Top.Mail.Ru

Патрабуецца жалезная дысцыпліна. І яе даручана забяспечыць неадкладна

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ падчас рабочай паездкі ў Асіповіцкі раён правёў сустрэчу з прадстаўнікамі трох раёнаў Магілёўскай вобласці: Асіповіцкага, Глускага і Бабруйскага. Размова датычылася тэм праведзенай у аўторак з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі бягучага года.


Непагадзь жніву не перашкода

Як расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, на палях рэгіёна пачалі не толькі ўборку збожжавых. Тут актыўна вядзецца корманарыхтоўка, кропкава ідзе ўзворванне пад сяўбу новага ўраджаю. «У цэлым гаспадаркі вобласці выходзяць на планавыя паказчыкі па комплексе сезонных работ. Аднак выяўляюцца сістэмныя праблемы, якія патрабуюць жорсткага рэагавання. У першую чаргу размова ідзе аб дысцыпліне. Асобныя кіраўнікі і спецыялісты не ў поўнай меры ўсведамляюць пастаўленыя задачы і нядбайна ставяцца да сваіх абавязкаў», — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Дзмітрый Крутой заўважыў, што для каардынацыі дзеянняў падчас уборачнай штодзень праводзяцца кропкавыя абласныя і раённыя селектары. На іх разбіраюцца пытанні, якія датычацца зернесушыльнай і зернеачышчальнай гаспадарак. Такімі комплексамі Магілёўская вобласць забяспечана ў поўнай меры, аднак ужо неабходна праграма па іх абнаўленні на найбліжэйшы час. «Цяперашні стан гэтых аб’ектаў дае магчымасць у поўным аб’ёме весці ўсе неабходныя работы. Максімальныя аб’ёмы збожжа, якія яны могуць прапускаць, — прыкладна 70 тысяч тон у дзень. Аб’ёмы ўборкі пры спрыяльным надвор’і — каля 50 тысяч тон у дзень, таму тут яшчэ ёсць пэўны запас. У рамках гэтага запасу мы аператыўна, як разабралі сёння на прыкладзе Асіповічаў, зможам перамяшчаць збожжа, каб мінімізаваць лагістычныя затраты і не спыняць працэс уборкі», — растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.


Асаблівасць рэгіёна падчас сёлетняй кампаніі — плюшчэнне зерня. «Гомель, Брэст займаюцца гэтым больш актыўна. Мы летась да гэтага толькі падступаліся, былі выдзелены фінансавыя рэсурсы на закупку такіх комплексаў, таму што гэта дае добры эфект у частцы кармлення жывёлы, будучых прыбаўленняў у вазе і надояў. Гэты элемент вельмі важны», — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. Усё абсалютна спакойна трэба планаваць на раённых узроўнях. «Гэта не першая наша ўборачная, калі ідзе дождж. Ёсць вопыт, усе тэхналогіі, каб у пэўныя дні ісці крыху меншымі тэмпамі, але ўборку не спыняць», — сказаў ён.

Яшчэ адна важная тэма — ураджайнасць рапсу. Гэта культура мае высокую маржынальнасць. «Сапраўды, ёсць гаспадаркі, якія маюць ураджайнасць 13 ц/га, а ёсць 30 ц/га ў межах аднаго рэгіёна і нават раёна ў гэтым выпадку (Асіповіцкі раён. — „Зв.“), — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Рапс — капрызная культура, але і самая маржынальная. Калі мы павялічваем пасевы, мяняем пасяўныя плошчы, то на выхадзе павінна быць эканоміка і эканамічная мэтазгоднасць. І спытаем за гэта сур’ёзна, таму што гэта грошы».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта абазначыў, што, калі гэтай культурай займацца як належыць, з захаваннем тэхналагічных рэгламентаў, — вынік будзе. Ніхто ніякіх сакрэтаў не хавае, аб спецыфіцы гэтай культуры гавораць на рэспубліканскіх і абласных семінарах. «Тыя, хто хацеў вучыцца, на працягу года атрымалі нармальны вынік. 30 ц/га для рапсу ў нашых умовах, на нармальных землях з добрай бальнасцю — гэта сярэдні вынік», — падсумаваў ён. 


Рэжым уборачнай — жорсткі, мабілізацыйны

Як адзначыў Дзмітрый Крутой, у час селектара кіраўнік дзяржавы ўзняў шэраг важных пытанняў, у тым ліку — жалезнай дысцыпліны на месцах. Прэзідэнт увёў самы жорсткі, мабілізацыйны рэжым правядзення ўборачнай. «І задача нумар адзін бягучага года, бягучага моманту — убраць без страт той добры ўраджай, які сёння вырашчаны нашымі аграрыямі, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — На жаль, органамі, якія кантралююць, і сілавымі ведамствамі на селектары агучаны шматлікія факты абуральнай безгаспадарчасці і бардаку, якія не проста недапушчальныя, а з’яўляюцца адкрыта злачыннымі».

Сярод такіх фактаў — крадзеж запчастак, паліва, хабары, прыпіскі, негатоўнасць тэхнікі, страты збожжа, нежаданне замацаваных асоб працаваць на трактары або камбайне, негатоўнасць зернесушыльных комплексаў.

«Ва ўмовах асаблівых капрызаў надвор’я, якія мы назіраем, патрабуецца жалезная дысцыпліна, якую даручана забяспечыць неадкладна. Учора адпаведныя мерапрыемствы ўжо былі праведзены са сваімі службамі міністрам унутраных спраў і міністрам па надзвычайных сітуацыях, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Сёння падчас размовы з міністрам абароны Прэзідэнт даручыў аператыўна падрыхтаваць месцы і віды работ, на якіх будуць задзейнічаныя нядбайныя, работнікі, якія праштрафіліся, несуны, п’яніцы і гультаі. У кожным раёне рэспублікі старшыня раённага выканаўчага камітэта сумесна з мясцовым ваенкамам і кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў вызначаць спісы такіх работнікаў, аб якіх учора гаварылася, і яны будуць паступаць у распараджэнне Міністэрства абароны».

Якім будзе фармат гэтай работы — ваенна-выхаваўчыя вучэнні, зборы, — рашэнне прыме міністр абароны. Працягласць — два-тры месяцы. Менавіта столькі доўжыцца ў краіне жніво. Абмежаванняў па ўзросце не будзе. «Ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, работа, на якой ён знаходзіўся, або нейкія абмежаванні па здароўі, якія датычацца звычайнай прызыўной кампаніі, тут не будуць дзейнічаць. Гэта будуць асобныя ўмовы і асобныя крытэрыі», — сказаў Дзмітрый Крутой.


Як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, спачатку пройдуць інструктажы і падрыхтоўка, а пасля адбудзецца накіраванне да месца дыслакацыі. І калі можа падацца, што такая камандзіроўка стане магчымасцю адсядзецца ці схавацца — гэта не так. З улікам таго, што адбываецца на знешніх рубяжах, беларускія ваенныя, пагранічнікі і сілы спецыяльных аперацый знаходзяцца ў рэжыме павышанай гатоўнасці. «У арміі, як сказаў наш міністр, акрамя ваеннай падрыхтоўкі і непасрэдна ваенных дзеянняў і маніпуляцый, ёсць вельмі шмат гаспадарчай, бытавой работы. Будзе элемент фізічнай падрыхтоўкі, таму дакладна гэтым людзям будзе чым заняцца, яны прынясуць грамадскую карысць», — падкрэсліў ён.

Адказнымі за гэту работу будуць старшыня райвыканкама, ваенкам і кіраўнік гаспадаркі. Як падкрэсліў Дзмітрый Крутой, тут нельга нікога прыкрываць. «За арганізацыю ўборкі ў вобласці адказвае старшыня аблвыканкама, гэта Прэзідэнт учора дакладна абазначыў, а старшыня райвыканкама — цэнтральнае звяно на месцы. Калі не спрацуе раён, адказваць давядзецца яму», — адзначыў ён.

«Службаў, якія прадстаўляюць інфармацыю ў штодзённым аператыўным рэжыме, у нас дастаткова. Таму ўсе зводкі і даведкі кожную раніцу кладуцца на стол Прэзідэнту ў разрэзе абласцей, раёнаў, а недзе і буйных арганізацый. Хаваць што-небудзь — дарэмна», — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Крутой.

Паводле слоў ваеннага камісара Магілёўскай вобласці Максіма Уласава, ужо праведзены нарады пад кіраўніцтвам міністра абароны, зацверджаны графікі работы. «І літаральна ўжо з суботы ваенныя камісары ва ўсіх рэгіёнах выязджаюць непасрэдна ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, працуюць у цесным узаемадзеянні са старшынямі раённых выканаўчых камітэтаў па вызначэнні гэтай катэгорыі грамадзян, — сказаў ён. — І калі некаторыя думаюць, што на зборах яны будуць адчуваць сябе як на курорце, яны, вядома ж, памыляюцца».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю