Любы рэсурс у эканоміцы заўсёды абмежаваны або знаходзіцца ў цвёрдым дэфіцыце. І калі карысных выкапняў, зямлі і тэхналогій на сусветным рынку больш-менш хапае. Нават рэгіяналізацыя не моцна адбілася на аб’ёмах сусветнага гандлю: толькі шляхі сталі больш мудрагелістымі.
Фармальна ці нефармальна, але трансферт тэхналогій таксама працягваецца. А вось інтэлектуальны капітал з’яўляецца самым каштоўным і дэфіцытным фактарам вытворчасці. Сучаснай эканоміцы патрэбны і адпаведнай кваліфікацыі кадры. І не проста спецыялісты, накіраваныя на выкананне пэўных задач, але тыя, якія ўмеюць творча, крытычна і інавацыйна мысліць, развівацца, імкнуцца да самарэалізацыі. Словам, неабходны паўнавартасныя асобы ў самым шырокім разуменні гэтага слова. Самае каштоўнае — людзі. І з гуманістычнага, і вытворча-эканамічнага пункту гледжання. Камфортнае асяроддзе пражывання — адзін з прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады. Адзін з важных складнікаў — забеспячэнне грамадзян якасным і даступным жыллём. Гэта паляпшае і сацыяльнае асяроддзе, робіць грамадства больш устойлівым, адначасова фарміруючы канкурэнтаздольныя ўмовы для работнікаў у параўнанні з прапановамі нашых далёкіх і блізкіх канкурэнтаў.
Будзем аб’ектыўныя і рэалістычныя: беларуская эканоміка сярэдняя па генерыраванні багацця. Генерыраванай дабаўленай вартасці дастаткова для годнага і камфортнага жыцця. Але лішніх сродкаў няма. Тым больш, што наша рэспубліка адна з нямногіх краін у рэгіёне не рытарычна, а сістэмна павышае ўстойлівасць і эканамічную, і фінансавую. І адным з прыярытэтаў ПСЭР—2030 з’яўляецца зніжэння дзяржаўнага доўгу. Прычым на гэты трэк нам удалося выйсці яшчэ летась. Унікальная опцыя, а большасць краін нарошчваюць даўгавую нагрузку. У тым ліку і для стымулявання даходаў грамадзян. Вядома, у доўгатэрміновай перспектыве такая стратэгія пагражае негатыўнымі наступствамі. Але ў кароткім перыядзе дазваляе фарсіць на міжнародным рынку працы сумамі некалькі больш высокімі, чым у дзяржаў, якія адмаўляюць валюнтарызм у макраэканоміцы і манетарнай палітыцы.
Не будзем хітраваць: вырвацца наперад па ўзроўні зарплаты нам складана ў параўнанні з суседзямі. Але ёсць і іншыя фактары, якія ўплываюць на канкурэнтаздольнасць краіны для інтэлектуальных кадраў. І камфортнае пражыванне, даступнасць жылля — адзін з самых значных. Асабліва ён набывае значнасць на фоне жыллёвага крызісу, які спіраллю раскручваецца і ў бедных, і ў багатых краінах. У топ-10 самых праблемных дзяржаў па даных даследчага інстытута Gallup трапілі Ірландыя, Аўстралія і Канада. Аб недаступнасці даху над галавой заявілі 49 %, 29 % і 16 % апытаных грамадзян гэтых краін адпаведна. На рынку нерухомасці ў Еўропе і ЗША стаўкі арэнды растуць хутчэй афіцыйнай інфляцыі і нашмат апярэджваюць дынаміку даходаў людзей. Значна падаражэў квадратны метр і ў Расіі. У гэтым разрэзе камфортныя жыллёвыя ўмовы пры прымальных выдатках з’яўляюцца магутным стымулам і для ўтрымання кадраў, і для прыцягнення замежнага інтэлектуальнага капіталу.
Летась аб’ём уводу новага жылля ў Беларусі дасягнуў 4,57 мільёна квадратных метраў. Гэта найлепшы вынік за апошнія пяць гадоў. Захоўваецца трэнд на прыватныя дамы. Амаль палова новабудоўляў (49,4 %) адносіцца да катэгорыі індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Дзяржпадтрымка забяспечыла ўвод каля 18 % новага жылля. Прычым павышаецца яго даступнасць. Суадносіны квадратнага метра, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, знізіліся да ўзроўню 0,74 сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы. Гэта найлепшы паказчык за апошнія пяць гадоў. Таксама за 2025-ы ўведзены рэкордны ўзровень арэнднага жылля — 445,6 тысячы квадратных метраў. За мінулую пяцігодку гэты сегмент вырас больш чым у тры разы.
Дакладныя прыярытэты пазначаны ў ПСЭР-2030. Узровень забяспечанасці жыллём да 2030 года павінен павялічыцца да 33 квадратных метраў у разліку на аднаго жыхара (у 2024-м — 30,4 квадратнага метра). Пры гэтым доля арэнднага жылля ў агульным аб’ёме ўводу ў эксплуатацыю новабудоўляў павінна павялічыцца з 9,7 % у 2024-м да 25 % у 2030-м. За пяцігодку плануецца ўзвесці каля 5 мільёнаў квадратных метраў арэнднага жылля. Прычым у сістэмных дакументах прапісана: будаўніцтва геаграфічна павінна выразна ўвязвацца са стварэннем новых вытворчасцяў і працоўных месцаў. У тым ліку за кошт такіх мерапрыемстваў плануецца павысіць узровень забяспечанасці наймальнікаў кадрамі з 94,4 % у 2024-м да 97 % да 2030 года.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ