Top.Mail.Ru

«Камароўка» павінна стаць аб’ектам гастратурызму

Менавіта гэта пытанне было ўзнята падчас семінара, які правяло Нацыянальнае агенцтва па турызме. Самы вялікі прадуктовы рынак Беларусі стаў месцам сустрэчы прадстаўнікоў тургаліны, кампаній, гатовых уключыць «Камароўку» ў экскурсійныя маршруты. Удзельнікі прайшліся па гандлёвых радах, высветлілі, як у лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы правяраецца якасць прадуктаў, даведаліся пра некаторыя сакрэты рынку, а таксама абмеркавалі, як яго ператварыць у адзін з ключавых аб’ектаў гастратурызму.


Камароўскі рынак адкрыўся ў 1980 годзе. У той час яго будынак уражваў і сваёй архітэктурай, і маштабам: вышыня купала — 26 метраў (як дзесяціпавярховага дома). Плошча крытага рынку займае 13,3 тысячы квадратных метраў, дадайце сюды яшчэ 16,3 тысячы сезоннага вулічнага кірмашу, і атрымаецца, што гандаль тут вядзецца на тэрыторыі нават крыху большай за плошчу Якуба Коласа, побач з якой размяшчаецца дадзены аб’ект. Нядзіўна, што ў афармленні рынак «пераклікаецца» з аднайменнай станцыяй метро. Зручнае размяшчэнне рынку, вулічныя скульптуры, сярод якіх і гандлярка семкамі, што размясцілася на прыступках каля галоўнага увахода, цікавыя зоны для сэлфі ўжо робяць гэта месцам прыцяжэння для турыстаў. А можна яшчэ ўзгадаць і гарадскія легенды, звязаныя з паходжаннем назвы «Камароўка», напрыклад, пра з’яўленне тут балота ці пра юродзівага Федзьку, якога за надакучлівыя прыставанні празвалі Камаром. Паводле аповедаў небарака захрас у багне, калі спрабаваў схаваць тут мех з золатам. 

А яшчэ на «Камароўку» ідуць па ўражанні. Тут можна пакаштаваць прысмакі, патаргавацца з прадаўцамі, выведаць ад іх рэцэпты прыгатавання беларускіх страў. Сярод пакупнікоў можна сустрэць шэф-павароў і зорак эстрады і кіно, у тым ліку і тых, што прыехалі з іншых краін. 

У 2025 годзе распачалася мадэрнізацыя «Камароўкі» — пашыраецца тэрыторыя паміж радамі, замяняецца абсталяванне, з’яўляюцца сучасныя вітрыны і крамы. Ствараецца безбар’ернае асяроддзе. Рэканструкцыя вядзецца па сектарах. Ужо абноўлены зоны, дзе прадстаўлены кандытарскія, хлебабулачныя вырабы, мясныя рады. Сёння тут ёсць магчымасць нават завакуміраваць прадукты. Асабліва актуальна гэта стала ў апошнія гады, калі па закупкі стала прыязджаць шмат расіян. Пра тое, што сюды ўсё часцей наведваюцца госці і з больш далёкіх краін, сведчаць шыльды, якія ўшлыя прадаўцы ставяць побач са сваім таварам на кітайскай і арабскай мовах. На прылаўках можна пабачыць і халяльную прадукцыю. 

Рэканструкцыя павінна завяршыцца ў 2027 годзе. За гэты час плануецца ў тым ліку стварыць зоны, дзе наведвальнікі змогуць пасядзець, адпачыць.

Ужо сёння адміністрацыя рынку гатова прымаць турыстычныя аўтобусы, расказваць гасцям пра асаблівасці гэтага аб’екта, яго гісторыю і нават забяспечваць турыстаў гарачымі абедамі — на першым паверсе працуе сталовая. Створаны ўласны кандытарскі цэх.

У сярэднім у будні «Камароўку» наведвае 35-45 тысяч гараджан, у выхадныя і перадсвяточныя дні гэта лічба можа сягаць за сто тысяч. Але чым рынак можа ўразіць турыстаў? Вядома ж атмасферай. 

Сюды штодня завозіцца свежае мяса, пакупнікі могуць нават назіраць, як яно тут сячэцца альбо як пры іх разразаецца сырная галоўка. Ёсць тут індывідуальныя прадпрымальнікі, якія робяць кандытарскія вырабы. Яшчэ турыстаў плануюць уражваць разнастайнасцю прадукцыі. Тут прадстаўлена каля 35 кампаній — вядучых беларускіх вытворцаў, у той жа час шмат фермерскай прадукцыі. На прылаўках бываюць прадукты, якіх не знойдзеш ні ў якім гіпермаркеце. Тут можна пакаштаваць дамашняе сала, каўбаску, «пханую пальцам», паляндвіцу, фермерскія сыры і тварог. Па «Камароўцы» можна адсочваць, калі пачынаецца вітамінны сезон, як паспяваюць ягады. Напрыклад, калі ў самым паўднёвым рэгіёне, на Брэшчыне, пачынаюцца суніцы, фермеры спяшаюцца даставіць іх у сталіцу. Сюды варта прыходзіць і па першыя ў сезоне журавіны — іх вязуць з Браслаўшчыны. Наогул тут прадстаўлена прадукцыя з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама «заморскія» прысмакі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю