Па ініцыятыве нацыянальнага прафцэнтра ўсе галіновыя прафсаюзы ўключыліся ў правядзенне салідарнай кампаніі па аказанні дадатковай падтрымкі працоўным калектывам Віцебскай вобласці.
«На сёння паўночны рэгіён нашай краіны вырашае сур’ёзныя задачы па далейшым развіцці і ўдасканаленні работы прадпрыемстваў розных галін. У гэтай сітуацыі прафсаюзная дапамога ў першую чаргу накіравана на стварэнне больш камфортных умоў працы — бо ў многім ад гэтага залежыць матывацыя і рэзультатыўнасць работы», — адзначылі ў прэс-службе ФПБ.
У прыватнасці, пры садзейнічанні прафсаюзаў у шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый паляпшаюцца санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў малочнатаварных ферм, закупляюцца сучасныя медыцынскія аптэчкі ў транспарт, які задзейнічаны ў веснавых палявых работах. Ва ўсіх раённых і гарадскіх шматпрофільных прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці прафсаюзы абсталююць неабходнай тэхнікай пакоі прыёму ежы, сушылкі для адзення і іншыя бытавыя памяшканні. Такая дапамога будзе аказана і шэрагу прадпрыемстваў сфер гандлю, энергетыкі, лясной гаспадаркі. А прадстаўнікі калектываў будаўнічай галіны атрымаюць дадатковыя тэхнічныя сродкі для бяспечнай і камфортнай працы.
Асобная ўвага будзе ўдзелена прафсаюзам сацыяльным аб’ектам і ўстановам Віцебшчыны. Гэта дапамога ў набыцці спартыўнага і гульнявога абсталявання ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і спартшколы, бытавой тэхнікі для сацыяльных і адукацыйных устаноў. Значная падтрымка аказваецца і ўстановам аховы здароўя.
«Акрамя таго, для павышэння якасці падрыхтоўкі маладых спецыялістаў у шэраг каледжаў вобласці пры падтрымцы ФПБ і галіновых прафсаюзаў будзе пастаўлена новае навучальнае і дапаможнае абсталяванне — ад інтэрактыўных сэнсарных сістэм да лабараторных стэндаў і навучальных трэнажораў», — расказалі ў прэс-службе ФПБ.
У цэлым гэта салідарная прафсаюзная кампанія строга не абмежавана па часе. У яе рамках прадстаўнікі прафсаюзаў таксама прымуць удзел у навядзенні парадку на тэрыторыі шэрагу прадпрыемстваў.
Алена КРАВЕЦ