Каля тысячы транспартных сродкаў чакаюць уезду ў Еўрасаюз з Беларусі. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).
На польскім напрамку захоўваюцца чэргі легкавых аўтамабіляў. Найбольшая іх колькасць — 480 — назіраецца перад пунктам пропуску «Цярэспаль» («Брэст»). Яго супрацоўнікі прынялі на сваю тэрыторыю 35% легкавікоў ад сутачнай нормы.
«Чэргі грузавікоў фіксуюцца на ўезд у Польшчу і Літву. Найбольш загружаны маршрут у Еўрасаюз праходзіць праз польскі пункт пропуску „Кукурыкі“ („Казловічы“), дзе ў чаканні знаходзяцца 485 фур. Супрацоўнікі сумежнага пагранпераходу за суткі аформілі 40% велікагрузаў», — праінфармавалі ў ДПК.