У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася імерсіўная імпрэза «Партал. Сувязь пакаленняў», у якой бралі ўдзел вядомыя беларускія пісьменнікі, студэнты і выкладчыкі БДАМ, моладзь. На нейкі час падалося, што літаратурныя героі сапраўды сышлі з кніжных старонак: настолькі артысты-пачаткоўцы пранікліся тэмай Вялікай Айчыннай вайны...
Дзея была пабудавана такім чынам, што атрымалася не нейкая сухая справаздача з фактамі, а сапраўдны спектакль, які складваўся ў адзіны пазл з даволі ўдала падабраных твораў на важную і праз 80 гадоў тэму. У зале прысутнічалі аўтары некаторых з іх, таму гледачы маглі даведацца, як у літаратараў нарадзілася ідэя напісаць аб вайне менавіта так.
Урачысты настрой мерапрыемству задаў верш Пімена Панчанкі «Герой». І ўсё ж адной з самых відовішчных пастановак на сцэне стаў урывак са спектакля «Маладая гвардыя». «Я добра памятаю свае школьныя гады. Расповед пра Вялікую Айчынную вайну лічыўся краевугольным каменем, на якім і будуецца выхаванне асобы, — згадвае грамадскі дзеяч і пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка. — Нам не трэба было тлумачыць, хто такія Алег Кашавы, Ульяна Громава... Мы ведалі, як пасля кожнага допыту Алег Кашавы сівеў, хоць яму было толькі 16. І на казнь ён ішоў ужо цалкам сівы. Яны разумелі, што хутчэй за ўсё загінуць, але змагаліся да канца, верылі ў перамогу. Раман Аляксандра Фадзеева аб сапраўдных людзях, на якіх хацелася быць падобнымі. Калі чытаў, таксама задаваўся пытаннем, а як бы я зрабіў на іх месцы, ці знайшоў бы ў сабе сілы вытрымаць, калі б у мяне на спіне выразалі пяціканцовую зорку?» Вячаслаў Бандарэнка перакананы, што варта задаваць сабе менавіта няпростыя пытанні.
Прысутных зачапіла і пранікнёнае «ажыўленне» гісторыі, якую распавёў у сваім творы «Дзве мамы» Навум Гальпяровіч. «Гэтае апавяданне напісана сапраўды з жыцця, я сам ведаў сям’ю доктара, у якога было дзве маці, — расказаў аўтар. — Вы толькі ўявіце, якую мужнасць патрэбна было праявіць 18-гадовай дзяўчыне, якая выхоўвала яўрэйскага хлопчыка як свайго сына, нягледзячы на пагрозу растрэлу ў выпадку выкрыцця і сутыкаючыся з асуджэннем за нібыта „нагулянае“ дзіця. Гэтым творам я хацеў паказаць гераізм у жыцці, як, дзякуючы сіле духу чалавека, з’ядналіся два народы. А фашызм — гэта калі забіваюць толькі за тое, што людзі іншай нацыянальнасці, і пра гэта трэба памятаць...»
У Акадэміі мастацтваў рыхтуецца да пастаноўкі п’еса «Юрка, ты?..» аўтара сцэнарыя і аднаго з арганізатараў імерсіўнай імпрэзы Таццяны Сівец, публіцыста і драматурга. Яна распавяла, што на гэты твор натхніў любімы дзядуля. Падчас вайны ён дайшоў да Берліна... «Дзядуля не любіў расказваць пра вайну, ён быў самым добрым і чулым чалавекам. Павесіў для мяне арэлі, каб я расла ў шчасці і адчувала з дзяцінства, што такое палёт, — згадвае Таццяна Сівец. — Калі дзядуля памёр, нейкія людзі скралі яго ўзнагароды. І боль ад гэтай падзеі прымусіў мяне напісаць твор пра тое, як маладзёны збілі ветэрана і забралі яго медалі, бо для іх гэта быў проста сродак атрымання грошай. Яны не разумелі, якой цаной гэтыя „цацкі“ яму дасталіся, бо іх бацькі залішне аберагалі іх...»
Падчас свайго выступлення Міхась Пазнякоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, прызнаўся, наколькі яго расчулілі выступленні маладых артыстаў на сцэне. «Вы па-сапраўднаму перадалі дух мужнасці, вернасці, патрыятызму, якім жылі людзі таго часу... 80 гадоў мы ўжо не ведаем вайны. Гэта самае вялікае багацце, якім мы павінны ганарыцца і якое павінны берагчы». Міхась Пазнякоў пажадаў моладзі як мага часцей чытаць вялікую літаратуру, якая сапраўды выхоўвае сыноў і дачок Беларусі, і выказаў меркаванне, што ваенныя творы пішуцца для будучых пакаленняў, ад якіх і залежыць лёс нашай краіны.
Рэжысёр, дэкан тэатральнага факультэта БДАМ Наталля Башава адзначыла важнасць мерапрыемства для выхавання ў моладзі павагі да свайго мінулага, да сваёй культуры і літаратуры, і паабяцала, што цыкл сустрэч, на якіх гледачы змогуць пабачыць увасабленне твораў найлепшых айчынных аўтараў і паўдзельнічаць у іх абмеркаванні, абавязкова прадоўжыцца.
Фота Кастуся ДРОБАВА