Top.Mail.Ru

Качанава прыняла ўдзел у 13-й сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 29 склікання

На парадак дня былі вынесены пытанні рэалізацыі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021 — 2025 гады ў мінулым годзе, задачы на бягучы год. Згодна са сваім рэгламентам, Савет Рэспублікі каардынуе работу дэпутацкага корпуса ўсёй краіны, прымае меры па развіцці самакіравання.


«Мы павінны больш эфектыўна працаваць з людзьмі»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што ў Гродзенскай вобласці робіцца вельмі шмат у плане сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. «Укараняюцца новыя формы, вы аб’ядноўваецеся ў грамадскія арганізацыі, якія дазваляюць вырашаць важныя задачы для нашай дзяржавы», — канкрэтызавала яна.

Спікер звярнула ўвагу на актуальнасць тэмы пасяджэння. Яна праінфармавала, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў кастрычніку 2024 года на пашыраным Прэзідыуме Савета Рэспублікі на базе Дзяржынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Па выніках разгляду пытанняў адпаведным міністэрствам і ведамствам былі дадзены рэкамендацыі, якія, у прыватнасці, датычыліся ўзроўню павышэння адукацыі сацыяльных работнікаў, забеспячэння іх годным заробкам і транспартам. 

«Мы зыходзім ад жыцця, роўна так, як і вы, — аб гэтым пастаянна гаворыць Прэзідэнт, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Заўсёды, калі мы кажам пра сацыяльную абарону, работу тэрытарыяльных цэнтраў, узгадваецца фраза Прэзідэнта: „Такімі, як вы, моладзь, мы ўжо не будзем. А такімі, як людзі пажылога ўзросту, мы будзем“. Людзей пажылога ўзросту становіцца ўсё больш у сілу аб’ектыўных прычын: у прыватнасці, добра працуе сістэма аховы здароўя».

Па словах спікера, дзяржава робіць усё для таго, каб задачы, звязаныя з сацыяльным абслугоўваннем насельніцтва, рэалізоўваліся больш эфектыўна. І на гэта накіроўваюцца немалыя фінансавыя рэсурсы. «Мы павінны больш эфектыўна працаваць з людзьмі, — агучыла Наталля Качанава задачу для дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў. — І ў большай ступені з тымі, хто яшчэ малады. Наша тлумачальная работа аб тым, што робіць сёння дзяржава, як выхоўваць моладзь, духоўна-маральныя і сямейныя каштоўнасці сёння выходзяць на першы план. Без духоўнага выхавання і адносін да людзей мы нічога не зробім, якія б мы сродкі на гэта ні накіроўвалі».

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што дэпутаты і кіраўнікі ўсіх узроўняў павінны выбудоўваць сваю работу такім чынам, каб людзі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, адчувалі ўвагу і павагу з боку нашага грамадства. «Нам вельмі шмат трэба для гэтага працаваць, і гэта дае вынік, — канстатавала спікер. — Сёння як ніколі гэта работа выходзіць на першы план». 

У размове з журналістамі Наталля Качанава падкрэсліла, што вельмі важна, каб людзі пэўнага ўзросту не заставаліся адны. «З боку дзяржавы сёння зроблена многае, — канкрэтызавала спікер. — Гэта інстытут сацыяльных цэнтраў, гэта сядзелкі, дамы сумеснага пражывання, 98 чалавек у Гродзенскай вобласці жыве ў замяшчальных сем’ях. Людзі міласэрныя і спагадлівыя ў адносінах да тых, хто застаўся адзін. Гэта вельмі важна. Мы з боку заканадаўчай улады робім усё для таго, каб тыя пытанні, якія неабходна урэгуляваць, былі ўрэгуляваны. І апошнім часам дастаткова было прынята рознага роду навацый, якія былі ўнесены і ў заканадаўчыя дакументы, і ў нарматыўныя прававыя акты для таго, каб падтрымаць у першую чаргу тых, хто працуе ў сферы сацыяльнай абароны, каб якасна і эфектыўна аказваліся гэтыя паслугі жыхарам нашай краіны».

З акцэнтам на эфектыўнасць 

Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутаў Алена Пасюта, «Сацыяльная абарона» — гэта самая жывая праграма. «Яна ахоплівае ўвесь спектр паслуг сацыяльнай падтрымкі нашых грамадзян, асабліва тых, хто апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, хто мае патрэбу ва ўвазе грамадства і ўлады, гэтым самым фарміруючы каштоўнасныя арыенціры самога грамадства, — удакладніла яна. — У гэтым і заключаецца адна з асноўных мэт сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы: забеспячэнне годнага ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва на працягу ўсяго жыццёвага шляху».

Алена Пасюта праінфармавала, што колькасць непрацаздольных грамадзян Гродзенскай вобласці, ахопленых сацыяльнымі паслугамі тэрытарыяльных цэнтраў, сацыяльных пансіянатаў, уключаючы паслугі дзяржаўнага сацыяльнага заказу, замяшчальныя сем’і, на 1 студзеня 2025 года складае 26,5 тысячы жыхароў (3 % ад агульнай колькасці насельніцтва вобласці і 9,8 % ад атрымальнікаў пенсіі). 

«На рэалізацыю ўсіх мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы ў 2024 годзе выдзелена больш за 123 мільёны рублёў, — звярнула ўвагу старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутаў. — Па выніках 2024 года выкананы ўсе ключавыя паказчыкі праграмы. Сфарміравана ўнікальная работа з насельніцтвам, якая пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Мы імкнёмся дайсці да кожнага, каму патрэбна дапамога, стварыць умовы для камфортнага пражывання ва ўсіх населеных пунктах, уключыць у рэалізацыю гэтай праграмы не толькі органы ўлады, органы кіравання і самакіравання, а і грамадскія арганізацыі, Маладзёжны парламент, нашых валанцёраў». 

Укараняць навацыі і захоўваць традыцыйныя формы

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік праінфармавала аб канкрэтных выніках рэалізацыі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» ў 2024 годзе.
Сістэма сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці прадстаўлена 19 цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання і 12 пансіянатамі. «З 1 ліпеня 2024 год з улікам змянення нарматыўнай базы ўкараняюцца ключавыя навацыі, — заўважыла Вольга Сядзельнік, кажучы аб удасканаленні сістэмы сацабслугоўвання ў рэгіёне. — Гэта новыя формы і віды работы з захаваннем тых, якія сябе ўжо зарэкамендавалі і карыстаюцца попытам у насельніцтва».

На Гродзеншчыне колькасць грамадзян, якія ахоплены і атрымліваюць паслугі сацыяльных работнікаў і памочнікаў па доглядзе, з 2021 года павялічылася больш чым на 1,3 тысяч чалавек і на 1 студзеня 2025 склала 13,5 тысяч чалавек. «Падтрыманне сацыяльнай актыўнасці пажылых людзей, інвалідаў, рэалізацыя іх творчага патэнцыялу, сацыяльная адаптацыя, прафілактыка кагнітыўных парушэнняў — задача, якая рэалізуецца праз працоўную дзейнасць і гуртковую работу», — звярнула ўвагу старшыня камітэта.

У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці працуе 19 аддзяленняў для пажылых і 22 адзяленні для інвалідаў з умовамі дзённага знаходжання. «Колькасць грамадзян, якія наведваюць такія аддзяленні на пастаяннай аснове, складае амаль 3700 чалавек, — канкрэтызавала Вольга Сядзельнік. — Вельмі запатрабавана сацыяльная паслуга персанальнага асістэнта для грамадзян з інваліднасцю, яна аказана 609 чалавекам. Паслуга, якая ўяўляе сабой гурткі ў хатніх умовах, прадастаўляецца больш як 630 грамадзянам пажылога ўзросту. У развіцці гуртковай работы мы бачым мэтазгоднасць ва ўстанаўленні пэўнага балансу заняткаў, якія праводзяць і спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў, і нашы валанцёры. Сістэма арыентавана на стварэнне стацыянаразамяшчальных форм сацыяльнага абслугоўвання. Сёння стацыянарная форма сацыяльнага абслугоўвання — самая дарагая форма абслугоўвання для бюджэту, і тут ёсць неабходнасць у развіцці паслуг у хатніх умовах для максімальнага працяглага пражывання». 

Рашэнне гэтай задачы, як адзначыла Вольга Сядзельнік, бачыцца ў развіцці доўгачасовага догляду як прыярытэтнай формы патранажу ў хатніх умовах ва ўзаемадзеянні сістэм сацыяльнай абароны і аховы здароўя. Такія паслугі на Гродзеншчыне атрымліваюць 15 чалавек. «Другая задача — працягнуць развіццё тых форм, якія вельмі добра зарэкамендавалі сябе на Гродзеншчыне, — дадала яна. — У прыватнасці, гэта стварэнне замяшчальных сем’яў. У 2024 годзе гэтай формай сацабслугоўвання было ахоплена 98 чалавек у вобласці. Форма будзе развівацца, найперш у сельскай мясцовасці».

На сучасныя падыходы ў развіцці сацыяльнага абслугоўвання на прыкладзе Мастоўскага раёна звярнула ўвагу намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік. Аб дзейнасці Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў па арганізацыі сацыяльнай падтрымкі і забеспячэнні жыццядзейнасці сацыяльна-ўразлівых катэгорый грамадзян Навагрудчыны праінфармавала старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Каралько. У завяршэнні пасяджэння пастаянная камісія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па сацыяльнай палітыцы і справах моладзі прадставіла заключэнне аб эфектыўнасці рэалізацыі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021 — 2025 гады ў 2024 годзе.

Фота БелТА

г. Гродна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю