Top.Mail.Ru
278

Калдагавор абараніў інтарэсы не толькі работніка, але і яго непаўналетняга дзіцяці

У прафсаюз звярнуўся работнік адной са сталічных устаноў аховы здароўя з просьбай дапамагчы вырашыць працоўную спрэчку. У мужчыны закончыўся кантракт, а працягваць яго наймальнік адмовіўся.



— Мы выехалі ў арганізацыю, паразмаўлялі з кіраўніцтвам і вывучылі калектыўны дагавор. Чалавек хацеў працягнуць працаваць, бо на ўтрыманні ў яго было непаўналетняе дзіця — навучэнец каледжа. Акрамя таго, у работніка не было дысцыплінарных спагнанняў. На момант заканчэння тэрміну дзеяння кантракта ён ужо дасягнуў агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. Наймальнік стаяў на сваім, нягледзячы на больш чым пераканаўчыя довады. У калектыўным дагаворы арганізацыі дакладна прапісана норма: добрасумленнаму работніку, у якога дзіця атрымлівае першую вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю ў дзённай форме, наймальнік абавязаны прадоўжыць кантракт, — растлумачыла сітуацыю галоўны прававы інспектар працы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Ала Аўдзеенка. — Не заставалася ніякіх варыянтаў, як вырашыць працоўную спрэчку праз суд. Работніку аказана ўся неабходная падтрымка.

У выніку з дапамогай прафсаюза работнік не толькі адноўлены на пасадзе, але і атрымаў больш за 5 тысяч рублёў за час вымушанага прагулу і кампенсацыю маральнай шкоды.

Неабходна дадаць, што прафсаюзы ўдзяляюць асаблівую ўвагу падтрымцы работнікаў з дзецьмі і вядуць на пастаяннай аснове дзейнасць, накіраваную на пашырэнне пераліку гарантый для працаўнікоў-бацькоў. Так, у пагадненні ўсіх узроўняў, у калектыўныя дагаворы ўключаюцца нормы, якія павышаюць узровень сацыяльнай абароненасці работнікаў у параўнанні з дзейным заканадаўствам. Сёння каля 15 тысяч калектыўных дагавораў змяшчаюць нормы па падтрымцы работнікаў з сямейнымі абавязкамі. Гэта і гарантыі занятасці, і матэрыяльная дапамога, і прадастаўленне дадатковых аплатных выхадных дзён, дапамога ў адпачынку, аздараўленні і інш.

Алена КРАВЕЦ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю