Разлікі стануць прасцей, а для каго — і танней.
Днямі была прынята пастанова Савета Міністраў № 465 «Аб разліках у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Тады ж было зацверджана Палажэнне аб парадку пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг і прыпынення (аднаўлення) аказання камунальных паслуг. Што гэта прынясе жыхарам?
Згодна з прынятым дакументам, калі чалавек выехаў з пастаяннага месца жыхарства (рэгістрацыі па месцы жыхарства) на тэрмін звыш 10 сутак запар, ажыццяўляецца пераразлік платы за некаторыя віды камунальных паслуг. Лагічна, што калі чалавек не жыве ў кватэры, яму не трэба плаціць за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, таму што ён не смеціць. Не трэба будзе плаціць за халоднае і гарачае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), а таксама газазабеспячэнне пры адсутнасці ў спажыўцоў прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады і газу. Чалавеку, які выехаў са свайго жылля, не трэба будзе кампенсаваць выдаткі на электраэнергію, якая спажываецца для ліфта, але не больш чым за тры гады.
- Для пераразліку платы адной заявы мала, патрэбныя досыць важкія падставы. Дакументам прапісана, што гэта можа быць выезд за мяжу; на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне; лячэнне ў бальніцы, шпіталі або ва ўстанове аховы здароўя, падпарадкаванай дзяржаўнаму органу. Сюды ўваходзіць і часовае ўтрыманне ў месцах папярэдняга зняволення і пазбаўлення волі.
Пераразлік прадугледжаны і тым людзям, якія праходзяць ваенную службу або службу ў рэзерве, праходжанне альтэрнатыўнай службы. Падставай плаціць мінімальную камунальную плату будзе выезд у сельскія населеныя пункты (на летні сезон), садоўніцкія таварыствы, дачныя кааператывы, на вучобу і ў працяглую службовую камандзіроўку. Пераразлік прадугледжаны пры пражыванні па дагаворах найму іншага жылога памяшкання.
Дастаткова важкай падставай будзе выезд чалавека ў сельскія населеныя пункты для працы ў сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сферы вёскі, а таксама па працоўным дагаворы (кантракце) у арганізацыі, якія размешчаны ў раёнах, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Іншую «камуналку» атрымаюць і тыя грамадзяне, якія пераехалі для работы ў якасці бацькоў-выхавальнікаў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу; альбо выехалі ў іншыя населеныя пункты для догляду за інвалідам І групы альбо асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Дарэчы, пераразлік платы ажыццяўляецца на падставе заявы грамадзяніна або плацельшчыка і іншых дакументаў. Заяву і дакументы прадстаўляюцца не пазней за 30 каляндарных дзён з дня вяртання грамадзяніна да месца жыхарства.
Пераразлік не ажыццяўляецца для грамадзян, якія выехалі за межы краіны з 1 сакавіка 2022 года на тэрмін звыш 30 дзён запар, калі яны былі ўключаны ў спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць паслугі па тарыфах поўнага пакрыцця эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.
Сяргей КУРКАЧ