Top.Mail.Ru

Каля трыццаці гадоў працуе ў сувязі Святлана Вітко. Сёлета ў абласным конкурсе па падпісцы на газету «Звязда» яна выйшла пераможцай і атрымала грашовую прэмію

«Усе мінусы я перавяла на плюсы»

Каля трыццаці гадоў працуе ў сувязі Святлана Вітко. Сёлета ў абласным конкурсе па падпісцы на газету «Звязда» яна выйшла пераможцай і атрымала грашовую прэмію.

— Некалі ў нашай вёсцы Крыніца, што на Капыльшчыне, было пяць дзяўчат-сябровак. Усе з нас, хто чым займаўся ў дзяцінстве, тым і сталі. Адна любіла гатаваць ежу — і стала поварам. Другая ўсё вучыла нас, гуляла ў школу, то і настаўніцай стала. А я ўсё за паштальёнам бегала; як убачу, што на веласіпедзе едзе з тоўстай сумкай, то бягу насустрач і прашу: «Цёця Ніна, давай я газеткі раздам». Вось і дабегалася«, — узгадвае жанчына.

Дарэчы, з той шчаслівай пары дзяцінства запомніла Святлана, што газеты і часопісы паштальён прыносіў у іх дом пастаянна. Матулі — часопіс «Нёман», бацьку — «Звязду» і раёнку, дзецям — «Бярозку». Тую даўнюю падпісную традыцыю пранесла жанчына і праз усё жыццё. Падпіску на свой дамашні адрас афармляе пастаянна.

Пачынала свой працоўны шлях Святлана электрамеханікам станцыйнага абсталявання. Такую пасаду атрымала некалі малады спецыяліст пасля заканчэння Мінскага тэхнікума сувязі. Работа падабалася. Пра калектыў, у які патрапіла, можна было толькі марыць, таму першыя гады працы ніколі не лічыла адпрацоўкай, а толькі падарункам лёсу.

Перайсці на іншы ўчастак прымусілі абставіны. Калі нарадзіліся дзеці, пазменны графік работы не задавальняў. Пошта ў гэтым сэнсе падыходзіла больш. Так пасля дэкрэтнага водпуску і пайшла па вуліцах горада з хадавіком у руках і вопытным паштальёнам Вольгай Жук. Літаральна два дні хапіла ёй прайсціся з калегай, а на трэці пайшла па маршруце самастойна. Спачатку, пакуль дасканала асвоіла гарадскія вуліцы, хадзіла пешшу, а пасля перасела на веласіпед. Заробак паштальёна залежаў ад таго, наколькі добра ведаеш участкі, вось і старалася пастаянна папаўняць запас ведаў. Спачатку гэта былі вуліцы Перамогі, Ракасоўскага, Інтэрнацыянальная. Карэспандэнцыі было вельмі шмат. Пастаянна сумку паштальёна абцяжарвалі дзве абаненцкія скрынкі. На ўчастак выходзіла па 4-5 сумак штодня. Дабаўлялі вагі і стосы пісем і паштовак.

Праз некаторы час у працоўную біяграфію паштальёна ўпісаўся новы від дзейнасці — мотадастаўка. Абкатку яго Святлана Вітко пачынала ў раёне першай. У яе нават захаваўся той бэйдж № 1. Новыя абавязкі, новыя маршруты, новыя эмоцыі. Дастаўка і падпіска паштовай карэспандэнцыі, выплата пенсій, камунальныя плацяжы і рознічны гандаль — усё гэта добра вядома паштальёну са стажам. З гадамі прагрэс дайшоў і сюды. На змену знакамітым квіткам, якія выпісваў паштальён, прыйшло аўтаматычнае ўсталяванне. З АПК Святлана Львоўна таксама хутка пасябравала. «Век жыві, век вучыся — гэта пра мяне», — кажа жанчына.

Абставіны складваліся так, што даводзілася пакідаць і любімае працоўнае месца. Амаль восем гадоў папрацавала жанчына на хлебазаводзе. І гэту працу палюбіла, адносілася з душой. А кандытарскія вырабы «Трубачка траецкая» сталі яе фішкай. І цяпер такім ласункам балуе ўнукаў.

Некаторы час папрацавала і ў бальніцы раздатчыцай-санітаркай. І да гэтых абавязкаў адносілася сумленна, а да людзей — са спагадай.

«І кожны раз, пакідаючы калектыў сувязістаў, заракалася „нізашто і ніколі“, толькі гэта не той варыянт. Хто хоць раз паспрабаваў паштовы хлеб, той вяртаецца сюды зноў і зноў».

Бліц-апытанне

— Плюсы і мінусы паштовай работы?

— Самы вялікі плюс, што пастаянна маеш сувязь з людзьмі. А яны часам такую параду дадуць, што сам і не дапетрыш часам. (Смяецца.) 

А ўсе мінусы я ўжо даўно перавяла на плюсы. Зразумела, што не трэба зацыклівацца на чымсьці адным.

— Што такое Лашанская зона для паштальёна мотадастаўкі?

— Гэта 54 вёскі. Газеты дастаўляем дзесьці ў 50, а так толькі пенсіі. А гэта каля 100 раёнак і каля паўтысячы экзэмпляраў іншай перыёдыкі. Плюс камунальныя, продаж тавараў.

— Падзей шмат. А што незвычайнае ўспомніце на гэтым маршруце?

— Першае, што прыходзіць на памяць, то гэта «Хаўер», як няпроста выбіраліся са снежнага палону з цяперашім начальнікам Дзмітрыем Міхайлавічам, ён тады кіраваў паштовым аўтамабілем. А яшчэ запомніўся слоічак мёду, які жыхары Антанова прыпаднеслі на мой дзень нараджэння, расчулілі да слёз.

— Занятак для душы?

— Люблю слухаць музыку. Пішу вершы, для сябе. Усё гэта бывае спантанна, не так часта, але асалоду атрымліваю.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю