«Для паспяховага асваення рынкаў простага гандлю сёння мала»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб шляхах паскарэння работы па ключавых інвестыцыйных праектах Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы былі пытанні: што тармозіць выкананне дамоўленасцяў і як ім надаць неабходны імпульс.
«Эфект ад такіх камандзіровак вялікі»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што рэгулярна бывае ў іншых краінах з візітамі. Адзін з прыкладаў — нядаўняя вялікая камандзіроўка, падчас якой Аляксандр Лукашэнка наведаў Расію, Кітай, Інданезію і М’янму. Пры гэтым беларускі бок заўсёды добра прымаюць у розных рэгіёнах свету — у краінах Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і іншых. Такія камандзіроўкі даюць станоўчы эфект для эканомікі, бо на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў дасягаюцца канкрэтныя і значныя пагадненні аб развіцці супрацоўніцтва.
«Эфект ад такіх камандзіровак вялікі. Але я баюся цяганіны, каб гэта ўсё не патанула», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад дамоўленасць аб будаўніцтве ў Беларусі цэлюлозна-кардоннага камбіната, дасягнутую з Аманам. Рэалізацыя гэтага праекта ідзе недастаткова актыўна, нягледзячы на яго важнасць. «Гэта нам вельмі неабходна. Мы не паспяваем, як гэта я бачу з паветра, перапрацоўваць той лес, які спее на корані. Таму нам трэба разумна і без празмернасцяў перапрацоўваць гэтую сыравіну. Гэта наш здабытак, — выказаўся пра важнасць згаданага праекта беларускі лідар. — Дамовіліся: будзем рабіць гэта і гэта. Прайшло ўжо нямала часу. Дакладвае ўрад: мемарандум падпісалі, думаем, плануем... Ну і колькі мы будзем планаваць? І так па іншых пытаннях».
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пазначыў прычыну, чаму вырашыў сабраць адказных і пачуць, як рэалізуюцца важныя дамоўленасці. «Галоўнае — гэта эканоміка, падмурак. Каб не завалакіцілі, каб гэтыя камандзіроўкі, асабліва на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, не праходзілі мімалётам і міма мэты. Але, акрамя гэтага, і міністры, і Прэм’ер-міністр здзяйсняюць адпаведныя камандзіроўкі. Гэта ўсё добра, гэта дыпламатыя. Але з’ездзілі, а вынік?» —заўважыў Прэзідэнт, дадаўшы, што сабраў нараду, каб паслухаць адказных асоб, як рэалізуюцца важныя для краіны праекты.«Задача вырашаецца праз кааперацыю, вынас вытворчасці бліжэй да спажыўцоў»
Кіраўнік дзяржавы таксама назваў нараду элементам прэзідэнцкага кантролю рэалізацыі найважнейшых дамоўленасцяў з замежнымі краінамі. Канкрэтна — інвестыцыйных праектаў, прычым як у Беларусі, так і беларускіх праектаў за мяжой.
У частцы экспарту ў пачатку гэтага года нашы прадпрыемствы спрацавалі нядрэнна, канстатаваў Прэзідэнт. Падчас вялікага візіту ў адрас нашай краіны таксама было сказана нямала добрых слоў і намечана шмат планаў, дадаў Аляксандр Лукашэнка. «Разам з тым даўно вядома, што для паспяховага асваення рынкаў, асабліва далёкіх, простага гандлю сёння мала. Задача вырашаецца праз кааперацыю, вынас фінішнай вытворчасці бліжэй да спажыўцоў, стварэнне на месцы сваіх або сумесных аб’ектаў лагістыкі і вытворчасцяў», — адзначыў беларускі лідар.

Інструментарый для дасягнення гэтых мэт, працягнуў Прэзідэнт, маецца, прычым многае зроблена за апошнія месяцы. Так, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, быў закладзены інвестыцыйны складнік у Праграму дзеянняў урада па развіцці супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі і перш за ўсё Афрыкі на 2026 — 2030 гады. З Кітаем з 1 студзеня 2026 года запрацавала пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый, у маі прынята новая Дырэктыва Прэзідэнта з выразным акцэнтам на прыцягненне прамых інвестыцый.
«Можна сказаць, выпакутавалі пул з 60 праектаў (ідэй) на суму каля 6 мільярдаў долараў для прыцягнення інвестараў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У чэрвені 2026 года Савет Міністраў нарэшце зацвердзіў стратэгію развіцця мультыбрэндавых сэрвісных цэнтраў беларускай тэхнікі і прамысловага абсталявання ў іншых краінах СНД і далёкай дугі. Без гэтага нікуды: ніхто тэхніку купляць не будзе, калі не будзе відаць, што яе можна там падрамантаваць, гарантыйнае абслугоўванне ажыццявіць і абслугоўваць у перспектыве».
«Гэтыя дакументы не павінны ляжаць мёртвым грузам, а павінны стаць кіраўніцтвам да дзеяння. Прычым да неадкладнага дзеяння, без цяганіны. Па маіх унутраных адчуваннях, разгортваемся ўсё роўна вельмі туга», — заўважыў Прэзідэнт.
«Самі сабе ствараем надуманыя бюракратычныя праблемы»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэалізацыя інвестыцыйных праектаў за мяжой разгортваецца не так хутка, як трэба, і абазначыў тое, што перашкаджае яе паскарэнню.
«Сёння важна зразумець, што нам перашкаджае. Першае — наша ўласная ўнутраная няспрытнасць, недысцыплінаванасць і бюракратыя. Самі сабе ствараем надуманыя бюракратычныя праблемы, з якімі гераічна змагаемся месяцамі. Бывае так: Прэзідэнт прыняў рашэнне, засталося толькі падпісаць. Месяцамі спрабуюць падрыхтаваць прыняты ўказ або распараджэнне на адным лісце для падпісання Прэзідэнтам», — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Апошні прыклад — гісторыя з праектам новага цэлюлознага камбіната на Віцебшчыне. «Аказваецца, трэба аж два прэзідэнцкія ўказы: першы — каб у літаральным сэнсе слова расчысціць пляцоўку пад будаўніцтва ад старых інвестараў, другі — каб запусціць новы інвестпраект. Ну два дык два! Няважна: два ці адзін, але вы ўнясіце! Чыноўнікі пераліваюць з пустога ў парожняе які месяц, а праект не рухаецца, — жорстка пазначыў беларускі лідар. — Дамоўленасць на вышэйшым узроўні даўно дасягнутая, а мы патанулі ў бюракратыі. Я прашу па ўсіх інвестпраектах, якія будзем сёння абмяркоўваць, дакладна сказаць, дзе рэальныя праблемы, а дзе — валакіта з нашага боку».
Другое — фінансавы аспект. «Калі бачым рэальную перспектыву, калі трэба замацавацца на рынку ў апорных краінах, то чаму не выкарыстоўваем дзяржаўны фінансавы рэсурс, каб дапамагчы нашым флагманам? — спытаў беларускі лідар. — Не вельмі бачная роля Нацыянальнага банка ў гэтым працэсе. Разам з урадам Нацыянальны банк адказвае за эканамічны рост, найважнейшай часткай якога з’яўляюцца эфектыўныя інвестыцыі. Калі гаворка ідзе аб бюджэтных грошах, тым больш аб рэзервах, фінансісты адразу ківаюць на работнікаў вытворчасці — няма ўсебакова прапрацаваных бізнес-планаў. Ну дык прапрацоўвайце, для гэтага мы тут сёння і сабраліся. Таму лічыце разам з Банкам развіцця. Урэшце, гаворка ідзе пра 3-5, ну хай 10 праектаў у год».
«Мы павінны вызначыцца дакладна, куды нам ісці»
«Мы ведаем, што цікавіць замежных партнёраў — зборачныя вытворчасці, сэрвісныя цэнтры. Гэтак жа, як Беларусь «цягне» да сябе аўтавытворцаў, мы бачым, што і нас туды запрашаюць. Гэта добра, аднак не ва ўсіх выпадках дастаткова ўнесці ў капітал сумесных кампаній інтэлектуальную ўласнасць. Як і Беларусі, гэтым краінам патрэбны жывыя інвестыцыі — сродкі для будаўніцтва новых прадпрыемстваў па нашых тэхналогіях», — канстатаваў Прэзідэнт.
Пакуль, напрыклад у Афрыцы, у нас атрымліваецца рэалізаваць адносна невялікія праекты з прамымі беларускімі інвестыцыямі — зборачныя вытворчасці сельгастэхнікі ў Нігерыі, сэрвісныя цэнтры там жа, а таксама ў Зімбабвэ і Тога. «Нам трэба дакладна вызначыцца ва ўрадзе: куды ў Афрыцы мы павінны ісці. Нам трэба дакладна вызначыцца: захад, усход, на поўдні прадпрыемствы або на поўначы», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Гігантаманіяй мы пакутаваць не павінны. Мы павінны вызначыцца дакладна, куды нам ісці», — акцэнтаваў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ёсць магчымасць працаваць на афрыканскім рынку разам з партнёрамі з Расіі, што таксама з’яўляецца перспектыўным.
Беларускі лідар звярнуў увагу і на той факт, што часам інвестпраекты рэалізуюцца прыватнікамі, рэсурсы якіх абмежаваныя. «Дзяржава павінна працаваць, — дадаў Прэзідэнт. — Беларускія камплектуючыя, ліцэнзійныя плацяжы, прыбытак ад рэалізацыі — гэта для нас важна. Трактар МТЗ у Пакістане ці ў Афрыцы працуе 20-30 гадоў. За гэты тэрмін арыгінальнымі запчасткамі, шынамі, расходнымі матэрыяламі да яго выручку як яшчэ за два такія трактары атрымаць можна».
Актыўны інвестыцыйны пакет з Кітаем сёння ўключае каля 80 праектаў на агульную суму 5 мільярдаў долараў
Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў у ходзе даклада заявіў, што актыўны інвестыцыйны пакет з Кітаем сёння ўключае каля 80 праектаў на агульную суму 5 мільярдаў долараў. Паводле яго слоў, інвестпраекты можна падзяліць на некалькі груп. Гэта не толькі тыя, якія рэалізуюцца ў Беларусі, у першую чаргу на пляцоўцы індустрыяльнага парка «Вялікі камень», але і сумесныя праекты за мяжой, а таксама некалькі на тэрыторыі самога Кітая.
З добрай дынамікай з’яўляюцца новыя праекты, ідзе актыўная стадыя правядзення Гадоў прамысловай кааперацыі, якімі ў беларуска-кітайскім супрацоўніцтве аб’яўлены 2026-2027 гады. «Толькі за апошнія 4 месяцы ініцыіравана больш за 20 праектаў агульным коштам каля 3 мільярдаў долараў. І гэта не шараговыя праекты», — заявіў Мікалай Снапкоў.

Ён падкрэсліў, што Кітай з’яўляецца адным з ключавых інвестараў у Беларусь, заняўшы ў 2025 годзе чацвёртае месца па гэтым паказчыку. Яскравае пацвярджэнне таму — пастаянны рост колькасці арганізацый з кітайскім капіталам. У 2025 годзе з прыцягненнем кітайскага капіталу і тэхналогій рэалізоўвалася каля 60 інвестпраектаў з агульным аб’ёмам заяўленых інвестыцый 1,6 мільярда долараў. З іх 52 праекты — у індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Частка праектаў, якія рэалізуюцца, звязана з трансферам кітайскіх тэхналогій. Гэты напрамак у тым ліку замацаваны ў Дырэктыве Прэзідэнта, што датычыцца развіцця супрацоўніцтва з КНР. «Трансфер сістэмных і перспектыўных тэхналогій для асваення і ўкаранення ў вытворчасць вызначаны як задача», — звярнуў увагу першы віцэ-прэм’ер.
Мікалай Снапкоў таксама пацвердзіў тэзіс кіраўніка дзяржавы аб тым, што развіццё супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і Кітая з’яўляецца самым аптымальным і выніковым шляхам прыцягнення кітайскіх інвестыцый. Работа ў гэтым напрамку вядзецца, пацвярджэннем чаму стаў першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Кітая, які прайшоў 1 ліпеня 2026 года ў правінцыі Ганьсу. «Мэтавая задача абласцям вызначана — гэта актыўная работа са сваімі правінцыямі-пабрацімамі», — адзначыў першы віцэ-прэм’ер.

Даслоўна
«Мы шмат чаго можам зрабіць самі»
Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў у размове з журналістамі па выніках нарады расказаў, што асноўны акцэнт у рабоце з Кітаем робіцца на прамысловую кааперацыю і сумеснае тэхналагічнае супрацоўніцтва. «Некалькі дзясяткаў праектаў, аб рэалізацыі якіх было даложана кіраўніку дзяржавы, у сваёй аснове адносяцца да прамысловай, аўтамабільнай, станкабудаўнічай, машынабудаўнічай, лагістычнай галін. Уключаючы турызм, будаўніцтва сумесна з кітайскімі калегамі гасцініц санаторнага тыпу для медыцынскага турызму з элементамі традыцыйнай кітайскай медыцыны, — пералічыў Мікалай Снапкоў. — Гэта вельмі перспектыўны і запатрабаваны кірунак як унутры краіны, так і для яе гасцей».
Першы віцэ-прэм’ер дадаў, што працэс інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем пастаянна развіваецца, з’яўляюцца новыя праекты. Галоўны крытэрый тут — рэалізуемасць і карыснасць такіх праектаў для краіны.
«Каб мы не ўдаваліся ў супрацоўніцтва дзеля супрацоўніцтва. Вельмі магутны акцэнт ад Прэзідэнта — мы шмат што можам зрабіць самі. Калі мы гэта зробім самі, гэта сапраўды будзе надоўга і самае галоўнае — з гарантаванай якасцю», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, ідэалагемай нарады была якасць — і праектаў, і тавараў, якія мы вырабляем, ужо з пункту гледжання экспартнага патэнцыялу.
«Гэта магчымасць выбудоўвання доўгатэрміновых кантрактаў»
Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч у размове з журналістамі адзначыў, што адносіны Беларусі з краінамі Афрыкі дынамічна развіваюцца. «Забяспечваюцца пастаўкі прадукцыі, пашыраецца пералік наменклатуры, павялічваюцца аб’ёмы (паставак. — „Зв.“) — гэта і прамысловая прадукцыя, і прадукты харчавання. Гэтыя краіны таксама цікавяць не толькі пастаўкі тэхнікі і прадуктаў харчавання, але і магчымасць выкарыстання беларускіх тэхналогій і кампетэнцый. А для нас гэта магчымасць выбудоўвання доўгатэрміновых кантрактаў», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
- Паводле яго слоў, заходзіць на рынкі афрыканскіх краін таксама трэба праз рэалізацыю сумесных зборачных вытворчасцяў і стварэнне сэрвісных цэнтраў абслугоўвання. «Ёсць канкрэтныя прыклады работы сэрвісных цэнтраў у Зімбабвэ, ёсць праекты ў іншых краінах — Нігерыі, Тога, Гане, дзе такія цэнтры з’явяцца, а самае галоўнае — гэта пераход да стварэння зборачных вытворчасцяў, дзе будуць выкарыстоўвацца беларускія машынакамплекты», — звярнуў увагу Віктар Каранкевіч.
Акрамя таго, беларускія спецыялісты навучаць персанал абслугоўванню такой тэхнікі і рабоце на ёй, што дазволіць выбудоўваць больш выразныя планы па выпуску і самой тэхнікі, і неабходнага абсталявання да яе.
Віктар Каранкевіч нагадаў, што прынята Праграма дзеянняў урада па развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі на 2026—2030 гады, дзе вызначаны апорныя пункты ўзаемадзеяння. «Ёсць канкрэтныя напрацоўкі, канкрэтныя праекты, вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. 2026 год таксама павінен паказаць пэўны вынік у частцы росту знешнегандлёвага абароту з краінамі Афрыкі», — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер.
«Усе дзяржаўныя органы заточаныя на атрыманне выніку»
Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч паведаміў журналістам аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з шэрагам краін Блізкага Усходу і Азіі. Ён адзначыў, што нашы партнёры на Блізкім Усходзе і ў Азіі чуюць і разумеюць Беларусь і не баяцца з ёй супрацоўнічаць.
Сяргей Лукашэвіч падкрэсліў, што Прэзідэнт Беларусі добра дасведчаны аб усіх праектах з Аманам. «Ёсць жаданне нашых аманскіх партнёраў і сяброў зазямліць свае эканамічныя інтарэсы ў нас у краіне. Яны дастаткова падрыхтавана падыходзяць да гэтага, адкрыўшы ў чэрвені гэтага года так званае эканамічнае пасольства сваёй краіны — спецыяльны фонд, які будзе займацца ўрэгуляваннем нейкіх нюансаў у сумесных праектах. Таму што любое інвесціраванне — гэта паслядоўнасць пэўных крокаў, якія трэба прайсці», — адзначыў першы намеснік міністра.
Аман таксама зацікаўлены ў стварэнні сумеснай вытворчасці сухіх малочных сумесяў як на сваёй тэрыторыі, так і ў Беларусі, працягнуў Сяргей Лукашэвіч: «У найбліжэйшы час мы вызначымся, дзе гэта будзе выгадна. І, адпаведна, будзем рухацца ў гэтым ключы».
Сяргей Лукашэвіч нагадаў і пра нядаўні візіт Прэзідэнта Беларусі ў Інданезію, падчас якога былі дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Першы намеснік міністра згадаў таксама іншыя краіны Азіі: «В’етнам, Індыя, Пакістан, М’янма, дзе Прэзідэнт таксама пабываў. Ёсць інвестпраекты, напрыклад, у медыцыне: стварэнне лекавых сродкаў на нашай тэрыторыі»
Паводле слоў Сяргея Лукашэвіча, карціна інвестыцыйнага супрацоўніцтва мае станоўчы трэнд. «Усё крыецца ў нюансах. Усе дзяржаўныя органы заточаны на атрыманне выніку для таго, каб мы годна на знешнім контуры прадстаўлялі сваю прадукцыю праз інвестыцыйныя праекты і каб мы годна прымалі інвестыцыі з гэтых краін і зазямлялі ў сябе ў краіне», — дадаў першы намеснік міністра.
Што датычыцца бюракратычных праблем, на якія звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы, Сяргей Лукашэвіч адзначыў: «Трэба паглядзець на гэта ўсё досыць узважана. Не толькі мы можам з’яўляцца прычынай нейкага доўгага разгляду дакументаў. Ведаеце, паўднёвыя краіны — гэта заўсёды дастаткова паступовае прыняцце рашэнняў. Момант бюракратыі ёсць. Але Прэзідэнт гаворыць аб тым, каб гэтага было мінімальна з нашага боку, там, дзе мы можам прыкласці намаганні і атрымаць вынік».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА