Калі ў Беларусі шырока ўвядуць плацяжы з дапамогай QR-кода, расказаў журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў на палях Міжнароднага форуму па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях «БАНКІТ-2025», перадае БелТА.
«Калі казаць пра развіццё лічбавізацыі ў банкаўскім сектары, то, вядома, першае, на што неабходна рабіць упор (і мы працягваем гэта рабіць), — павелічэнне долі безнаяўных плацяжоў. У бягучы момант у нас гэта доля складае менш за 70 %, калі, дапусцім, у Расійскай Федэрацыі яна ўжо набліжаецца да 90 %. Трэнд заўсёды быў на павышэнне долі, але трэба паскорыць дадзены працэс, каб мы наблізіліся да 80 % у сярэднетэрміновай перспектыве. Гэта зніжае выдаткі ў эканоміцы, памяншае ценявы сектар эканомікі, што ў сваю чаргу прывядзе да пэўнага паскарэння ВУП і паскарэння напаўнення падаткамі нашага бюджэту», — сказаў Аляксандр Ягораў.
Першы кірунак работы — гэта ўкараненне QR-плацяжоў. «На наш погляд, увядзенне такіх плацяжоў у любым пункце, як у звычайным магазіне, так і ў індывідуальнага прадпрымальніка, дазволіць павялічыць долю безнаяўных плацяжоў. Бывае, чалавек прыходзіць на нейкі пункт, а там эквайрынгавае абсталяванне не працуе. Наша задача цяпер — укараніць тэхналогію, якая незалежна ад эквайрынгавага абсталявання дазволіць у любым пункце Беларусі прымаць плацяжы», — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Паводле яго слоў, гэта, па сутнасці, сістэма імгненных плацяжоў, калі без выкарыстання карт напрамую з рахунку кліента грошы будуць спісвацца і пералічвацца на разліковы рахунак юрыдычнай асобы альбо індывідуальнага прадпрымальніка. «Пілот мы запускаем да канца гэтага года ў некаторых гандлёвых сетках і з некаторымі банкамі. Пакуль мы прыцягваем толькі тыя банкі, якія ўжо ў свой мабільны дадатак укаранілі сэрвіс сканавання гэтых QR-кодаў. Дамовіліся з Міністэрствам па падатках і зборах, каб сумесную пастанову для буйных гандлёвых сетак аб абавязковым укараненні гэтага сэрвісу зрабіць да сярэдзіны 2026 года, то-бок да 1 ліпеня», — анансаваў Аляксандр Ягораў.
«Мы выкарыстоўваем тую сістэму, якая ёсць, — сістэму імгненных плацяжоў, проста яе дапрацоўваем пад QR-коды. Тут у нас працуюць дзве арганізацыі — гэта НКФА „АРІП“, якая забяспечвае тэхналогію правядзення плацяжоў, і Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр, які будзе забяспечваць інфраструктуру і клірынг гэтых плацяжоў паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі», — растлумачыў ён.
Акрамя таго, цяпер у Беларусі займаюцца дапрацоўкай тэхналогіі для ІП, якая не запатрабуе прывязкі да эквайрынгу, касавага абсталявання. «Дастаткова будзе проста раздрукаваць QR-код або адлюстраваць яго ў дадатку для суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і ажыццяўляць плацяжы. Таму, калі мы хутка дапрацуем гэту тэхналогію, цалкам магчыма, у сярэдзіне наступнага года яна таксама будзе ўкаранёна», — пазначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Другі важны кірунак — гэта лічбавы беларускі рубель. «Тут у нас задача стаіць менавіта па кантролі расходавання бюджэтных грошай. Каб усе бюджэтныя грошы ў канчатковым выніку круціліся ўнутры контуру лічбавага беларускага рубля і па мінімуме пераходзілі ў наяўны абарот», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Ягораў.