Выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі прайшло ў Жлобінскім раёне.
«Чысціня і парадак — гэта брэнд нашай краіны»
Як акцэнтавала ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, задачы ў гэтым кірунку стаяць сёння перад усімі. «Пачынаючы ад рэспубліканскіх органаў улады і заканчваючы грамадзянамі краіны, — удакладніла спікер. — Каб зрабіць нашу краіну яшчэ больш чыстай, добраўпарадкаванай, прыгожай, — так, як гаворыць аб гэтым Прэзідэнт».Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на важнасць аператыўнага і якаснага ўключэння ў гаспадарчы абарот зямельных участкаў, якія заняты пустымі жылымі дамамі, фарміравання пералікаў свабодных зямельных участкаў, у тым ліку і для наступных аўкцыёнаў. Яшчэ адзін кірунак у цэнтры пастаяннай увагі — уключэнне ў гаспадарчы абарот зямель, якія вызваліліся пасля зносу непрыдатных і неэксплуатаваных будынкаў, збудаванняў сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама эфектыўнае выкарыстанне меліяраваных зямель.
Па словах Наталлі Качанавай, у гэтых кірунках павінна весціся эфектыўная работа. «І вельмі важны вынік, — падкрэсліла яна. — Таму мы павінны зрабіць усё, што залежыць ад нас, каб у Год добраўпарадкавання ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі выкананы. Каб работа, якая датычыцца пустых дамоў, зямель, што не выкарыстоўваюцца, меліярацыі зямель, навядзення парадку, была праведзена на высокім, якасным узроўні».
Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што задачы, якія датычацца добраўпарадкавання, навядзення парадку, Прэзідэнт ставіць ужо на працягу 20 гадоў. «І вынікі мы бачым: чысціня і парадак — гэта брэнд нашай краіны, — адзначыла спікер. — Але мы павінны разумець, што кожны метр зямлі павінен выкарыстоўвацца эфектыўна. Гэта наша багацце».
«Гэта тыя землі і будынкі, якія павінны ўтрымлівацца ў парадку»
Як падкрэсліла Наталля Качанава, пытанні, вынесеныя на парадак дня, актуальныя і вынікаюць з тых прапаноў і зваротаў, з якімі людзі прыходзяць на прыём і якія неабходна ўрэгуляваць. У ліку пытанняў, з якімі звяртаюцца прадстаўнікі садаводчых таварыстваў (СТ), — правядзенне сходаў для прыняцця рашэнняў, эфектыўнасць дзейнасці кіруючага складу СТ, прапіска, функцыянаванне інжынерных камунікацый.Абмяркоўваючы праблемныя пытанні дзейнасці садаводчых таварыстваў і шляхі іх вырашэння, спікер заўважыла, што апошнім часам пачасціліся звароты па пытанні іх функцыянавання. «Такая тэндэнцыя, на жаль, была ў мінулым годзе, — канстатавала яна. — І за гэты год толькі ў Савет Рэспублікі паступіла каля 40 зваротаў аб дзейнасці садаводчых таварыстваў. Хоць у 2023-м прыняты ўказ Прэзідэнта, у якім ужо ўрэгуляваны пытанні па гэтай тэме, што хвалююць нашых грамадзян».
Спікер прывяла лічбу: у краіне 4728 садаводчых таварыстваў. «Гэта тыя землі і будынкі, якія павінны ўтрымлівацца ў парадку», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.
Гаворачы аб тым, якія пытанні па тэме садаводчых таварыстваў выходзяць на першы план, Наталля Качанава адзначыла: перш-наперш гэта правядзенне сходаў. З-за вялікай колькасці членаў садаводчага таварыства, па яе словах, цяжка сабраць кворум і прыняць рашэнне.
«Другое пытанне — выбранне старшыні, кіруючага складу таварыстваў, — канкрэтызавала спікер. — Многія гавораць аб іх неэфектыўнай рабоце. Таму мы павінны яшчэ раз вярнуцца да гэтай тэмы. І мясцовыя органы ўлады павінны ўключацца ў вырашэнне пытанняў дзейнасці СТ, калі не атрымліваецца вырашыць гэта пытанне ў самім таварыстве».
Спікер звярнула ўвагу на асаблівую ролю старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў у гэтых пытаннях. «Гэта і ваша работа, паколькі вы першымі сустракаецеся з такімі зваротамі, бо, як правіла, садаводчыя таварыствы ў нас знаходзяцца ў сельскай мясцовасці», — канстатавала Наталля Качанава.
Рэзюмуючы, Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што ў цэлым пытанне няпростае. «Пачынаецца сезон, людзі працуюць ужо на лецішчах, — патлумачыла яна. — І таварыства — гэта аб’яднанне, дзе па сутнасці жывуць людзі. Дзейнасць таварыстваў уласнікаў дамоў мы ўрэгулявалі. Прыняты ўсе законы. І на прыкладзе такіх таварыстваў уласнікаў давайце паглядзім пытанні, якія выходзяць на парадак дня (адносна садаводчых таварыстваў. — „Зв.“) і якія хвалююць нашых грамадзян».
Паводле БелТА
Фота: sb.by