У Вялікім тэатры Беларусі 12 лютага прайшоў Вечар беларускай культуры, на якім гасцям паказалі калекцыю ручнікоў, паведамляе БелТА.
Інтэрактыўная выстава разгарнулася ў фае бельэтажа тэатра перад паказам нацыянальнай оперы Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда». У рамках творчага праекта «Год жанчыны ў Вялікім» тэатральная прастора ператварылася ў музей: былі прадстаўлены ручнікі, наміткі (галаўныя ўборы з ільнянога палатна складанай канструкцыі) і паясы — прадметы ткацтва, якія захавалі ў сабе характар і душу беларускай жанчыны. Усе экспанаты прадстаўлены з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры. Дарэчы, у рамках вечара прайшоў майстар-клас па завязванні наміткі.
Як расказаў кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука, выстава праводзіцца ўсяго адзін дзень.

«Мы вельмі рады сустрэчы з гледачамі, тымі, хто прыйшоў на выдатны спектакль. Усе ручнікі з нашай падборкі — традыцыйныя для кожнага кутка Беларусі, але кожны заслугоўвае асобнай ўвагі, бо сабраў у сабе нашы сямейныя, культавыя традыцыі і нашу нацыянальную спадчыну. Нават цяпер у іх ёсць нешта запаветнае, каштоўнае. Ручнік суправаджае нас усё жыццё, думаю, што выстава раскрыла гэта і паказала больш дэталёва. Таксама нам удалося паказаць спосабы павязвання наміткі», — падзяліўся ён.
Старшы навуковы супрацоўнік цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марыя Віннікава ў час лекцыі растлумачыла, што ручнікі былі вельмі розныя.
«Традыцыя стварэння ручнікоў пастаянна развівалася, напрыклад, на ўзорах ХХ стагоддзя можна было ўбачыць чорны колер. У Заходняй Беларусі доўгі час захоўваліся архаічныя традыцыі: і на бытавы тэкстыль, і на касцюм. Таму ў вырабах адтуль не выкарыстоўвалі складаных тэхнік ткацтва. Аднак пры параўнанні можна знайсці нешта агульнае ва ўсіх ручніках Беларусі — кампазіцыю», — звярнула ўвагу эксперт.
Расказала Марыя Віннікава і пра розныя традыцыі. Напрыклад, замужнія жанчыны завязвалі ручніком валасы, распускаць іх было не прынята.
«Як толькі дзяўчына выходзіла замуж, ёй мянялі, па-першае, яе прычоску, а па-другое, галаўны ўбор, без якога яна ўжо не магла паказацца на людзях. Ручнікі вешалі на абразы і маліліся перад імі. Адзін з ручнікоў застаўся нам з Гомельшчыны. У жыцці людзей была не толькі радасць, але і гора, таму на такіх ручніках апускалі людзей у труну, а на Палессі іх вешалі на магільныя крыжы», — прывяла прыклады старшы навуковы супрацоўнік.