Top.Mail.Ru

Качанава: Ваша служба пацвярджае, што нашы жанчыны могуць усё

У гэты чацвер у Савеце Рэспублікі было сапраўды шматлюдна. Для жанчын-ваеннаслужачых 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння вайсковай часці 3214 была арганізавана экскурсія па будынку Савета Рэспублікі, падчас якой прыгожая палова азнаёмілася з кірункамі дзейнасці палаты парламента. Затым Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў фармаце дыялогавай пляцоўкі правяла сустрэчу з жанчынамі, павіншавала іх з надыходзячым святам і расказала аб рабоце заканадаўцаў, шырокім спектры кірункаў дзейнасці сенатараў, рабоце са зваротамі грамадзян і многім іншым.


«Ваша служба пацвярджае, што нашы жанчыны могуць усё», — звяртаючыся да прысутных, заўважыла Наталля Качанава. Яна адзначыла, што наша грамадства стала падымаць не толькі традыцыйныя бытавыя тэмы, але і пытанні сямейна-маральных каштоўнасцяў, думаць пра будучыню. «І гэта не можа не радаваць. Таму мы вельмі ўдзячныя вам за арганізаваную работу па стварэнні ваенна-патрыятычных клубаў, правільным выхаванні падрастаючага пакалення. Моладзі трэба расказваць праўду — гэта дазволіць усім нам пазбегнуць многіх складанасцяў і праблем».

Паводле слоў спікера, людзі пачалі думаць пра тыя праблемы, якія сапраўды ў найбліжэйшы час могуць стаць даволі сур’ёзнымі. «Напрыклад, што датычыцца сямейных каштоўнасцяў. А што такое сямейныя каштоўнасці? Захаваць сям’ю, перажыць тыя моманты, калі ты ўжо на мяжы разводу, вызначыцца, ці трэба выходзіць замуж або жаніцца. Мы бачым, што ўзрост уступлення ў шлюб і нараджэння дзяцей павялічваецца. І гэта пытанне сапраўды важнае. Без народа нічога не будзе. Не будзем нараджаць дзяцей — не будзе будучыні».

Акрамя таго, Наталля Качанава падрабязна расказала гасцям Савета Рэспублікі аб міжнароднай дзейнасці, узмацненні геапалітычнай значнасці Беларусі і яе аўтарытэце на міжнароднай арэне. «З розных міжнародных трыбун, у самых аўтарытэтных міжнародных арганізацыях нашы парламентарыі пераканаўча і пастаянна даказваюць, што наша краіна міралюбная, мы нікому не пагражаем. І не трэба на нас навешваць хлуслівыя ярлыкі. Гістарычная памяць, генетычнае імкненне не дапусціць новай вайны — вось характарыстыка нашага народа. І мы не перастанем даказваць усім: Беларусь — міралюбівая краіна, дзе жывуць вельмі добрыя людзі, якія шануюць раўнапраўе і сяброўства».

Шчырая размова са спікерам не пакінула гасцей Савета Рэспублікі абыякавымі. Жанчыны-ваеннаслужачыя з задавальненнем падзяліліся сваімі ўражаннямі з журналістамі. «Для мяне вялікі гонар напярэдадні свята — Міжнароднага жаночага дня — убачыцца з Наталляй Іванаўнай Качанавай, якая займае высокую пасаду ў нашай дзяржаве, і паслухаць пра спецыфіку яе работы, — расказала служачая вайсковай часці 3214 Таццяна Кажэўнікава. — У нашай дзяржаве вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца жанчынам. Можна сказаць, што наш кіраўнік дзяржавы — гэта жаночы Прэзідэнт, таму што мы, напэўна, — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе жанчыны тры гады знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, атрымліваюць добрыя сацыяльныя выплаты. Для нас гэта дарагога варта, і жанчыны гэта цэняць. І мы вельмі рады жыць у такой краіне».

Яна дадала, што ў нашай дзяржаве шмат увагі аддаецца менавіта сацыяльным пытанням. І тое, што жанчыны займаюць высокія службовыя пасады, актыўна задзейнічаны і ў дзяржаўным кіраванні, і ў сферы забеспячэння бяспекі, — вельмі важна. Бо жанчына больш чуйна разумее, дзе патрэбна дапамога.

Служачая вайсковай часці 3214 Ларыса Кампаніец адзначыла важнасць і значнасць правядзення такіх дыялогавых пляцовак: «Для нас вельмі каштоўная ўвага Наталлі Іванаўны. Гледзячы на яе, хочацца сказаць, што часам і ў палітыкі ёсць жаночы твар. Такіх вышынь здольны дамагчыся не кожны мужчына. І тое, што яна дорыць сябе дзяржаве, дорыць сябе народу — гэта вельмі важна. Мы сапраўды цэнім і тое, што ў нашай краіне арганізоўваюцца такія дыялогавыя пляцоўкі, на якіх можна вырашыць самыя розныя пытанні».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю