Top.Mail.Ru
290

Каля 20 тыс. школьнікаў адпачыла летам у 470 ваенна-патрыятычных лагерах краіны

Каля 20 тыс. школьнікаў адпачыла летам у 470 ваенна-патрыятычных лагерах краіны. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая падчас Рэспубліканскага семінара-нарады па падвядзенні вынікаў аздараўлення дзяцей летам гэтага года, які прайшоў на базе НДЦ «Зубраня», паведамляе БелТА.


Паводле слоў намесніка міністра, арганізацыя аздараўленчых лагераў рознай профільнай накіраванасці праводзіцца ў краіне стабільна, і ў гэтым кірунку яшчэ ёсць рэзервы. Кацярына Пятруцкая прывяла ў прыклад праект Гомельскай вобласці «Прафесійныя канікулы» з 16 прафарыентацыйнымі лагерамі, запушчаны ў Мінску новы праект «Сіла адзінства», а таксама супрацоўніцтва лагера «Археолаг» Гродзенскай вобласці з інстытутам гісторыі НАН. «Ва ўзаемадзеянні з сілавымі ведамствамі функцыянавала больш як 470 ваенна-патрыятычных лагераў, у якіх аздараўлялася каля 20 тыс. дзяцей. Станоўчых прыкладаў дастаткова ў кожным рэгіёне. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці было арганізавана 47 такіх лагераў», — дадала яна. 

У рамках падвядзення вынікаў летняй аздараўленчай кампаніі асобная ўвага заўсёды ўдзяляецца арганізацыі работы лагераў працы і адпачынку, тут закладзены патэнцыял асабліва для дзяцей, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. «Па лініі часовай працоўнай занятасці навучэнскай моладзі са студзеня па жнівень гэтага года аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні больш як 47 тыс. чалавек. Улетку працавала 987 лагераў працы і адпачынку для амаль 15 тыс. навучэнцаў. Ва ўсіх рэгіёнах праведзена звыш 21 тыс. працоўных акцый, у якіх прынялі ўдзел каля 510 тыс. школьнікаў, у тым ліку больш за 250 тыс. выхаванцаў лагераў. Хацелася б звярнуць увагу на заработную плату хлопчыкаў і дзяўчынак, неабходна, каб дзеці мелі магчымасць добра зарабіць», — канстатавала Кацярына Пятруцкая.

Што датычыцца ўразлівых катэгорый дзяцей, то гэтым летам аздараўленне і занятасць былі забяспечаны больш як для 12 тыс. школьнікаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, або ў адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. «Вельмі добра з гэтымі дзецьмі працуюць палатачныя лагеры. Такі досвед у нас ёсць, мы рэалізуем яго ўжо на працягу многіх гадоў у цесным супрацоўніцтве з нашымі сябрамі і партнёрамі. Добры прыклад — на базе Полацкага пагранатрада працаваў лагер „Кадэт“ для 62 чалавек, а на базе воінскай часці 32404 — лагер „Патрыёты“ для 53 падлеткаў», — расказала намеснік міністра, падкрэсліўшы, што неабходна забяспечыць 100-працэнтнае аздараўленне і занятасць для гэтай катэгорыі дзяцей.

У цэлым у краіне ў летні перыяд аздаравілася больш за 394 тыс. навучэнцаў, з іх у лагерах з дзённым знаходжаннем — 235,5 тыс., у лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 158,2 тыс. Каля 12 тыс. дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і больш за 6,6 тыс. дзяцей-інвалідаў таксама мелі магчымасць адпачыць у лагерах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю