Тэрыторыя яскравых эмоцый
Азярніцкі сельскі Савет Слонімскага раёна прызнаны найлепшым у Гродзенскай вобласці па добраўпарадкаванні. Ён стаў пераможцам конкурсу абласнога Савета дэпутатаў і абласной асацыяцыі мясцовых дэпутатаў сярод органаў мясцовага самакіравання па выніках работы ў 2025 годзе.
Справы, вартыя павагі
Старшыня Азярніцкага сельскага Савета Ганна ПЯЦЬКО прызнаецца, што перамога стала для яе нечаканасцю. Здавалася б, ну як глыбінцы цягацца з калегамі з прыгарада?!
Тэрыторыі, за якія яна адказвае, найбольш аддаленыя — 30 кіламетраў ад Слоніма. Натуральна, тут і колькасць жыхароў меншая, і дамоў з раскошнымі фасадамі няма. І як жа было прыемна, калі аказалася, што добрыя справы, якія сёння робяць людзі, могуць уражваць больш, чым прыгожая карцінка!
Каб не страціць памяць
Адным з найважнейшых кірункаў Ганна Пяцько лічыць ушанаванне памяці: «Страцім яе — страцім будучыню!»
Ужо не першы год на тэрыторыі сельсавета праводзяцца пошукавыя работы. У 2024–2025 гадах былі перапахаваны астанкі 96 воінаў Чырвонай Арміі і 21 мірнага жыхара. Сёлета пошукавая работа будзе працягнута.
Шмат намаганняў робіцца і для таго, каб ваенная гісторыя не была безыменнай. Сведчанне таму — сцяна памяці, якая была ўсталявана падчас рэканструкцыі брацкай магілы ў аграгарадку Драпава. На ёй — імёны 125 землякоў, што не вярнуліся з вайны. Кожнае прозвішча Ганна Пяцько правярала, узгадняла. Кніга «Памяць» для яе ўжо стала настольнай. Яна заўважае, што такая работа не робіцца пад юбілеі, гэта тое, што ідзе ад душы.

Ёсць ідэя!..
Добраўпарадкаванне на вёсцы — звычайная справа. Але ў Азярніцкім сельсавеце вырашылі не абмяжоўвацца выкошваннем, вырубкай непатрэбнага кустоўя і добраўпарадкаваннем на могілках. Тут могуць прадэманстраваць, што дзякуючы ініцыятывам і намаганнямі кожнага можна змяняць жыццё на вёсцы.
Калі журналісты «Звязды» прыехалі ў сельсавет паглядзець, як рэалізавана грамадзянская ініцыятыва, заспелі на арэлях на новай пляцоўцы сталую жанчыну.
— Гэта што! У нас бабулі і на трэнажорах займаюцца, — запэўнівае Ганна Пяцько. — Дарэчы, менавіта з арэляў усё і пачалося — іх побач з сельсаветам і крамай у Сялявічах паставіў жыхар аграгарадка Андрэй Кірычка. З-за пэўнай аддаленасці ад райцэнтра мы сутыкаліся з праблемай «адзінокіх» дамоў. Іх зносілі, уводзілі зямлю ў сельгасабарот. Андрэй Дзмітрыевіч папрасіў выбраць падчас зносу дамоў матэрыялы, каб зрабіць арэлі, клумбы.
Добрая справа стала пачаткам для больш маштабнага праекта.
— Мы перамаглі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Атрымалі грант у 50 800 рублёў, мясцовая гаспадарка выдзеліла спонсарскую дапамогу ў 5250 рублёў, — расказвае Ганна Іосіфаўна. — Дзякуючы такой падтрымцы пачала ажыццяўляцца мара аб ператварэнні былой пусткі ў зону адпачынку з дзіцячай пляцоўкай, варкаўтам (крытай зонай з трэнажорамі) і ўласнай сцэнай. На жаль, ужо няма сельскага Дома культуры, але ў вёску з канцэртамі прыязджае калектыў са Слоніма.
Будзе тут і прыгожы сквер. Увесну высаджана два дзясяткі туй. Ёсць у планах дадаць новыя лакацыі — паставіць стол для гульні ў тэніс, зрабіць інфармацыйны стэнд з гісторыяй Сялявіч. Вяліка-Кракоцкі мужчынскі манастыр выдзеліў сродкі, каб устанавілі яшчэ і спартыўную сценку — з турнікамі і баскетбольным кальцом.
— А можа, нам трэба закласці і алею закаханых?.. — агучвае адну з новых ідэй Ганна Пяцько. — Адчуваю, што з часам давядзецца і дадатковыя арэлі паставіць, бо, калі з унукамі ў выхадныя прыходзіла, бачыла, што пакатацца ў дзяцей — чарга.
Нясумная паляна
Старшыня сельсавета ганарыцца аднавяскоўцамі, дзякуючы якім удалося так змяніць тэрыторыю. Працавалі талакой. Нават мясцовыя школьнікі папрасіліся ў памочнікі дарослым. Моцную падтрымку аказалі гаспадаркі: КУП Слонімскі драбільна-сартавальны завод, КСУП «Імя Дзяржынскага» і КСУП Драпава. Падтрымалі фінансава і тэхніку прыгналі. Працаваў тут і трактар з Зэльвенскага раёна, з СПК «Сынкавічы», кіраўнік якога родам з гэтых мясцін.
А дзякуючы слонімскаму водаканалу на пляцоўцы з’явіўся адзін з сімвалаў грамадзянскай ініцыятывы — смайлік, які свеціцца ў цёмны час сутак. Смайлікамі плануецца размаляваць і сцежкі. Дарэчы, грамадзянская ініцыятыва называецца «Тэрыторыя здароўя і яскравых дзіцячых эмоцый «Нясумная паляна». Як прызнаецца Ганна Пяцько, назву шукалі з задзелам на будучыню:
— Прыедзе да нас моладзь на работу ўладкоўвацца, убачыць, што школа добрая ёсць, колькі дзіцячай мітусні, пазітыву, — захоча застацца. А мы ўсім рады!
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ