Top.Mail.Ru

Калі вытворцы пачынаюць рыхтавацца да Новага года?

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у эфіры тэлэканала «Беларусь-1» пракаментаваў асартымент тавараў у пераднавагоднія дні, а таксама патлумачыў, чаму стала даражэй ікра і ці хопіць усім мандарынаў. Падрабязней — у матэрыяле.


— Пераднавагоднія і калядныя дні — гэта, напэўна, адны з самых ажыятажных момантаў у дзейнасці і гандлю, і вытворцаў. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю арыентуе ўсіх загадзя праводзіць мерапрыемствы. Мы як дзяржорган ужо з лістапада пачалі падрыхтоўку да навагодніх мерапрыемстваў, правялі шэраг нарад з аблвыканкамамі, упраўленнямі гандлю, гандлем і вытворцамі, — адзначыў Аляксей Багданаў.

Паводле яго слоў, сёння, прыходзячы ў краму, пакупнікі могуць бачыць вынік гэтай працы.

— Паліцы ломяцца ад мноства прадстаўленай прадукцыі, велізарны асартымент як нашых тавараў, так і імпартных. Мы бачым, што добра праведзена падрыхтоўка, тавараў на паліцах дастаткова, — адзначыў міністр.

Ён нагадаў, што сёлета на айчынныя тавары дзейнічае дзесяціпрацэнтная зніжка:

— Гэтая ініцыятыва нарадзілася ва ўрадзе, яна была падтрымана і вытворцамі, і гандлем. Зніжку даюць абодва ўдзельнікі працэсу: 5% — вытворца, 5% — гандаль. Спецыяльна было распрацавана абазначэнне тавараў, якія ўдзельнічаюць у гэтай акцыі.

Профільны міністр патлумачыў, што акцыя будзе доўжыцца да канца студзеня:

— Усё больш і больш таваравытворцаў уключаюцца ў гэтую дзейнасць. На сённяшні дзень прадстаўлены шырокі асартымент і харчовых, і нехарчовых тавараў. Быў выпадак: у адной з сеткі продажаў электрабытавай тэхнікі здарыўся ажыятажны попыт, нават не паспявалі дагружаць прадукцыю са складоў нашага вытворцы. Але сітуацыю хутка выправілі, — падкрэсліў кіраўнік МАРГ.

Што датычыцца попыту на іншыя тавары, Аляксей Багданаў расказаў, на колькі падаражэла чырвоная ікра і чаму гэта адбылося.

Адказваючы на пытанне аб прычынах росту цэн на ікру і чырвоную рыбу, ён канстатаваў:

— Цана на імпартныя тавары залежыць не ад таго, што мы ў сябе ў Беларусі рэгулюем ці не, гэта знешняя кан’юнктура рынку. На сённяшні дзень з-за таго, што ў Расійскай Федэрацыі зніжаны аб’ём улову ласосевых рыб, яны вырабілі менш і чырвонай ікры, і мяса ласося. Таму мы адзначаем, што на працягу гэтага года цэны на ікру выраслі статыстычна на 33%, а на мяса ласося — прыкладна на 15%. Гэта не магло не адбіцца на паліцах крам. Але ў цэлым усё роўна цана на ікру застаецца даступнаай.

Між тым кіраўнік МАРГ таксама адзначыў, што да навагодніх продажаў гандаль рыхтуецца загадзя.

— З сярэдзіны кастрычніка ўжо паволі пачынаецца фарміраванне складоў, дадаткова завозяцца тавары. Імпартныя тавары заказваюцца з іншых краін, на нашы тавары размяшчаюцца дадатковыя заяўкі. Ды і сам вытворца спаць не павінен. Разумеючы, што будзе павышаны попыт, ён павінен вырабіць больш і прапанаваць гэты тавар, — лічыць міністр.

Не засталася без увагі і тэма наяўнасці мандарынаў у крамах. Як адзначыў Аляксей Багданаў, сёлета з Турцыі завезлі на тысячу тон менш мандарынаў і клеменцінаў.

— Але ў цэлым пастаўшчыкоў у нас дастаткова. Мы ўвозім гэты прадукт з 15 краін. На сённяшні дзень (за 10 месяцаў) мы завезлі на 7% больш мандарынаў і клеменцінаў — гэта 16,5 тысячы тон. Што цікава, цана стала ніжэй на 14%. Гэта значыць, у іншых краінах ураджай атрымаўся лепей, чым у Турцыі. Адпаведна, мы прывезлі гэты тавар трохі танней. Таму можна не перажываць: ужо чаго-чаго, а мандарынаў хопіць на паліцах усім, як і іншых тавараў, — упэўнены міністр.

Адказваючы на пытанне аб тым, якія тавары традыцыйна даражэюць да Новага года, кіраўнік МАРГ падкрэсліў:

— Кожны раз усё па-новаму. У залежнасці ад таго, як складуцца спажывецкі попыт і кан’юнктура рынку на знешнім контуры. Калі мы ўвялі цэнавае рэгуляванне, тавары сталі больш-менш стабільныя. Калі ўжо даражэюць, то прагназавана. А да гэтага традыцыйна заўсёды даражэлі алкагольныя напоі, шакалад, кандытарскія вырабы, таксама частка імпартных тавараў — бананы, вінаград, апельсіны. Што датычыцца нашых тавараў, то тут сітуацыя больш стабільная: няма ажыятажнага росту цаны, ён знаходзіцца ў рамках прагнозу — таго, што мы ўстанавілі ва ўрадзе.

Разам з тым не абміналі і тэму навагодніх карпаратываў. Як адзначыў Аляксей Багданаў, кожны хоча правесці навагодняе свята ў коле блізкіх, сяброў і сваіх калектываў, арганізоўваюцца карпаратывы:

— Мы таксама праводзім у міністэрстве свае карпаратывы і з цяжкасцю знайшлі сабе свабоднае месца. Вядома, цяпер шматлікія кавярні і рэстараны распісаны для такіх мерапрыемстваў. І мы бачым па тых даных, якія да нас паступаюць, што ў грамадзян гэтая паслуга карыстаецца попытам, — падкрэсліў міністр.

Дарэчы, у МАРГ разлічылі прыкладны кошт карпаратыву для аднаго чалавека:

— У залежнасці ад фармату ён сёлета складзе ад 100 да 300 рублёў. Гэта павінна забяспечыць выбар паслугі на любы густ спажыўца.
Аляксей Багданаў выказаў упэўненасць, што беларускае грамадскае харчаванне, увёўшы мноства навінак, парадуе грамадзян.

Па матэрыялах sb.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю