Top.Mail.Ru

Качанава: Мы накіраваны на вельмі шчыльнае і плённае ўзаемадзеянне

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што Узбекістан для Беларусі з’яўляецца сяброўскай краінай. Добрыя, даверлівыя і ўзаемавыгадныя адносіны паміж дзяржавамі, па яе словах, склаліся ва многім дзякуючы нацыянальным лідарам.


«Асабліва для нас быў насычаны 2024 год, — канстатавала спікер. — У лютым візіт нашага Прэзідэнта ва Узбекістан надаў абсалютна новы імпульс нашаму супрацоўніцтву. Былі падпісаны шэраг пагадненняў, дарожная карта аб супрацоўніцтве на 2024 — 2025 гады, рэалізацыяй якой цяпер займаюцца нашы ўрады». 

Добрыя адносіны, па словах Старшыні Савета Рэспублікі, склаліся паміж парламентамі абедзвюх краін. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў жніўні 2024 года знаходзілася ва Узбекістане з афіцыйным візітам, у ходзе якога быў праведзены другі беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. 

Наталля Качанава адзначыла, што паміж Саветам Рэспублікі і Сенатам Олій Мажліса склаліся вельмі добрыя, нават сяброўскія адносіны. «Сёлета мы ўжо сустракаліся з Танзілой Камалаўнай (Нарбаевай, спікерам Сената Олій Мажліса Узбекістана. — „Зв“.) на пляцоўках Азіяцкай парламенцкай асамблеі, — паведаміла яе беларуская калега. — У бліжэйшы час мы рыхтуемся прыбыць з візітам ва Узбекістан, дзе будзе праходзіць 150-е пасяджэнне Асамблеі Міжпарламенцкага саюза. Будзем арганізоўваць сустрэчу з маёй калегай для таго, каб абмеркаваць пытанні, якія нам неабходна вырашаць у бліжэйшы час».

Адным з такіх пытанняў з’яўляецца падрыхтоўка да правядзення трэцяга беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму, які ў жніўні пройдзе ў Віцебску. 

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — тая эфектыўная работа, якая дазваляе выбудоўваць камунікацыю паміж уладай і народам. «За гэтым — будучыня, — падкрэсліла яна. — З кім бы мы не сустракаліся ў апошні час (з кіраўніцтвам краін, нашымі калегамі), усе кажуць пра рэгіянальнае супрацоўніцтва, бо гэта часам хутчэй, чым па лініі іншых арганізацый і ведамстваў». 

Наталля Качанава падкрэсліла, што ў Беларусі і Убекістана — шырокае поле дзейнасці. Кажучы аб узаемадзеянні ў гандлёва-эканамічнай сферы, Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што варта імкнуцца да таго, каб выканаць даручэнне кіраўнікоў дзяржаў — дасягнуць тавараабароту ў мільярд долараў. 

Што датычыцца сацыяльнай палітыкі, і тут, па словах спікера, вельмі добрыя сувязі. У прыватнасці, па прыкладзе Беларусі ва Узбекістане ўкаранілі практыку педагагічных класаў. Хлопцы і дзяўчаты з Узбекістана ў чарговы раз прымуць удзел у патрыятычнай ініцыятыве Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі «Цягнік Памяці». Па лініі Міжпарламенцкай Асамблеі краін СНД Беларусь сёлета будзе праводзіць Міжнародны культурна-адукацыйны форум «Дзеці Садружнасці», да ўдзелу запрашаюцца і юныя ўзбекскія грамадзяне. 

«Мы не павінны падвесці сваіх лідараў, павінны зрабіць усё для таго, каб тое, аб чым дамовіліся кіраўнікі нашых дзяржаў, было рэалізавана, — рэзюмавала Наталля Качанава. — Мы накіраваны на вельмі шчыльнае і плённае ўзаемадзеянне. Калі з’явяцца новыя праекты, якія змогуць аб’яднаць нашы краіны і народы, гэта будзе вельмі добра».

Стаўка — на міжрэгіянальнае супрацоўніцтва 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула Назараў выказаў удзячнасць беларускаму народу за захаванне гістарычных сувязяў, за тое, што беларусы шануюць памяць грамадзян Узбекістана, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны вызвалялі Беларусь.

Кажучы аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве, пасол пагадзіўся, што гэта добры механізм умацавання двухбаковага супрацоўніцтва. Па яго словах, ва Узбекістане таксама робяць стаўку на развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Ужо ў гутарцы з журналістамі Рахматула Назараў праінфармаваў, што рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж краінамі наладжана вельмі добра (амаль усе вобласці Узбекістана і вобласці Беларусі, горад Мінск маюць партнёрскія пагадненні), аднак ёсць да чаго імкнуцца.

Па яго словах, двухбаковыя адносіны вельмі паспяхова развіваюцца і ў сацыяльнай сферы. «У Беларусі вельмі шмат нашых студэнтаў навучаецца, — адзначыў ён. — Адукацыйны працэс у Беларусі вельмі якасны. Гэта вельмі добра ўсведамляе наша кіраўніцтва, урад і робіць стаўку на беларускую адукацыю. Яна накіравана на рэальны сектар эканомікі: пасля таго, як нашы грамадзяне завершаць у Беларусі навучанне, мы чакаем, што яны ўнясуць свой унёсак у эканамічнае развіццё Узбекістана». 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю