Top.Mail.Ru

Са Старшынёй Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан сустрэліся і спікеры беларускага парламента

У чацвер у абедзвюх палатах парламента адбыліся сустрэчы са Старшынёй Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан Ерланам Кашанавым. У аснове супрацоўніцтва — узаемаразуменне, сяброўства, адстойванне нацыянальных інтарэсаў.

Падчас іх спікеры абмеркавалі аспекты далейшага двухбаковага супрацоўніцтва па парламенцкай лініі.

Звяртаючыся да парламенцкай дэлегацыі Казахстана, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў: «Дзякуючы сумесным намаганням лідараў нашых дзяржаў у апошнія гады беларуска-казахстанскія адносіны выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Гэта пацвярджаецца рэальнымі, канкрэтнымі справамі і работай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі і формамі парламенцкага ўзаемадзеяння. Мы сёння ўважліва назіраем і адзначаем дынамічнае развіццё дружалюбнага нам Казахстана. Вы заўсёды былі і застаяцеся для нас праверанымі часам сябрамі, паплечнікамі, надзейнымі партнёрамі, стратэгічнымі саюзнікамі».

У аснове нашага супрацоўніцтва, паводле слоў спікера, — узаемаразуменне, сяброўства, адстойванне нацыянальных інтарэсаў на знешнім контуры, падтрымка адно аднаго і эканамічнае развіццё, якое з’яўляецца асновай якасці жыцця нашых людзей. «Гэтыя пытанні шмат у чым вызначаюць і тэмы нашага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Безумоўна, прыярытэтам з’яўляецца прасоўванне канструктыўнага, аб’яднальнага парадку дня на ўсіх міжнародных пляцоўках. Мы праціўнікі палітыкі шантажу і санкцый, дыскрымінацыі і нядобрасумленнай канкурэнцыі. Беларусь, як і Казахстан, праводзіць міралюбную знешнюю палітыку, накіраваную на ўмацаванне ўзаемнага даверу і добрасуседства».

На думку Старшыні Палаты прадстаўнікоў, большай каардынацыі патрабуе работа ў рамках розных міжнародных арганізацый. «Мы сёння бачым, якая праводзіцца палітыка многімі краінамі па раз’яднанні дзяржаў, ігнаруюцца магчымыя правілы, працэдуры, аказваецца ціск у мэтах прыняцця палітызаваных рашэнняў. Я перакананы, што на розных міжнародных пляцоўках сумесна з парламентарыямі іншых дзяржаў — членаў АДКБ мы будзем задзейнічаць усе магчымыя каналы для далейшага прасоўвання аб’яднальнага парадку дня», — рэзюмаваў спікер.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што паміж нашымі краінамі склаліся добрыя і сяброўскія адносіны шмат у чым дзякуючы прэзідэнтам. «Дзякуючы ім нашы адносіны носяць стратэгічны характар, — акцэнтавала Старшыня Савета Рэспублікі. — І сёння мы супрацоўнічаем абсалютна па ўсіх кірунках».

Паводле слоў спікера Савета Рэспублікі, паміж нашымі краінамі назіраецца добрая дагаворна-прававая база, якая налічвае больш за 80 дакументаў аб супрацоўніцтве. Наталля Качанава таксама адзначыла і ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках і ў інтэграцыйных структурах.

Савет Рэспублікі, які з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, удзяляе прыярытэтную ўвагу развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і пабрацімскіх сувязяў. Паміж рэгіёнамі Беларусі і Казахстана падпісана больш за 30 пагадненняў аб супрацоўніцтве. У 2025 годзе падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж акіматам Алмацінскай вобласці Казахстана і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, а таксама план мерапрыемстваў паміж Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і акіматам Астаны.

«Працягваць супрацоўніцтва неабходна, — пераканана Наталля Качанава. — Культура, спорт, адукацыя — усё гэта залог будучага». Паводле слоў спікера, калі моладзь нашых краін будзе камунікаваць паміж сабой, ведаць сваю гісторыю, добрыя адносіны паміж дзяржавамі заўсёды будуць працягвацца. «Мы як былі разам, так і будзем, нягледзячы на ўсе перыпетыі, што адбываюцца ў свеце. Мы сёння выдатна разумеем, як важны мір і згода. І палітыка нашага Прэзідэнта толькі міралюбная. Мы нікому не пагражаем і ніколі не пагражалі».

Спікер выказала ўпэўненасць, што ўзаемаадносіны паміж нашымі краінамі і далей будуць выбудоўвацца такім чынам, калі мы будзем падтрымліваць адно аднаго на міжнародных пляцоўках, рабіць усё для таго, каб умацоўваць эканомікі нашых краін, працаваць на карысць нашых народаў і дзяржаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю