Top.Mail.Ru

Каб у Беларусь прыйшла вясна, нашы продкі яе гукалі

Пра гэта нагадалі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту


Астранамічнае вясновае раўнадзенства — цікавы час, калі адбывалася сапраўдная містыка, звязаня з пераходам да больш доўгага дня. У гэты час беларусы традыцыйна гукалі вясну. 



Для людзей, жыццё якіх залежыла ад зямлі-карміцелькі, гэта азначала пераход да цыклу земляробчых работ, бо вясна не толькі прымушала развітацца з халадэчай і несла цяпло, але і светлыя надзеі на новы год жыцця, напоўнены справамі, клопатам пра будучы ўраджай. А гэта для нашых продкаў была сапраўдная радасць, якую выказвалі песнямі, танцамі, рознымі гульнямі. 



І цяпер у нас ёсць магчымасць паўдзельнічаць у гуканні вясны праз рэканструкцыю вясновых абрадаў: калісьці яны былі напоўнены энергіяй маладых незамужніх дзяўчат, якія збіраліся разам, спявалі вясновыя песні, у якіх чулася вера і надзея: чым раней загучыць вясна ў вёсцы, тым хутчэй дзяўчаты выйдуць замуж, а ўраджай будзе шчодрым і багатым. Пра гэта распавядалі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту тым, хто далучыўся да такога святкавання ўпершыню. Удзельнікі свята не толькі пачулі жывыя народныя інструменты і вясновыя песні ў выкананні спецыялістаў-этнографаў, але і маглі самі паўдзельнічаць у агульным хоры. Правесці дзень у атмасферы мінуўшыны можна было з карысцю для сябе, дзеля гэтага арганізавалі шэраг майстар-класаў. Можна было павучыцца танцаваць беларускія танцы, напрыклад, лявоніху ці крыжачок, альбо паўдзельнічаць у народных гульнях, каб больш глыбока зразумець культурныя карані нашага народа. А яшчэ навучыцца ўласнымі рукамі вырабляць чароўных птушак — сімвалаў вясновага абнаўлення, якія пасля ўвесь году будуць напаўняць дом цеплынёй і радасцю. Ці асвоіць тэхніку роспісу па шкле і стварыць адметныя творы выцінанкі, якая была шырока распаўсюджана на нашых землях. Для мужчынскай паловы таксама знайшліся заняткі — з магчымасцю паказаць сваю моц, спрыт і кемлівасць. Выступленні фалькларыстаў і майстроў народнай творчасці дапамаглі стварыць незабыўную атмасферу, але «цвік праграмы» — гэта святочны карагод вакол вогнішча: сімвал перамогі жыцця і прыходу цяпла на зямлю. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю