Чарговы ўнёсак у развіццё дарожнай гаспадаркі вобласці... Падарункам для жыхароў і гасцей Гомельшчыны стала адкрыццё пасля капітальнага рамонту ўчастку трасы М10 мяжа Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын у Рэчыцкім раёне.
Аб’ект дарожнай сеткі вельмі важны: ён знаходзіцца паблізу ад моста праз раку Дняпро, і ў сярэднім па гэтым кірунку праходзіць каля 7 тысяч аўтамабіляў за суткі. Новае пакрыццё на адрамантаваным участку дарогі, як абяцаюць спецыялісты, праслужыць каля 15 год. Выканана фрэзероўка, выкладзена асфальтабетоннае пакрыццё, устаноўлены бар’ерная агароджа і дарожныя знакі, нанесена разметка халодным пластыкам па даўгавечнай тэхналогіі.
— Акрываем рух на амаль пяцікіламетровым участку. Траса якасная, бяспечная. А бяспека руху на дарозе, камфорт для людзей — гэта галоўнае, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця аб’екта старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Ён падзякаваў праекціроўшчыкам, падрадчыкам, будаўнікам-дарожнікам за якаснае выкананне пастаўленай задачы. Найлепшыя работнікі, якія ўдзельнічалі ў капітальным рамонце атрымалі ўзнагароды з рук старшыні аблвыканкама.
Як было адзначана, маштабныя рамонтныя работы па магістралі будуць працягвацца. Распачата першая чарга рэканструкцыі ўчастка трасы М-10 у бок Калінкавічаў. Усяго запланавана пяць чэргаў дарожнай будоўлі.
Як звярнуў увагу Іван Крупко, за мінулы год на Гомельшчыне было ўведзена ў эксплуатацыю 500 кіламетраў рэканструяваных, пабудаваных дарог, 13 мастоў, пуцеправодаў.
— У 2025-м трэба адрамантаваць 750 кіламетраў рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог і больш за дваццаць мастоў і пуцеправодаў. Папрацаваць давядзецца сур’ёзна, але ўсе гэтыя задачы нам па плячы, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»