Вясна нарэшце ўступае ў свае правы. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, на гэтым тыдні слупкі тэрмометраў паднімуцца вышэй за 20 °C. У пятніцу і ўвогуле абяцаюць да плюс 26 °C. У сувязі з гэтым пачалі адключаць ацяпленне.
Як вядома, у нашай краіне такое рашэнне прымаюць мясцовыя ўлады. Адключэнне ацяплення ў жылых дамах адбываецца пры ўмове, што сярэднесутачная тэмпература паветра на двары на працягу трох сутак запар складае плюс 8 °C. Для бальніц, дзіцячых садкоў і школ гэты паказчык павінны перавышаць плюс 10 °C.
Першымі адпаведнае рашэнне прынялі ў Гродна. Батарэі там пачалі халаднець з раніцы 15 красавіка, паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага гарвыканкама. У гэты дзень вырашылі завяршыць ацяпляльны сезон і ў Брэсце. У першую чаргу будзе спынена падача цяпла ў грамадскія і адміністрацыйныя будынкі, прамысловыя арганізацыі.
Абласная аператыўная група рэкамендавала завяршыць ацяпляльны сезон на Віцебшчыне. Умовы надвор’я гэта дазваляюць, аднак у тэрытарыяльных аператыўных групах, як адзначылі ў абласным упраўленні ЖКГ, рашэнні прымаюць індывідуальна, зыходзячы з кліматычных асаблівасцяў пэўнага раёна. «Калі сярэднесутачная тэмпература паветра будзе апускацца ніжэй за 8 градусаў цяпла, то пастаўшчыкі цеплаэнергіі могуць увесці рэжым прапальвання на аб’ектах сацыяльнай сферы», — растлумачылі камунальнікі.
Як паведамілі ў Гомельскім гарвыканкаме, 16 красавіка ацяпленне адключаюць у прамысловых і іншых арганізацыях, грамадскіх і адміністрацыйных будынках. У жыллёвым фондзе — з 17 красавіка
Рыхтуюцца да адключэння ацяплення і на Міншчыне. Напрыклад, Мядзельскі раён размешчаны на паўночным захадзе Мінскай вобласці. Раённы выканаўчы камітэт гэтай мясцовасці падрыхтаваў рашэнне аб завяршэнні ацяпляльнага сезона. Адключэнне ацяплення будзе праходзіць у два этапы.
З 16 красавіка сістэмы ацяплення адключаюць у прамысловых і іншых арганізацыях, грамадскіх і адміністрацыйных будынках, агульнагарадскіх лазнях, установах адукацыі (за выключэннем школьных і дзіцячых дашкольных устаноў), інтэрнатах і ў жыллёвым фондзе.
А з 18 красавіка батарэі стануць халоднымі ў гасцініцах, бібліятэках, дзяржаўных архівах, музеях, установах сацыяльнага забеспячэння, медыцынскіх і лячэбна-прафілактычных установах, школьных і дзіцячых дашкольных установах адукацыі і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.
У абласным упраўленні ЖКГ адзначылі, што адразу пачнецца падрыхтоўка жылога фонду да наступнага асенне-зімовага сезона. На працягу чатырох месяцаў будуць ажыццяўляцца гідраўлічныя і тэмпературныя выпрабаванні цепласетак, праверка трубаправодаў, каналізацыі і электрасеткі, тэставанне абсталявання для таго, каб не было збояў у наступны ацяпляльны сезон .
Фота БелТА