У Беларусі стартаваў маштабны агульнанацыянальны промапраект «Калегі па Амезе», накіраваны на папулярызацыю і прасоўванне расавага алею. З 10 сакавіка па 30 красавіка акцыі і дэгустацыі пройдуць у розных гандлёвых сетках для дэманстрацыі яго карысці і высокай якасці. А вось спажыўцы ў Ізраілі беларускі прадукт ужо ацанілі — сёлета толькі ад паставак на рынак гэтай краіны айчынныя вытворцы плануюць атрымаць каля 10 мільёнаў долараў.
Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана КАРАТКЕВІЧ адзначыла, што на тэрыторыі Беларусі прадаецца толькі айчынны рапсавы алей.
— Па выніках 2025 года наш спажывец усё часцей купляе рапсавы алей. Так, вядома, ён яшчэ не такі папулярны, як усім вядомы сланечнікавы, але рэклама рапсавага алею ў Беларусі зрабіла сваю справу. Па сваіх якасных характарыстыках ён ніколькі не ўступае сланечнікаваму і выкарыстоўваецца гаспадынямі пры прыгатаванні як салат, так і для смажання.
Аб’ём рэалізацыі рапсавага алею павялічаны да 15 працэнтаў на паліцы ў тым ліку і дзякуючы аналагічнаму промапраекту, які праводзіўся летась. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю з’яўляецца афіцыйным партнёрам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» па папулярызацыі рапсавага алею ўнутры краіны з улікам падтрымкі буйных гандлёвых аператараў і рытэйлераў. Пасля таго, як была запушчана праграма па прасоўванні рапсавага алею на тэрыторыі Беларусі, з’явілася і афіцыйна зарэгістраваная сацыяльная рэклама, якая прасоўвае не канкрэтнага вытворцу, а сам прадукт з яго карыснымі ўласцівасцямі і якаснымі характарыстыкамі.
Святлана Караткевіч падзялілася, што і сама выкарыстоўвае рапсавы алей пры прыгатаванні страў дзякуючы яго ўласцівасцям. Ён утрымлівае асноўныя інгрэдыенты, якія неабходныя любому чалавеку: амега-3, амега-6, вельмі шмат поліненасычаных тлустых кіслот, вітамін Е.
— Мне падабаецца, бо ён не адрозніваецца па смакавых якасцях ад ужо ўсім вядомых брэндаў таго ж сланечнікавага алею. Вядома, ва ўсіх свае смакавыя перавагі, але паспрабаваць варта для таго, каб параўнаць, — прапанавала Святлана Караткевіч.
Як паведаміў намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар ГРУЦА, прадпрыемствы алейнатлушчавай галіны Беларусі летась прадалі на ўнутраны рынак каля 7,5 тысячы тон рапсавага алею. У параўнанні з 2024 годам назіраецца значны прырост. У пачатку 2026-га таксама адзначаецца рост продажу айчыннага алею на ўнутраны рынак.
— З промапраектам «Калегі па Амезе» мы дэбютавалі год таму, а цяпер прынята рашэнне зрабіць яго традыцыйным і, адпаведна, паспрабаваць палепшыць штосьці яшчэ ў параўнанні з тым, што мы назіралі летась. Па выніках мінулага года галоўнай высновай стала тое, што ўпор на больш агрэсіўнае прасоўванне, выкарыстанне новых маркетынгавых механізмаў дазваляе значна павялічыць продажы. Калі летась мы асцярожнічалі і асцерагаліся, то цяпер ужо больш адкрыты да супрацоўніцтва з гандлёвымі сеткамі, — адзначыў Ігар Груца.
Ацанілі беларускі бутыляваны рапсавы алей у Ізраілі. Пастаўкі туды ажыццяўляюцца не першы год, а сёлета задачы і ўвогуле амбіцыйныя: ад экспарту ў гэту краіну плануецца атрымаць не менш як 10 млн долараў.
Вядомы беларускі шэф-кухар Антон Каленік рэкамендуе гатаваць, у тым ліку і смажыць на рапсавым алеі.
— Ён мае тэмпературу гарэння вышэйшую, чым сланечнікавы. Значыць, пры смажанні на патэльні не з’явяцца канцэрагены, — звярнуў увагу Антон Каленік.
Пры гэтым адна сталовая лыжка рапсавага алею ўтрымлівае сутачную норму амега-3. На нашым рынку ёсць некалькі відаў рапсавага алею: стандартныя і з праванскімі травамі. Апошні выдатна падыходзіць як для салаты, так і смажання гародніны, курыцы і рыбы.
Алена КРАВЕЦ