Top.Mail.Ru
74

Каменны крыж XVII стагоддзя знайшлі ў Віцебскім раёне падчас земляных работ

Каменны крыж XVII стагоддзя выявілі пры правядзенні земляных работ у Віцебскім раёне. Супрацоўнікі абласнога краязнаўчага музея расказалі, куды перадалі артэфакт, перадае БелТА.



Крыж выявілі пры правядзенні земляных работ пры дарозе на глыбіні 1,5 м работнікі «Віцебскводаканала». Ён настолькі добра захаваўся, што на ім можна адрозніць надпісы, па якіх стала вядома, што крыж стаяў на магіле Герасіма Ігнатавіча Ушаковіча-Кароўчынскага. Мінскі спецыяліст, з якім навуковыя супрацоўнікі з Віцебска падзяліліся фота, вызначыў па літарных абазначэннях лікаў год — 1639, а заадно паведаміў, што Ушаковічы-Кароўчынскія (або Ушаковічы-Кароўкі) былі з роду панцырных дваран, і іх імёны зафіксаваныя ў пісьмовых крыніцах XVI-XVII стагоддзяў.

«У цяперашнім Задуброўскім сельсавеце Віцебскага раёна ў XVII стагоддзі размяшчаліся ўладанні Ушаковічаў-Кароўчынскіх. Могілкі, дзе мог знаходзіцца гэты крыж, размешчаны за 500 м ад месца знаходкі. Яго, хутчэй за ўсё, змыла талымі водамі і прынесла да дарогі. Памер крыжа — 125,5 см у вышыню і 81 см у шырыню. Вызначыць матэрыял, з якога ён быў зроблены, мы пакуль не бярэмся, для гэтага патрэбен спецыяліст-геолаг. Што можна сказаць па гэтай знаходцы? Панцырныя дваране былі прывілеяваным саслоўем, якое было абавязана несці ваенную службу.

Такія крыжы стаялі часцей за ўсё на магілах заможных дваран, таму што не кожны мог дазволіць сабе падобнае надмагілле — тут і праца майстра, і сам матэрыял каштавалі грошай, а просты люд выкарыстоўваў часцяком звычайныя драўляныя крыжы», — падзяліўся вучоны сакратар абласнога музея Валерый Шышанаў.

Ён адзначыў, што цікавую археалагічную знаходку неўзабаве можна будзе ўбачыць у экспазіцыі ўстановы культуры, у падвальным памяшканні, дзе захоўваюцца іншыя каменныя артэфакты, знойдзеныя пры раскопках на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю