За апошнія дзесяцігоддзі ў свеце адбыўся сапраўдны прарыў у лячэнні арытмій сэрца. Сёння для дапамогі людзям з такой паталогіяй выкарыстоўваюць ультрасучасныя тэхналогіі.
Чым тлумачыцца рост арытмій? Якія метады яе лячэння лічацца зараз самымі эфектыўнымі? У чым складанасць працы арытмолагаў і чаму іх часам параўноўваюць з Шэрлакам Холмсам? Абмеркавалі гэта з лекарам-кардыяхірургам, арытмолагам, рэнтгена-эндаваскулярным хірургам ангіяграфічнага кабінета ГКБ № 1 Мінска Дзімітрый Андрэйчыкам.

Анатомія захворвання
— Арытмія бывае рознай, — адразу ж спяшаецца ўнесці яснасць Дзімітрый Яўстаф’евіч. — Яна не заўсёды нясе пагрозу здароўю. Сэрца ў прынцыпе не павінна працаваць, як метраном. Пры нагрузцы, падчас стрэсу яно б’ецца часцей, у спакоі, на адпачынку — радзей. Для маладых людзей характэрна дыхальная арытмія — нармальная фізіялагічная асаблівасць, звязаная з працай вегетатыўнай нервовай сістэмы ў гэтым узросце. Але ўсё ж большасць арытмій — гэта паталогія з рознай ступенню пагрозы для жыцця. З-за некаторых можна памерці на працягу некалькіх хвілін, з іншымі жывуць дзесяцігоддзі.
— Што адрознівае арытмію, якая прадстаўляе пагрозу здароўю?
— Перш за ўсё нерэгулярны, няправільны рытм. Сэрца б’ецца нязвыкла, замірае, «трымціць». Па словах некаторых пацыентаў, «здаецца, быццам у грудзях нешта пераварочваецца». Часта гэты стан суправаджаецца трывогай, страхам. Чалавек адчувае: з ім нешта не тое. Усе арытміі дзеляцца на брадыярытміі, калі рытм сэрца становіцца занадта рэдкім, узнікаюць паўзы, і тахіарытміі, калі сэрца б’ецца значна часцей.
— Якія фактары прыводзяць да арытміі? Што яе правакуе?
— Ёсць прыклады прыроджаных анамалій. Сярод іх нярэдкі сіндром WPW (Вольфа-Паркінсана-Уайта). Арытміі могуць быць следствам перанесеных аперацый на сэрцы, захворванняў шчытападобнай залозы, хранічных запаленчых працэсаў, працяглай некампенсаванай артэрыяльнай гіпертэнзіі, сардэчнай недастатковасці і г. д. Неспрыяльна адбіваюцца на рытме сэрца курэнне, гарманальныя парушэнні, падвышаны індэкс масы цела, у шэрагу выпадкаў наступствы хіміятэрапіі. Асноўныя «крыніцы» самай распаўсюджанай у свеце мігацельнай арытміі (фібрыляцыі перадсэрдзяў), на думку спецыялістаў, знаходзяцца ў левым перадсэрдзі, у вобласці вусцяў лёгачных вен.

— Часам арытмолагаў параўноўваюць з Шэрлакам Холмсам. Гэта таму, што складана вызначыць прычыны, якія выклікалі арытмію?
— Высветліць прычыну як прыроджаных, так і набытых арытмій у шэрагу выпадкаў — задача з зорачкай. Так званая «ідыяпатычная арытмія» ўзнікае наогул без перадумоў, на фоне поўнага здароўя.
— Пасля пандэміі Covid-19 колькасць арытмій ўзрасла?
— У значнай ступені. Прычым у некаторых людзей, якія перахварэлі каранавіруснай інфекцыяй, мы выяўляем адразу некалькі розных арытмій. Сёння некаторыя даследнікі кажуць, напрыклад, аб пандэміі мігацельнай арытміі, настолькі многа людзей пакутуе ёю ва ўсім свеце. Навукоўцы не выключаюць, што існуюць нейкія іншыя, слаба вывучаныя фактары рэзкага росту гэтай паталогіі.
— Ці можна сказаць, што арытмія памаладзела?
— Мабыць, можна. Хоць збольшага гэта тлумачыцца найлепшай дыягностыкай. Зараз нярэдка сустракаеш 30-40-гадовых людзей з мігацельнай арытміяй. А раней яна была характэрна для ўзроставых пацыентаў.
— Якія даследаванні звычайна прызначаюць, каб усталяваць тып арытміі?
— Пачынаюць звычайна з ЭКГ (электракардыяграмы). Гэта скарбніца інфармацыі для нас, асабліва, калі ЭКГ знята падчас прыступу арытміі. Таксама пацыенты выконваюць УГД сэрца, якое выяўляе прыкметы арытміі, дазваляе вызначыць ступень яе верагоднасці. Традыцыйна прызначаюць халтэраўскае даследаванне, калі запісваецца ЭКГ за суткі (ці за трое, ці за тыдзень). У выпадку сумневаў хірургі-арытмолагі могуць падскурна імплантаваць пацыенту падзейны манітор, які запісвае кардыяграму на працягу года. Калі чалавек адчувае прыступ, ен націскае на кнопку, і прылада «вылучае» гэты эпізод. З дапамогай адмысловага камп’ютара мы аналізуем стан пацыентаў і выбіраем той ці іншы метад наступнага лячэння. Бывае, чалавек пачуваецца добра, але тым не менш у яго ёсць утоенае парушэнне рытму, якое лепш своечасова выявіць і купіраваць.
Падарыць новае жыццё
— Дзімітрый Яўстаф’евіч, якія метады лячэння арытміі лічацца сёння самымі эфектыўнымі?
— За апошнія 10-15 гадоў у свеце адбыўся сапраўдны прарыў у лячэнні арытмій. Раней кардыёлагі-тэрапеўты прызначалі прэпараты, якія душаць актыўнасць сэрца, і збоі рытму станавіліся радзей. Аднак прычыны паталогіі пры гэтым не ліквідаваліся. Акрамя таго, медыкаменты маюць шэраг пабочных дзеянняў, неспрыяльных для арганізма. Цяпер жа ўсё больш актыўна развіваюцца малаінвазіўныя хірургічныя метады лячэння арытмій. Без вялікіх разрэзаў, праз сасуды (часцей за ўсё сцегнавыя вены) мы заводзім спецыяльны інструментарый ўнутр сэрца. Самае навейшае абсталяванне, якім мы валодаем, дазваляе вывучыць сэрца знутры, максімальна дакладна вызначыць крыніцу арытміі, а затым адмысловым радыёчастотным токам «прыпячы» яе. Такія ўмяшанні называюцца радыёчастотнымі аблацыямі (РЧА). На сёння гэта самы эфектыўны спосаб лячэння арытмій у свеце.
— Але, акрамя РЧА, ёсць і іншыя метады лячэння арытмій?
— Так. Кожнаму пацыенту можна абраць аптымальны алгарытм дапамогі ў залежнасці ад асаблівасцяў яго паталогіі. Гэта можа быць крыяаблацыя, якая выкарыстоўвае нізкія тэмпературы для разбурэння паталагічных участкаў, а таксама лазерныя аперацыі, розныя тыпы прылад. Пры брадыярытміі, як правіла, імплантуюцца кардыёстымулятары. З дапамогай спецыяльных камп’ютараў-праграматараў мы задаем для кожнага пацыента свой рэжым стымуляцыі. Пры пагражаючых жыццю тахіарытміях, калі арганізм не можа справіцца з няправільным біццём сэрца, імплантуюць кардыявертары-дэфібрылятары, якія купіруюць прыступы. Людзям з выяўленай сардэчнай недастатковасцю усталёўваюць складаную прыладу з функцыяй рэсінхранізацыі. Тры электроды змяшчаюць у розныя ўчасткі сэрца і стымулююць так, каб яно скарачалася максімальна фізіялагічна, прымушаючы розныя камеры сэрца скарачацца сінхронна, як у здаровага чалавека. Такія прылады проста твораць цуды: сэрца пачынае сакрашчацца больш эфектыўна на 50-100 %.
— Але аперацыі ж не выключаюць рэцыдываў арытміі?
— Пры многіх відах арытміі мы гаворым аб эфектыўнасці РЧА каля 95-98%, гэта значыць практычна поўную адсутнасць прыступаў пасля аперацыі ўсё наступнае жыццё. У дачыненні да мігацельнай арытміі ў апошнія гады ўведзены тэрмін «брэмя арытміі». У людзей з фібрыляцыяй перадсэрдзяў часам і пасля аперацыі рытм сэрца зрываецца, але звычайна радзей, менш небяспечна; паляпшаецца якасць іх жыцця, вырастае яго працягласць. Нідзе ў свеце не гарантуюць поўную адсутнасць прыступаў пасля такіх умяшанняў, бо ўзнікаюць новыя крыніцы ўзбуджэння, і нармальным лічыцца выкананне паўторных РЧА.
— Якія абмежаванні накладаюцца на пацыентаў пасля імплантацыі розных прылад, пасля РЧА?
— Першыя 2 месяцы пацыентам з кардыёстымулятарамі трэба выконваць строгія медыцынскія прадпісанні, каб іншароднае цела нармальна прыжылося ў арганізме. Праз паўгода людзі, як правіла, цалкам вяртаюцца да свайго звычайнага жыцця. Ім дазволены практычна ўсе медыцынскія абследаванні, палёты на самалётах, карыстанне тэхнікай. Ёсць тыя, хто з кардыёстымулятарам займаецца спортам, нават бегаюць марафоны. Пасля РЧА пацыенты, у якіх раней на працягу дня некалькі разоў зрываўся рытм сэрца, і якія ставілі на сабе крыж, быццам нанава нараджаліся. Бланкінг-перыяд, гэта значыць час, неабходны сэрцу для аднаўлення, у гэтай катэгорыі доўжыцца ад 3 да 6 месяцаў. Такім пацыентам прызначаюць спецыяльныя прэпараты.

— Правіла «чым раней, тым лепш» дзейнічае ў дачыненні да лячэння арытміі?
— Звычайна пасля 2-3 эпізодаў «ненармальнага» сэрцабіцця пацыентаў накіроўваюць да нас. І як правіла, мы вырашаем апераваць. Калі адкладаць, то часцяком напластоўваюцца іншыя арытміі, развіваецца сардэчная недастатковасць, падае якасць жыцця, зніжаецца прагноз адносна эфектыўнасці РЧА. Пры прыроджаным сіндроме WPW, калі своечасова не прыбегнуць да хірургічнага ўмяшання, «наслаенне» мігацельнай арытміі можа прывесці да раптоўнай смерці.
— У чым заключаецца самадапамога для людзей, якія пакутуюць на арытмію?
— Ёсць арытміі, пры якіх заўсёды трэба мець з сабой «таблетку ў кішэні» на выпадак прыступаў. Таксама для іх купіравання рэкамендаваны спецыяльныя дыхальныя практыкаванні, так званыя «вагусныя пробы» (пробы Вальсальвы). Да самадапамогі я аднёс бы і барацьбу з лішняй вагой. Праведзеныя ў ЗША даследаванні паказалі: зніжэнне вагі значна паляпшае эфектыўнасць аперацый. У шматлікіх хірургічных цэнтрах могуць нават адмаўляць у аперацыі, пакуль пацыент не схуднее.
— Дзімітрый Яўстаф’евіч, які этап у вашай працы самы складаны?
— Працэс прыняцця канчатковага рашэння. Атрымліваючы з шматлікіх манітораў інфармацыю аб рабоце сэрца, трэба зразумець, які алгарытм дапамогі будзе аптымальным для канкрэтнага пацыента. Гэта як у шахматах. Прайграеш у розуме розныя хады і толькі потым дзейнічаеш. Кошт нашых памылак вельмі высокі: мы павінны дапамагчы чалавеку і пры гэтым пазбегнуць магчымых ускладненняў, верагоднасць якіх часам вельмі высокая. Кожнае сэрца індывідуальна. Вопытны спецыяліст здольны знайсці нестандартны, але бяспечны і эфектыўны шлях ліквідацыі паталогіі. Часам разважаеш доўга, а потым выконваеш усяго некалькі маніпуляцый, і крыніцы арытміі няма. Для пацыента пачынаецца новае жыццё.
Вольга Паклонская
Фота аўтара