У культавым савецкім мультфільме пра Чабурашку і Кракадзіла Гену шкодная старая Шапакляк пераследуе іх на даху «блакітнага вагона». Туды ж пазней перамяшчаюцца і астатнія галоўныя героі. Чым, скажыце, не ветэраны зачэперскага руху? Выглядае пацешна, але, калі сур’ёзна, варта было б напісаць, што гэта небяспечна для жыцця, як і ў выпадку з цыгарэтамі ці алкаголем. Таму што зачэпінг застаецца адной з галоўных прычын траўматызму і гібелі дзяцей на чыгунцы, якая і без таго з’яўляецца крыніцай павышанай небяспекі.
Высокая цана забавы
Рашэнне трох падлеткаў «асядлаць» дызель-поезд, які ехаў з Гродна ў Брузгі, спантанным не назавеш. Як законапаслухмяныя пасажыры яны купілі ў касе білеты і селі ў яго. А калі ён спыніўся на станцыі Гібулічы, хлопцы перайшлі ў хвост саставу, каб залезці на яго аўтасчэпнае прыстасаванне. Цягнік крануўся, і памочнік машыніста заўважыў звонку падазроныя постаці. Поезд прыйшлося экстранна спыніць. 15-гадовага хлопца знялі з аўтасчэпкі і перадалі супрацоўнікам РАУС Гродзенскага райвыканкама. Двое яго 14-гадовых таварышаў уцяклі, аднак іх асобы неўзабаве былі ўстаноўлены.
Падобныя інцыдэнты адбываюцца рэгулярна і, на жаль, далёка не заўсёды заканчваюцца добра. Звернемся да фактаў, супраць якіх, як кажуць, не папрэш.
Так, у першай палове 2025 года ў Беларусі было зафіксавана два злачынствы на транспарце з удзелам непаўналетніх. Шэсць падлеткаў атрымалі траўмы на чыгунцы, чацвёра з іх загінулі. Асноўная прычына — спробы пракаціцца на знешніх канструкцыях вагонаў.
У красавіку мінулага года двое падлеткаў з Мінска залезлі на дах вагона электрацягніка. Падчас руху 17-гадовы хлопец атрымаў удар электрычнага току ад кантактнай сеткі — магутны разрад скінуў яго з даху на зямлю. З цяжкімі траўмамі яго даставілі ў бальніцу.
Праз некалькі месяцаў на станцыі Масюкоўшчына затрымалі яшчэ аднаго 17-гадовага мінчаніна, які ехаў на счэпным прыстасаванні электрацягніка. Юнак прызнаўся, што ўбачыў такі трук у інтэрнэце і вырашыў паўтарыць. А двума тыднямі раней на станцыі Трактарны двое падлеткаў таксама залезлі на счэпку электрычкі — іх заўважыў машыніст. Бацькі школьнікаў атрымалі пратаколы за неналежнае выхаванне. У мінулым годзе ў выніку менавіта такіх «забаў» былі цяжка траўміраваны двое непаўналетніх.
Ужо ў чэрвені 2026-га ў Мінскім раёне міліцыя ўстанавіла асобы двух падлеткаў, якія ўвечары ехалі звонку электрычкі, зачапіўшыся за знешнія канструкцыі.
Любіш паганяць — любі і каня гадаваць
Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС Віталь ЯКУБОЎСКІ, Міністэрства ўнутраных спраў на сістэмнай аснове прымае арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на папярэджанне і спыненне правапарушэнняў на аб’ектах чыгуначнай інфраструктуры:
— У студзені — жніўні 2026 года была зарэгістравана 31 заява і паведамленне аб фактах самавольнага праезду ў грузавых цягніках, пасадкі ў цягнік або высадкі з яго падчас руху, праезду на падножцы або даху вагона. Для параўнання, за аналагічны перыяд 2025 года такіх фактаў было 40. Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі асобы 26 грамадзян, якія маюць дачыненне да ўказаных правапарушэнняў, сярод іх — 11 непаўналетніх.
Не спакушайце лёс
У гэтым годзе з мэтай прафілактыкі траўматызму і папярэджання фактаў праезду грамадзян звонку вагонаў супрацоўнікі органаў унутраных спраў арганізавалі больш за 8,5 тысячы выступленняў у працоўных калектывах і ўстановах адукацыі, апублікавалі 763 матэрыялы ў сродках масавай інфармацыі. У летні перыяд адбылося 926 выступленняў у аздараўленчых лагерах, у ходзе якіх даводзілася інфармацыя аб адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў, якія ствараюць пагрозу жыццю саміх падлеткаў і бяспечнаму руху чыгуначнага транспарту.
— Зачэпінг — не проста дзіцячае свавольства. Падлетак, які вісіць на знешняй частцы саставу, сутыкаецца з цэлым наборам смяротных пагроз: падзенне пад колы на хаду, сутыкненне з пуцявымі аб’ектамі, паражэнне токам на электрыфікаваных участках, апёкі ад нагрэтых тармазных рэзістараў, — пералічыў існуючыя рызыкі такіх «забаў» Віталь Якубоўскі.— Трэба ўдзяляць больш увагі прафілактыцы такіх небяспечных захапленняў і бацькам. Яны павінны кантраляваць, што дзеці глядзяць у інтэрнэце.
Ягор ЧУРЫК