсацыі матэрыяльнага ўрону на міжнароднай арэне.
А ўрон вельмі значны, і лічба пастаянна расце ў сувязі з расследаваннем новых фактаў генацыду беларускага народа», — сказаў Сяргей Кандрацьеў.

«Судовымі рашэннямі мы зафіксавалі гэту страшную для нашага боку з’яву. Гэта дае нам падставу гаварыць, што мы ідзём у правільным напрамку і будзем рабіць гэта далей», — адзначыў намеснік старшыні ВС.

Ён падкрэсліў, што нейкія факты былі зафіксаваны на Нюрнбергскім працэсе, але, на вялікі жаль, генацыд беларускага народа не атрымаў належнай прававой ацэнкі ў рамках гэтага працэсу. «У парадку крымінальнага расследавання спраў мы такую магчымасць сёння маем. Толькі на сумленні ўжо прыцягнутых пяці чалавек вялікая колькасць ахвяр. Калі гаварыць аб канкрэтных фактах, то яны жахлівыя па сваёй прыродзе. Гэтыя факты павінны ведаць усе», — упэўнены Сяргей Кандрацьеў.

На жаль, сёння выяўляюцца выпадкі распаўсюджвання нацысцкай атрыбутыкі і сімволікі, праслаўлення або гераізацыі асобных нацысцкіх злачынцаў або адмаўлення генацыду. За гэтыя злачынствы вінаватыя таксама прыцягваюцца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. «Такую практыку мы маем намер праводзіць і ў далейшым. Перш за ўсё для таго, каб гэта з’ява больш ніколі на тэрыторыі нашай краіны не паўтарылася», — сказаў на заканчэнне Сяргей Кандрацьеў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю