Top.Mail.Ru

Качанава: Нашы мэты ідэнтычныя — дабрабыт і жыццё грамадзян

Старшыня Савета Рэспублікі павіншавала Цімура Жаксылыкава з прызначэннем на высокую дыпламатычную пасаду і пажадала поспехаў у рабоце на карысць дзвюх краін і народаў. Па яе словах, ад работы пасла многае залежыць у выбудоўванні добрых адносін, якія гістарычна склаліся паміж краінамі.


«Мір і згода выходзяць на першы план»

«Беларусь і Казахстан звязваюць гістарычныя карані, — падкрэсліла спікер. — Узровень узаемадзеяння паміж нашымі краінамі сёння можна назваць стратэгічным. Гэта, вядома, склалася ў многім дзякуючы нашым прэзідэнтам, якія вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаюць. Мы павінны зрабіць усё для таго, каб тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты, былі рэалізаваны».

Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што ўзаемадзеянне Беларусі і Казахстана наладжана па ўсіх кірунках. «Гэта і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва: Казахстан уваходзіць у дзясятку краін, з якімі ў нас склаліся добрыя вынікі, — канкрэтызавала яна. — Гэта і гуманітарнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва міжпарламенцкае, што для нас вельмі важна».

Беларусь і Казахстан вельмі актыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнародных пляцоўках. «Склаліся добрыя адносіны ў рамках Міжпарламенцкай Асамблеі краін СНД, Асамблеі АДКБ, мы сталі паўнапраўнымі членамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — сімвалічна, што гэта адбылося ў Казахстане, — канкрэтызавала спікер. — Мы ўдзячны вам за падтрымку. Вельмі важна ўзаемадзейнічаць у гэтых арганізацыях».

Старшыня Савета Рэспублікі праінфармавала, што Беларусь стала краінай-назіральніцай у Азіяцкай парламенцкай асамблеі. «У чарговы раз пераканалася ў тым, што мір і згода ў кожнай краіне, узаемадзеянне сёння выходзяць на першы план, — адзначыла Наталля Качанава. — Нам трэба супрацоўнічаць, узаемадзейнічаць, асабліва ў міжнародных арганізацыях падтрымліваць адзін аднаго. Бо нашы мэты абсалютна ідэнтычныя — дабрабыт і жыццё грамадзян у нашых краінах. А калі казаць аб знешнім контуры, то гэта мір, суверэнітэт, незалежнасць, неўмяшання ва ўнутраныя справы краін».

«Больш хуткі шлях да супрацоўніцтва»

Кажучы аб міжпарламенцкім узаемадзеянні з Казахстанам, спікер заявіла аб інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва. Пацвярджэннем гэтага стануць узаемныя візіты міжпарламенцкіх дэлегацый, запланаваныя на бягучы год.

Што датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паміж краінамі створана добрая дагаворна-прававая база, дзейнічае каля 80 міжурадавых пагадненняў. «Самі лічбы ўжо на працягу некалькі гадоў — больш як мільярд тавараабароту — гэта добры паказчык, — канстатавала Наталля Качанава. — У нас з казахстанскім капіталам працуе звыш 50 прадпрыемстваў, больш тысячы беларускіх арганізацый працуюць у Казахстане. Разам з тым мы разумеем, што перспектывы ёсць, аб гэтым заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны. Мы гатовы да далейшага супрацоўніцтва, пастаўляць тыя тавары і прадукцыю, якія неабходныя сёння Казахстану».

Старшыня Савета Рэспублікі лічыць неабходным актуалізаваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. «Падпісана каля 30 пагадненняў паміж гарадамі, рэгіёнамі, гэтую работу трэба працягваць, — пераканана спікер. — Гэта больш хуткі шлях да супрацоўніцтва. У нас ёсць дарожная карта супрацоўніцтва, рэалізацыю якой адсочваюць нашы ўрады. Мы гаварылі з Маўленам Сагатханулы (старшыня Сената Парламента Рэспублікі Казахстан. — „Зв“.) аб тым, што гатовы падключыцца да кантролю за выкананнем гэтых пагадненняў, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні, і мы гэта будзем рабіць. У рэгіянальным супрацоўніцтве мы павінны вельмі шчыльна папрацаваць. Гэта дае свой вынік: гэта і імпартазамяшчэнне, і стварэнне сумесных вытворчасцяў, гэта і гуманітарнае супрацоўніцтва, і маладзёжная палітыка, і грамадскія арганізацыі».

Рэзюмуючы, Наталля Качанава падкрэсліла, што Беларусь гатова да супрацоўніцтва абсалютна па ўсіх кірунках. «Мы будзем працягваць палітыку, якую праводзяць нашы кіраўнікі дзяржаў, — падкрэсліла яна. — Для нас гэта вельмі важна. Асабліва ў сучасных рэаліях, калі краіны павінны аб’ядноўвацца для таго, каб жыць у міры і спакоі. І самае галоўнае, каб народы нашых краін не адчувалі ніякага дыскамфорту ад таго, што адбываецца ў некаторых краінах».

«Трэба мабілізавацца і зрабіць далейшы рывок»

У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімур Жаксылыкаў падкрэсліў, што Казахстан і Беларусь — стратэгічныя саюзнікі і партнёры. «Сітуацыя геапалітычная ў свеце вельмі турбулентная, складаная эканамічная сітуацыя, але, нягледзячы на гэта, Казахстан і Беларусь паспяхова развіваюцца самі і развіваюць двухбаковыя адносіны па ўсім спектры ўзаемадзеяння, — канстатаваў ён. — А яно ў нас вельмі шырокае. Фактычна няма такіх сфер супрацоўніцтва, па якіх у нас не былі б шчыльныя сувязі».

Па словах пасла, высокі ўзровень супрацоўніцтва, дасягнуты ў апошнія гады, з’яўляецца вынікам палітычнай волі і паслядоўнага курсу, які рэалізуюць лідары дзвюх краін. «У гэтай сувязі Казахстан з вялікім задавальненнем успрыняў вынікі выбараў, якія адбыліся 26 студзеня, што нам дазваляе з упэўненасцю разлічваць на далейшае развіццё нашага стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства», — звярнуў увагу дыпламат.

Кажучы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, Цімур Жаксылыкаў пагаджаецца са спікерам, што варта рухацца далей. «Мы, праўда, затармазіліся вакол гэтай лічбы — 1 мільярд долараў тавараабароту, — заўважыў ён. — Трэба мабілізавацца і зрабіць далейшы рывок. Эканоміка Беларусі вельмі ўпэўнена глядзіць у будучыню, упэўнена развіваецца. Але нельга спыняцца на дасягнутым. У нас вялікі патэнцыял развіцця».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю