Top.Mail.Ru
236

Калі ў Беларусі завершаць уборку бульбы, цукровых буракоў і кукурузы, расказаў міністр

Калі беларускія аграрыі завершаць уборку бульбы, цукровых буракоў і кукурузы, расказаў журналістам па выніках даклада кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, перадае БелТА.

«Сёння мы працягваем убіраць бульбу. Літаральна да 20 кастрычніка завершым. Працягваем убіраць і цукровыя буракі, падыходзім да паловы. І, як заўсёды, мы плануем завяршыць іх уборку ў аптымальныя тэрміны — да 7-10 лістапада. Акрамя таго, сёння ўжо ўбрана 60 % кукурузы на сілас. Нам засталося ўбраць 40 % кукурузы, да 1 лістапада мы гэту работу завершым», — сказаў Юрый Горлаў.

Паводле яго слоў, плануецца нарыхтаваць сёлета 20,6 млн т кукурузнага сіласу. «Таксама мы нарыхтоўваем сянаж. Гэта, як правіла, бабовыя травы, якія трэба пакасіць да 10-15 кастрычніка. Мы забяспечваем у поўным аб’ёме тую патрэбу ў сіласе і сенажы, якая неабходна для нашай жывёлагадоўлі. У цэлым, па кармах мы плануем выйсці на 33 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву. У гэтым годзе мы забяспечым кармоў больш, чым у мінулым», — падкрэсліў міністр.

Таксама завяршаецца прасаванне лёну. «У лічаныя дні мы завершым гэту работу, застанецца задача на некалькі дзён звезці лён. Ставілася задача ў 180 тыс. т ільнотрасты — і мы нарыхтуем гэтыя аб’ёмы, перапрацуем на нашых ільнозаводах і паставім неабходны аб’ём ільновалакна на перапрацоўку на Аршанскі льнокамбінат», — адзначыў кіраўнік Мінсельгасхарча.

Асобнай тэмай даклада стала работа стабілізацыйных фондаў. «Забеспячэнне насельніцтва агароднінай, бульбай — найважнейшая задача нашай дзяржавы. Сёлета стабілізацыйныя фонды перафарматавалі ў дзяржзаказ, і сёння вытворцы садавінаагароднінай прадукцыі і бульбы абавязаны паставіць той аб’ём, які неабходны для нашага насельніцтва. Праведзена вялікая работа сумесна з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прыняты адпаведныя нарматыўныя дакументы, пасеяна неабходная колькасць агародніны, бульбы», — сказаў Юрый Горлаў.

Міністр таксама прывёў прыклады з лічбамі. «Для задавальнення патрэбнасцяў насельніцтва праз гандлёвыя сеткі і сацыяльныя аб’екты нам неабходна 59 тысяч т бульбы, а мы вырошчваем 1 млн т. Гэта літаральна 6 працэнтаў ад аб’ёму вытворчасці. Такая ж сітуацыя і па астатняй агародніне, па баршчавым наборы — моркве, капусце, цыбулі, сталовых бураках. Ад 12 да 42 працэнтаў мы закладваем у дзяржзаказ ад вытворчасці ўсёй агародніннай прадукцыі», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, з яблыкамі сёлета сітуацыя крыху больш складаная, чым летась. «З-за замаразкаў у маі мы недаатрымаем той ураджай, які планавалі. Але 27 тысяч тон яблыкаў лёжкіх сартоў патрабуюцца па дзяржзаказе, а ў нас у гэтым годзе маецца 40 тыс. т. Гэта значыць, айчыннымі яблыкамі закрываецца той аб’ём, які неабходны для дзяржзаказу. Мы не гаворым пра тое, што гэтым будзем абмяжоўвацца. Умоўна, у нас больш за 50 % яблыкаў лежкіх сартоў вырабляецца ў Брэсцкай вобласці, вядома ж, адтуль іх будуць пастаўляць у іншыя рэгіёны. Могуць завозіць і невялікі аб’ём імпарту, які таксама будзе прысутнічаць на нашых прылаўках», — абазначыў кіраўнік Мінсельгасхарча.

«Пытанне па стабілізацыйных фондах мы з міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю трымаем практычна штодня на кантролі. Таму турбавацца наконт таго, што на прылаўках нашых магазінаў будзе адсутнічаць тая ці іншая прадукцыя, абсалютна няма чаго. Прадукцыя ёсць у кратных памерах. Цэны вызначаны Мінсельгасхарчам, МАРГ узгадніла іх. Гэта тыя аптымальныя, адэкватныя цэны, якія складаюцца на рынку сёння», — зрабіў акцэнт Юрый Горлаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю