Top.Mail.Ru

Калі юбілейныя ўрачыстасці ператвараюцца ў творчы праект

Шматаблічны музычны

Як вы думаеце, з чаго пачынаецца тэатр?.. З апантаных артыстаў і творцаў, якія хочуць выступаць так, як пакуль тут ніхто не рабіў. Прынамсі, гэтая формула 55 гадоў таму дапамагла ў стварэнні Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Цяпер ён мае такую афіцыйную назву, што адразу сведчыць пра ўзровень і адказнасць. Адпаведна і віншаванні калектыву былі ўрачыстыя, з уручэннем грамат, дыпломаў і падзяк ад Міністэрства культуры і іншых дзяржаўных устаноў. Але юбілей — свята і для гледачоў, пра што тэатр асабліва паклапаціўся. Зрэшты, гэта закладзена ў яго прыродзе. 

У студзені 1971 года, калі гледачы збіраліся на першы спектакль, у іх быў настрой хутчэй святочна-ўсмешлівы: Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР абяцаў лёгкі адпачынак і прыемны настрой паводле назвы. Але гэта ж быў новы беларускі тэатр, што стараліся падкрэсліць. А што такое камедыя па-беларуску ў савецкі час? Калі мы з усмешкай... перамагаем ворага. Ды яшчэ і з музыкай! Першым спектаклем тэатра стала пастаноўка «Спявае Жаваранак» на музыку беларускага кампазітара Юрыя Семянякі (якога мы ведаем як аднаго з цудоўнейшых «меладыстаў» краіны, які ў творчасці арыентаваўся на традыцыі і ўмеў глыбока ўзрушыць душу). І вось яму належыць твор, жанр якога вызначылі як «гераічная аперэта»: праз музыку артысты распавялі пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Паказалі спектакль на сцэне клуба імя Ф. Дзяржынскага, таму што свайго памяшкання яшчэ не было. 

Артыстам трэба было быць вельмі апантанымі асобамі, каб пайсці працаваць у даволі складаных умовах, але гэта людзі, якім уласцівы пошук і жаданне спрабаваць нешта новае. Такіх знайшлося 120 чалавек — салісты, артысты хору і балета, музыканты аркестра, якіх не спалохалі асаблівасці жыцця тэатра, які першыя гады павінен быў вандраваць па розных сцэнічных пляцоўках.

У новы тэатр пераходзілі выканаўцы з розных труп Беларусі. У прыватнасці, маладая Наталля Гайда, цяпер народная артыстка Беларусі, дзеля работы ў аперэце пакінула оперны тэатр Беларусі. І не прагадала: у спектаклі «Спявае Жаваранак» у яе галоўная роля. 

«Сапраўды ўпрыгожвае спектакль Наталля Гайда ў ролі Ірыны. Артыстка выдатна валодае голасам, вельмі шчыра і тэмпераментна ўвасабляе вобраз савецкай актрысы-падпольшчыцы, якая ўладкоўваецца на працу ў фашысцкае кабарэ, каб знаёміцца з гітлераўскімі афіцэрамі і атрымліваць ад іх патрэбныя савецкаму камандаванню звесткі», — пісала ў рэцэнзіі на пастаноўку «Звязда» ў адным з лютаўскіх нумароў 1971 года. 

У публікацыі газеты «Літаратура і мастацтва» ў сакавіку 1971-га была зроблена выснова: «Першая работа тэатра цёпла прынята гледачамі. Яна выявіла здольнасці маладога калектыву, яго творчыя магчымасці. Безумоўна, спектакль яшчэ патрабуе дапрацоўкі. Але падрыхтоўчы перыяд ужо даказаў, што ў тэатры не баяцца цяжкасцей, не шкадуюць працы, умеюць прыслухоўвацца да крытычных заўваг і парад. Тут ёсць той творчы энтузіязм, які з’яўляецца зарукай далейшых поспехаў». 

Нядаўна створаная трупа ажыццявіла пастаноўкі «Фіялка Манмартра» аднаго з класікаў венскай аперэты ды «Вольны вецер» савецкага кампазітара Ісака Дунаеўскага. Паступова набірала рэпертуар, а ў 1981 годзе пераехала ва ўласны будынак. Ужо ў новым стагоддзі тэатр атрымаў статус «акадэмічнага». 

Цяпер заслугі Беларускагадзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра варта вымяраць не колькасцю пастановак (за 55 гадоў існавання іх сотні), а іх разнапланавасцю і якасцю. Папершае, тэатр ужо даўно не абмяжоўваецца традыцыйным жанрам «аперэты» ці музычнай камедыі, ён аб’ядноўвае класічныя традыцыі з сучаснымі эксперыментамі. У рэпертуары ёсць і музычныя драмы, і рок-оперы, нават балеты — у складзе асобная трупа класічнага балета (але ёсць балет, які ўдзельнічае ў пастаноўках аперэты і мюзіклах), якая пры гэтым актыўна развіваецца ў кірунку сучаснай харэаграфіі. Таму і змянілася вызначэнне ў назве тэатра — «музычны». Увядзенне ў рэпертуар пастановак розных відаў і жанраў дазволіла пашырыць глядацкую аўдыторыю, у тым ліку за кошт моладзі, якая цэніць здольнасць мяняцца ў адпаведнасці з часам і запатрабаванасцю. Але паказваючы папулярнае ў свеце, не варта забывацца пра сваё, беларускае. Цяпер у рэпертуары некалькі спектакляў на музыку беларускіх кампазітараў. За творчы ўзровень адказваюць мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Адам Мурзіч і галоўны дырыжор Юрый Галяс. За тэатр ва ўсіх складніках (творчай і камерцыйнай) — яго дырэктар Таццяна Комава, якая падчас урачыстасцей атрымала Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і за ўнёсак у папулярызацыю нацыянальнай культуры. Высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў розных структур быў адзначаны Міністрам культуры краіны Русланам Чарнецкім, які ўручыў грамату галоўнаму балетмайстру аперэты і мюзікла Алене Дзмітрыевай-Лаўрыновіч, падзякі — намесніцы дырэктара Вользе Гудожнікавай, дырэктару аркестра Таццяне Пшонь і артыстцы аркестра Юліі Ранцавай. Тэатр — калектыўная праца, кожны ўплывае на вынік. 

Якасць пастановак была пацверджана на цырымоніі ўручэння Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, што адбылася напрыканцы мінулага года і прынесла некалькі высокіх адзнак адразу. Вядома, у жанры аперэты і музычнай камедыі ў тэатра амаль няма канкурэнцыі, і найлепшай стала «Цудоўная Алена» Жака Афенбаха ў пастаноўцы Міхаіла Кавальчыка, які з’яўляецца галоўным рэжысёрам тэатра. У той час за найлепшую працу пастаноўшчыка ў музычным тэатры адзначаны галоўны балетмайстар тэатра Сяргей Мікель, ён жа стаў аўтарам лібрэта балета «Купалле» на музыку маладога беларускага кампазітара Лізаветы Лобан. І за работу ў гэтым спектаклі адзначана дырыжор-пастаноўшчык Марына Траццякова. 

Сёлета для гледачоў рыхтуюць некалькі прэм’ерных спектакляў: мюзікл, вадэвіль і балет. Але ці не галоўнай прэм’ерай года стала праграма «Кальман супраць Штрауса. Альбо пяць і пяць — пяцьдзясят пяць», падрыхтаваная адмыслова для юбілейнага вечара, паказ адбыўся 17 студзеня. Калі хто не паспеў — то можа і спазніцца, таму што дадатковыя паказы запланаваны на 31 студзеня і 27 сакавіка. Праграма хоць і святочная, але не выключна пад урачыстасць, яна насамрэч «глядацкая» і складзена так, каб паказаць шматаблічнасць тэатра, падкрэсліўшы яго разнапланавы рэпертуар. І што асабліва важна — прадстаўляе на сённяшні дзень найбольш поўна артыстычна-музычную палітру талентаў, незалежна, у якой частцы тэатра яны задзейнічаны: ці то салісты-вакалісты, ці то тыя, хто спявае ў хоры, занятыя ў двух балетных трупах, іграюць у аркестры. На аснове лібрэта Алега Солада ўсіх аб’яднаў адной ідэяй і дзеяй рэжысёр, народны артыст Расіі Юрый Лапцеў, які добра ведае Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, таму што здзейсніў тут некалькі пастановак (прэм’ера «Марыцы» ў яго бачанні адбылася ў маі 2025 года). Гэта прыклад таго, як юбілейныя ўрачыстасці ператварыць у асобны творчы праект, які б прадэманстраваў здольнасці тэатра і прыцягнуў дадатковую аўдыторыю, падкрэсліўшы лёгкасць і бляск, уласцівыя калектыву. 

Ларыса ЦІМОШЫК 

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю