Чула, што натарыусы арганізуюць чарговую дабрачынную акцыю па бясплатным кансультаванні грамадзян. Падкажыце, калі яна адбудзецца, каго датычыцца і дзе будзе праходзіць?
Людміла КРАЎЧАНКА, г. Барысаў
Чула, што натарыусы арганізуюць чарговую дабрачынную акцыю па бясплатным кансультаванні грамадзян. Падкажыце, калі яна адбудзецца, каго датычыцца і дзе будзе праходзіць?
Людміла КРАЎЧАНКА, г. Барысаў
Адказвае прэс-сакратар Беларускай натарыяльнай палаты Алена ФЁДАРАВА:
— Натарыусы Беларусі 14 кастрычніка правядуць рэспубліканскую дабрачынную акцыю па бясплатным кансультаванні шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
Акцыя прымеркавана да Дня маці, які адзначаецца 14 кастрычніка і мае непасрэднае дачыненне да вялікага рэлігійнага свята — Пакрова Прасвятой Багародзіцы, а таксама да Дня бацькі, які прыпадае на 21 кастрычніка. Акрамя таго, паміж імі ў нашай краіне праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. Гэтыя святы сімвалізуюць важнасць сямейных каштоўнасцяў, бацькоўскі клопат і адказнасць.
Наша акцыя мае мэтавы характар і накіравана на сем’і, для якіх пытанні прававой абароны маюць асаблівае значэнне. Шматдзетныя бацькі і бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, змогуць атрымаць кансультацыю па шырокім коле пытанняў. Сярод найбольш запатрабаваных тэм — нюансы афармлення спадчынных правоў, складанне завяшчанняў і шлюбных дагавораў, пагадненняў аб дзецях, засведчанні здзелак куплі-продажу нерухомай маёмасці, адчужэнне транспартных сродкаў.
У акцыі возьмуць удзел усе натарыяльныя канторы краіны. Натарыусы будуць праводзіць прыём і кансультаванне ў адпаведнасці з графікам работы натарыяльных кантор. Прыйсці за кансультацыяй можна ў любую з іх незалежна ад месца жыхарства. Адрас, кантактныя тэлефоны і час работы можна ўдакладніць на сайце Беларускай натарыяльнай палаты belnotary. by, скарыстаўшыся зручным лічбавым сэрвісам «Знайсці натарыуса».
Падтрымка шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — гэта ўклад натарыяльнага супольніцтва ва ўмацаванне інстытута сям’і, фарміраванне адказнага бацькоўства, стварэнне ўмоў для цывілізаванага вырашэння прававых пытанняў. Беларуская натарыяльная палата запрашае шматдзетныя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, скарыстацца магчымасцю атрымаць кваліфікаваную дапамогу спецыялістаў.
Акрамя таго, да канца гэтага года натарыяльным супольніцтвам запланавана яшчэ адна рэспубліканская дабрачынная акцыя, паведаміла прэс-сакратар БНП. Яна адбудзецца 4 снежня і будзе прымеркавана да Дня юрыста, які штогод адзначаецца ў першую нядзелю снежня.
Шлюбныя нюансы
Ці можа мой муж падарыць мне маёмасць (кватэру), якая зарэгістраваная на яго імя, але з’яўляецца нашай агульнай сумеснай уласнасцю? Шлюбны дагавор паміж намі не складаўся.
Паліна, г. Брэст
Адказвае натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Марына ЦЕЛЯЖЭВІЧ:
— Муж і жонка могуць уступаць паміж сабой ва ўсе не забароненыя заканадаўствам маёмасныя здзелкі адносна маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю кожнага з іх. Гэта агульнае правіла замацавана ў артыкуле 27 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Гэта значыць, што муж і жонка могуць дарыць адзін аднаму толькі тую маёмасць, якая з’яўляецца ўласнасцю кожнага з іх.
У дадзеным выпадку заключэнне паміж мужам і жонкай дагавора дарэння кватэры звязана з папярэднім пераводам сумесна нажытай маёмасці з рэжыму агульнай сумеснай уласнасці ў рэжым агульнай долевай уласнасці. Гэта магчыма ў выпадку атрымання мужам і жонкай пасведчання аб праве ўласнасці на долі ў агульнай маёмасці (кватэры). Пасля атрымання названага пасведчання муж зможа падарыць жонцы долю ў праве ўласнасці на кватэру.
Таксама прававы рэжым маёмасці, якая знаходзіцца ў агульнай сумеснай уласнасці, можна змяніць шлюбным дагаворам.
У спадчыну — толькі доля
У 1996 годзе бацька прыватызаваў кватэру і пакінуў завяшчанне на маю малодшую сястру. Яна звярнулася да натарыуса за атрыманнем спадчыны, але ёй адказалі, што мы з мамай і братам — таксама ўласнікі кватэры. Растлумачце, калі ласка, як такое можа быць, бо тэхпашпарт быў на бацьку?
Ігар Пятровіч, г. Мінск
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ларыса РУДЗЬКО:
— Пры афармленні спадчыны натарыус вызначае склад спадчыннай маёмасці. Калі ў прыватызацыі кватэры акрамя спадчынадаўцы бралі ўдзел члены сям’і, то неабходна будзе заключыць пагадненне аб выдзяленні долі кожнага з удзельнікаў прыватызацыі ў прыватызаванай кватэры. Атрымаць у спадчыну ваша сястра можа толькі долю адпісанай ёй кватэры, а не ўсю жылплошчу.
Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda. by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.
Віктар ЛЮБІМАЎ