Top.Mail.Ru

Калі «Славянскі базар» пачаў праходзіць пад патранажам Прэзідэнта Беларусі?

Падтрымка Прэзідэнта, новы статус, самы працяглы гала-канцэрт, конкурс прыгажосці — наколькі адметным быў IV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар», які прайшоў у Віцебску з 18 па 23 ліпеня 1995 года, паведамляе БелТА.



На чацвёртым фестывалі адбылася падзея, якая стала вызначальнай у далейшым лёсе культурнага мерапрыемства. У 1995 годзе яго наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і са сцэны Летняга амфітэатра на канцэрце адкрыцця заявіў, што з гэтага часу «Славянскі базар» будзе праходзіць пад яго патранажам. Таксама змяніўся і статус форуму — ён атрымаў назву Міжнароднага фестывалю мастацтваў. У той жа год быў заснаваны Ганаровы знак фестывалю, і першымі яго ўладальнікамі сталі кіраўнік нашай дзяржавы і прафесар Арманда Марэна — прэзідэнт і заснавальнік Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый.

На адкрыцці «Славянскага базару» перад гледачамі выступілі Алег Газманаў, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Анатоль Ярмоленка і «Сябры», мастацкія калектывы і юныя выканаўцы з Бялграда, Віцебска, Кіева, Мінска, Масквы, Пскова, Саратава, Смаленска, Сафіі, Чарнігава.

На IV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» прайшло каля 100 мерапрыемстваў, 11 канцэртаў прыняла галоўная сцэнічная пляцоўка — Летні амфітэатр. У той год «Славянскі базар» наведалі каля 3 тыс. гасцей і ўдзельнікаў. Сярод 21 сцяга, якія ўпрыгожылі пляцоўку каля Летняга амфітэатра, упершыню з’явіліся сцяги Кіпра, Нідэрландаў, Грэцыі, Швецыі, Узбекістана.

Упершыню на фестывалі прайшоў міжнародны конкурс прыгажосці «Міс Славянка — 95». У культурна-дзелавым цэнтры «КІМ» (цяпер гэта Канцэртная зала «Віцебск») 21 ліпеня на сцэну выйшлі першыя прыгажуні Беларусі, Балгарыі, Македоніі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін. Карону пераможцы прымерала на сябе беларуска.

На конкурсе маладых выканаўцаў краіны-заснавальнікі — Беларусь, Расія і Украіна — прадставілі не па два, а па тры прэтэндэнты. Ад нашай рэспублікі выступалі маладыя артысты з Наваполацка, Віцебска і Мінска. Цікавы факт: на жараб’ёўцы, якая адбылася на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), канкурсанты выбіралі ўпрыгожаныя снапкі, у якіх былі схаваны лічбы, якія потым сталі парадкавымі нумарамі іх выступлення. Гран-пры конкурсу заваяваў прадстаўнік Югаславіі Філіп Жмахер.

20 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра адбыўся гала-канцэрт дзіцячай праграмы фестывалю «Усё гэта клас!», у якім прынялі ўдзел выканаўцы з Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Літвы, Македоніі, Расіі і іншых краін. Гэта шоу стала самым працяглым — яно ішло 3,5 гадзіны.

Мастацкі музей прэзентаваў выставу да 140-годдзя Юдаля Пэна, абласны краязнаўчы музей — экспазіцыю да 50-годдзя Вялікай Перамогі. На чыгуначным вакзале Украіна прадставіла экспазіцыю прыкладнога мастацтва ў вагоне-выставе. Упершыню госці фестывалю пабывалі на міжнароднай выставе кветак.

Самай значнай падзеяй кінапраграмы фестывалю стаў фільм Мікіты Міхалкова «Стомленыя сонцам», які ў 1995 годзе атрымаў Оскар. На ўваходзе ў кінатэатр стаяў натоўп, людзі пыталіся, ці няма лішняга білеціка.

Сярод яркіх гасцей фестывалю аказаўся амерыканскі акцёр Лейн Дэвіс, які выканаў ролю Мэйсана Кэпвэла ў тэлесерыяле «Санта-Барбара». Масы паклонніц ішлі за ім у пагоні за аўтографам.

Самым хадавым таварам на летнім культурным форуме было марожанае. У сярэднім за дзень госці з’ядалі па 13 тон салодкага халоднага ласунку.

На ўрачыстым закрыцці «Славянскага базару» ў паветра адначасова падняліся 2 тыс. паветраных шароў, шэсць мінут доўжыўся святочны феерверк.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю