Машынабудаванне пачынаецца тут
Гомельскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж — адна з вядучых устаноў адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў машынабудаўнічага профілю. З 1954 года, калі ён быў створаны як Тэхнічнае вучылішча № 3 для патрэб вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш», тут падрыхтавалі не адно пакаленне токараў, фрэзероўшчыкаў, аператараў-станочнікаў, зваршчыкаў, слесараў, электрыкаў і іншых спецыялістаў рэальнага сектара эканомікі. І сёння ўжо ўнукі, дзеці былых выпускнікоў установы адукацыі абіраюць каледж як першы крок у прафесію.
Прамысловая школа
Дырэктар каледжа Генадзь Казлоў, як і многія яго падначаленыя, некалі і сам быў яго выпускніком. Кіраўнік расказвае, што сёння ў каледжы працуе звыш 100 педагагічных супрацоўнікаў і навучаецца амаль 1000 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Па адукацыйных праграмах прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі тут вядзецца навучанне па 21 спецыяльнасці. Больш за 90 % навучэнцаў — юнакі, што абумоўлена профілем установы.

— Падрыхтоўка кадраў вядзецца ў цеснай сувязі з вытворчасцю, — падкрэслівае Генадзь Васільевіч. — Асноўны набор фарміруецца з улікам заявак прадпрыемстваў-партнёраў, якія ўваходзяць у сістэму дзяржаўнага заказу. Пасля вывучэння патрэбы ў кадрах вызначаюцца кантрольныя лічбы прыёму. Пры неабходнасці магчымы дадатковы набор па найбольш запатрабаваных прафесіях. Так, летась пры плане 288 чалавек у жніўні адкрылі дадатковы набор, бо жадаючых паступіць да нас было вельмі шмат, у выніку колькасць першакурснікаў павялічылася да 302, — тлумачыць дырэктар.
Сёння базавыя прадпрыемствы-партнёры каледжа і заказчыкі кадраў — ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармаляў», ААТ «Гомельскі завод станкоў і вузлоў», ААТ «САЛЕО-Гомель».
— Нашы навучэнцы праходзяць вытворчую практыку на аплачаных працоўных месцах, што дапамагае ім і замацаваць навыкі, і адначасова атрымаць першы заробак. Кадры, якія мы рыхтуем, на прадпрыемстве дакладна не прыйдзецца перавучваць. Практыка-арыентаванасць навучальных праграм на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае 55 %, на прафесійна-тэхнічнай — 63 %, — звяртае ўвагу Генадзь Казлоў.
Формула кадраў
Як падкрэслівае кіраўнік установы, цяпер у адказ на патрэбы эканомікі ў каледжы аднавілі падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасці «Слесар-інструментальшчык».
— Па даручэнні Прэзідэнта аб стварэнні навучальных майстэрняў непасрэдна на вытворчых прадпрыемствах гэты праект рэалізавалі сумесна з Гомельскім заводам спецінструменту і тэхналагічнага абсталявання — філіялам ААТ «Гомсельмаш», — дадае дырэктар. — У Гомельскай вобласці мы адзіныя, хто рыхтуе кадры па такой спецыяльнасці. Навучэнцы, якія атрымліваюць спецыяльнасць «Слесар-інструментальшчык», не проста праходзяць практыку на прадпрыемстве, а менавіта вытворчае навучанне ў рамках навучальнага працэсу на спецыяльна створаным участку. Летась адна група ўжо завяршыла навучанне, цяпер рахтуецца другая, — тлумачыць Генадзь Васільевіч.
Акрамя асноўных адукацыйных праграм, каля 300 школьнікаў Чыгуначнага і Цэнтральнага раёнаў Гомеля праходзяць у каледжы працоўнае навучанне па пяці прафесіях: фрэзероўшчык, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, кладаўшчык, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, справавод.
Асобны кірунак — развіццё сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа. Яшчэ ў 2008 годзе на базе ўстановы быў створаны цэнтр кампетэнцый. У 2019–2022 гадах з улікам перспектыў развіцця машына- і станкабудавання ў Гомелі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі цэнтр кампетэнцый значна абнавілі. Быў дадаткова адкрыты ўчастак станкоў з праграмным кіраваннем і шэсць лабараторый: гідра- і пнеўмапрывада, праграмавання і наладкі, станкоў з праграмным кіраваннем, матэрыялазнаўства, кантрольна-вылічальных прыбораў, электронікі і мехатронікі.

Працоўны старт
На базе цэнтра штогод навучаецца каля 300 чалавек, у тым ліку ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння з Гомельскім дзяржаўным
тэхнічным ўніверсітэтам імя П. В. Сухога, Гомельскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжам, Гомельскім дзяржаўным каледжам сувязі, Гомельскім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжам, філіялам РІПА Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжам, Жлобінскім дзяржаўным каледжам сферы абслугоўвання і Мазырскім дзяржаўным політэхнічным каледжам.
— Безумоўна, спецыяльнасці, па якіх навучаем, заўсёды і паўсюдна запатрабаваны на рынку працы. Акрамя таго, ва ўсіх выпускнікоў ёсць магчымасць павысіць кваліфікацыю на базе каледжа, асвоіць наступную прыступку навучання, а пасля паступіць у ВНУ. Многія нашы выпускнікі так і робяць, і пасля вучацца завочна, — адзначае кіраўнік. — У працэсе навучання праводзіцца апытанне, пасля якога заўважана, што большасць нашых навучэнцаў — матываваная, мэтанакіраваная моладзь, якая зрабіла асэнсаваны выбар будучай прафесіі.
Акрамя асноўнага навучання, у каледжы заахвочваюць юнакоў і дзяўчат творча развівацца і самавыяўляцца.
Ва ўстанове арганізоўваюць выстаўку займальнай навукі і тэхнікі, да якой выкладчыкі і навучэнцы вырабляюць мадэлі, што пацвярджаюць розныя фізічныя законы і з’явы. Акрамя таго, да кожнага свята тут рыхтуюць тэматычныя выставачныя праекты.
— Гэта дапамагае і ў прафарыентацыйнай рабоце. Мы робім усё, каб запомніцца нашаму абітурыенту, які пакуль знаходзіцца ў роздуме. Праводзім экскурсіі, імкнёмся заахвоціць школьнікаў, каб яны зацікавіліся тэхнічнымі спецыяльнасцямі, — падзяліўся суразмоўца.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота аўтара