Удзельнік УНС, трактарыст-машыніст з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна Павел Шуціла падчас сёлетняй уборачнай кампаніі намалаціў 8 тысяч тон збожжа — абсалютны рэкорд у краіне. Падчас другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу ў размове з журналістамі ён прызнаўся, што такі вынік — заслуга не аднаго чалавека, а ўсёй каманды.
Ён таксама падзяліўся падрабязнасцямі ўборачнай кампаніі — 2025.
«Сёлета я каля васьмі з паловай тысяч намалаціў на камбайне. У нашай гаспадарцы вельмі дружны калектыў, у якім усе перажывалі за агульны вынік. Сёлета я атрымаў новы камбайн, наш, беларускі, і ён не падвёў. Усё атрымалася», — падкрэсліў механізатар.
Гаворачы аб удзеле ў Сходзе, аграрый расказаў, што вельмі перажываў, калі даведаўся аб запрашэнні.
«Нават цяжка перадаць словамі, наколькі моцна. Тут такія сур’ёзныя людзі, а я — просты чалавек. Для мяне гэта вельмі хвалююча», — падзяліўся эмоцыямі Павел Шуціла.
Удзельнік УНС таксама звярнуў увагу на тое, што ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту шмат увагі нададзена сельскай гаспадарцы і яе далейшаму развіццю.
«Я нарадзіўся ў вёсцы і ўсё жыццё пражыў там. Хвалююча, калі абмяркоўваецца пытанне сельскай гаспадаркі. Таму што я сельскі чалавек і ў горад не планую з’язджаць», — заявіў Павел Шуціла.
Гаворачы аб падрастаючым пакаленні, трэба яго прывучаць да працы, адзначыў аграрый: «Я таксама малады прыйшоў, у мяне было імкненне арыентавацца на старэйшых. Усё прыходзіць паступова!»
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД