31 сакавіка на лёдзе «Алімпік-Арэны» ў Мінску дружына кіраўніка дзяржавы перамагла ў першым паядынку зборную Мінскай вобласці з лікам 6:3 (3:2, 1:1, 2:0).
Сапернікі даўно і добра ведаюць адзін аднаго, і з першых мінут гульня пайшла на сустрэчных атакуючых курсах. Да сярэдзіны першага перыяду нікому не ўдавалася вызначыцца, але затое потым гледачы ўбачылі пяць узяццяў варот. У складзе прэзідэнцкай каманды шайбы закінулі Яраслаў Чупрыс, Максім Парфеявец і Мікалай Лукашэнка, апаненты адказалі галамі Ільі Казнадзея і Рамана Каскова. Хутка пасля аднаўлення гульні Віктар Кучарэнка аднавіў парытэт, але потым лепшы бамбардзір турніру Андрэй Касціцын зноў вывеў наперад дзеючых пераможцаў — 4:3. У трэцім перыядзе ішла такая ж напружаная барацьба, і ўсё ж мацнейшымі аказаліся хакеісты прэзідэнцкай каманды, у складзе якой яшчэ дзве шайбы закінулі Арцём Антоненка і Арцём Каркоцкі.


Лепшымі ігракамі сённяшняй сустрэчы прызнаны галкіпер пераможцаў Сцяпан Гарачэўскіх і яго калега па амплуа Яўген Юшчанка. Другі паядынак серыі да дзвюх перамог намечаны на 4 красавіка. У паўфінале каманда Прэзідэнта перайграла хакеістаў Брэсцкага рэгіёна (3:1), а яе сапернікі па вырашальнай серыі былі мацнейшыя за зборную Гомельскай вобласці (5:3). Уладальнікамі бронзавых узнагарод цяперашняга турніру сталі брастаўчане, якія адолелі ў гульні за трэцяе месца гамяльчан з мінімальнай перавагай у ліку — 5:4.
Спіс лепшых бамбардзіраў цяпер узначальвае Андрэй Касціцын, у актыве якога 19 ачкоў (5 шайбаў і 14 рэзультатыўных перадач).

На папярэднім этапе лядовая дружына кіраўніка дзяржавы атрымала вікторыі над хакеістамі Магілёўскай вобласці (9:3), Гомельскай вобласці (12:2), Гродзенскай вобласці (10:5) і Віцебскай вобласці (12:6), а яшчэ дзве сустрэчы завяршыла ўнічыю з аднолькавым рэзультатам — 5:5 — з камандамі Брэсцкай і Мінскай абласцей.
У папярэднім сезоне каманда Прэзідэнта 16-ы раз стала пераможцай гэтых спаборніцтваў, абыграўшы ў фінальнай серыі хакеістаў Мінскай вобласці. Па адным тытуле ў зборных Гомельскай і Мінскай абласцей.
Арганізатары хакейнага аматарскага турніру — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
