Якія асноўныя прычыны такой высокай распаўсюджанасці гэтых захворванняў? Як сёння іх лечаць? Што павінен ведаць кожны для таго, каб не бачыць кроў на зубной шчотцы? Пра гэта і многае іншае размаўляем з парадантолагам Аксанай Стружко.
Анатомія праблемы
— З якімі скаргамі, Аксана Вячаславаўна, да вас часцей за ўсё звяртаюцца пацыенты?
— Першым чынам з кроватачывасцю дзяснаў, рухавасцю і зменай становішча зубоў, агаленнем каранёў, ацёкамі, болем, непрыемным пахам з рота. Ёсць тыя, хто прыходзіць зняць камні. Рэдкая прычына зваротаў — праблемы са слізістай. Хоць яе стан (сухасць, смыленне, змена колеру і паверхні) нельга ігнараваць. Мы, парадантолагі, заўсёды звяртаем на гэта ўвагу.

— Думаю, большасць людзей хаця б аднойчы сутыкаліся з кроватачывасцю дзяснаў. Па якіх прычынах гэта часцей за ўсё здараецца?
— Кроватачывасць — прыкмета запалення дзясны. Калі цэласнасць касцявой тканкі пры гэтым не парушана — гэта гінгівіт. Калі ж запаленне суправаджаецца парушэннем касцявой тканкі, апорна-звязачнага апарату зубоў, то гэта парадантыт. Галоўная прычына запалення дзясны — біяплёнка (складаная мікробная супольнасць у поласці рота). Часам кроватачывасць звязана з траўмамі (з-за брэкетаў). Бывае, яе выклікаюць захворванні слізістых. Часам гэта сімптом захворванняў крыві, сістэмнай паталогіі ці анкалогіі. Калі доўга не атрымліваецца спыніць кроватачывасць, маюць месца вонкавыя змены дзясны, мы адпраўляем пацыента здаваць агульны аналіз крыві і да спецыялістаў для дадатковага абследавання. Вельмі важна правільна вызначыць прычыну кроватачывасці дзяснаў, паставіць дакладны дыягназ. Гэта вызначае выбар лячэння.
— Галоўнай прычынай запаленняў парадонта вы назвалі дрэнную гігіену. Але напэўна шмат хто ўспомніць прыклады сваіх знаёмых, якія вельмі старанна даглядаюць ротавую поласць і тым не менш пакутуюць парадантытам.
— Безумоўна, сваю ролю адыгрывае спадчыннасць. Ёсць людзі, ад нараджэння схільныя да парадантыту, а ёсць тыя, у каго вельмі высокая ўстойлівасць да дрэннай мікрафлоры. У кожнага чалавека — свой, індывідуальны адказ на дзейнасць бактэрый. Больш за тое, гэтыя асаблівасці прыкметна адрозніваюцца ў розных папуляцыях. У 1980-я гады праводзілі маштабнае даследаванне жыхароў аднаго з астравоў, якія не вельмі прытрымліваліся правіл гігіены і ў якіх не было развітой стаматалагічнай дапамогі. Цяжкі, агрэсіўны парадантыт сустракаецца там у 8 % дарослых. А ў іншай папуляцыі, дзе была даступная высокакваліфікаваная меддапамога і людзі сачылі за гігіенай поласці рота, цяжкія формы запаленняў сустракаліся ў 2-3 разы часцей.
— Ад чаго залежыць глыбіня парадантальных кішэняў?
— Ад індывідуальных асаблівасцяў, ад таго, у якім узросце чалавек упершыню звярнуўся да парадантолага, ад рэгулярнасці лячэння. Часам да спецыялістаў нашага профілю ўпершыню трапляюць у 50-60 гадоў. Зразумела, што рэдка ў каго да гэтага узросту няма праблем. Часам у некаторых ужо цяжкая ступень парадантыту, глыбіня парадантальных кішэняў перавышае 7 мм. А вось калі да мяне прыходзіць пацыент з парадантальнымі кішэнямі 3-5 мм, то яны могуць і не павялічыцца, калі рэгулярна сачыць за станам дзяснаў.
— Ці часта бывае так — прыйшоў пацыент, падлячыўся ў вас і назаўжды забыўся дарогу ў ваш кабінет?
— Бывае. Але гэта памылка. Парадантыт — хранічнае захворванне. Калі такі дыягназ ставяць, ён з вамі ўжо назаўжды. Калі пры артэрыяльнай гіпертэнзіі ці дыябеце перастаеш піць таблеткі, то хвароба адразу нагадвае пра сябе. Так і з парадантытам. Не прыйшоў своечасова да ўрача «падтрымаць» дзясны — хутчэй за ўсё чакай пагаршэння.
— У якім узросце рэкамендуецца прыйсці на першую кансультацыю ў парадантолага?
— У 15-17 гадоў лепш ужо прайсці скрынінг. З гэтага ўзросту можна зандзіраваць парадантальныя кішэні. Да таго ж агрэсіўны парадантыт (цяжкае, хуткапрагрэсавальнае запаленне тканак парадонта) лепш дыягнаставаць як мага раней. Ён па-асабліваму лечыцца, у яго іншы прагноз. Асабіста я заўсёды рада, калі да мяне на прафілактычную кансультацыю прыходзяць маладыя юнакі і дзяўчаты.
— У мужчын ці жанчын часцей сустракаюцца захворванні парадонта?
— У роўнай ступені. Але жанчыны хутчэй даходзяць да парадантолага.
— Ці праўда, што ўсе дыябетыкі пакутуюць на парадантыт?
— Большасць. Цукровы дыябет і парадантыт звычайна ідуць у цесным звязку. Калі чалавек не кантралюе ўзровень глюкозы, то стан парадонта прыкметна пагоршыцца. Гэтай катэгорыі пацыентаў абавязкова трэба трымаць сваё захворванне пад кантролем. А ўвогуле стан дзяснаў сучасная медыцына звязвае з вялікай колькасцю захворванняў. Напрыклад, парадантыт можа значна пагоршыць прагнозы сардэчна-сасудзістай паталогіі. І ўсе, у каго ёсць хранічныя захворванні, павінны абавязкова рэгулярна назірацца ў парадантолага.
Гігіена — наша ўсё
— Якія метады лячэння выкарыстоўваюць сёння парадантолагі? Якія з іх лічацца самымі эфектыўнымі?
— Лячэнне хвароб парадонта адрозніваецца індывідуальным падыходам. Ёсць праграма-мінімум, якая прадугледжвае забеспячэнне гігіены поласці рота і таму найболей эфектыўная. Без яе нельга прыступаць да іншых працэдур. Наша задача яшчэ і ў тым, каб падабраць пацыенту сродкі, з дапамогай якіх ён сам будзе штодня падтрымліваць асабістую гігіену і не дапускаць запалення дзяснаў. Далей наводзім парадак над і пад дзясной. Нярэдка дадаткова прызначаем фізія- і медыкаментознае лячэнне; у цяжкіх выпадках — антыбіётыкі. Каля 90 % пацыентаў ахопліваем кансерватыўным лячэннем, імкнучыся пазбегнуць выдалення зубоў. Сучаснае абсталяванне адкрывае новыя магчымасці для гігіены і лячэння. Сёння за 3-5 наведванняў можна ўстараніць сур’ёзныя праблемы парадонта.
— Ці могуць тыя, хто пакутуе захворваннямі парадонта, насіць брэкеты?
— Раней лічылася, што не. Але сёння гэта нармальная практыка. Магчымасці па рэабілітацыі пацыентаў значна шырэйшыя, абмежаванняў становіцца менш.
— У чым заключаецца прафілактыка захворванняў парадонта?
— Самае галоўнае — захаванне гігіены поласці рота. Бываюць часам пацыенты, у якіх нягледзячы на ідэальную гігіену назіраеш цяжкі парадантыт, але гэта выключэнне з правілаў, такіх менш за 10 %. Людзям з хранічнымі захворваннямі парадонта вельмі важна адмовіцца ад курэння. Калі чалавек выкурвае больш за 10 цыгарэт у дзень, у яго вельмі высокая рызыка ўзнікнення і цяжкага праходжання парадантыту. Не менш небяспечныя і вэйпы. Сёння шмат пацыентаў з імплантатамі: нават пры адсутнасці скаргаў ім неабходна рэгулярная прафесійная гігіена. Дзецям, каб пазбегнуць праблем з дзяснамі, трэба прывіваць звычку правільна харчавацца і чысціць зубы не менш за 2-3 хвілін раніцай і ўвечары. А яшчэ трэба абавязкова чысціць язык, хоць бы адзін раз, на ноч. Ну і не забываць наведвацца да парадантолага як мінімум раз на год.
— На што трэба звяртаць увагу пры выбары паст, шчотак для чысткі зубоў?
— Трэба зыходзіць з цэнавых магчымасцяў, індывідуальных адчуванняў і пераваг. У лінейках усіх вытворцаў ёсць лячэбныя пасты, для адбельвання, адчувальных зубоў, пры захворваннях дзяснаў і г. д. Пры канкрэтным дыягназе можна даць больш дакладныя рэкамендацыі. Часам пацыенты прызнаюцца, што пазбягаюць паст, якія змяшчаюць фтор. Дарэмна. Людзям са схільнасцю да карыесу, сухасці ў роце яны цалкам падыходзяць. Не рэкамендуецца доўга карыстацца пастамі, якія змяшчаюць антысептыкі, хлоргексідын. Пры адчуванні смылення, сухасці ў роце мы раім адмовіцца ад паст з любымі дабаўкамі ў складзе. Што да шчотак, то яны павінны быць не даўжэй 2,5 см, з роўнай гладкай паверхняй, зручным захопам, шчыльным размяшчэннем шчацінак. Зубы не рэкамендуецца чысціць гарызантальнымі, як часта бывае, рухамі. Пры кроватачывасці дзяснаў падыходзіць густая мяккая шчотка. Усім бы раіла выкарыстоўваць ёршыкі, монапучок, зубныя ніткі як дадатковыя сродкі зубной гігіены
— Што вы можаце сказаць наконт апалосквальнікаў, ірыгатараў? Для каго яны перш за ўсё прадугледжаны?
— Апалосквальнікі звычайна рэкамендуюць дадаць, каб узмацніць дзеянне паст. Калі ўзяць пасту для адчувальных зубоў і такі ж апалосквальнік, то эфект будзе больш прыкметным. У астатнім — выбар за пацыентам і ўрачом. З-за шматкампанентнасці ў апалосквальнікаў ёсць рызыка індывідуальнай адчувальнасці. На гэта трэба зважаць ўвагу. Ірыгатар рэкамендуюць перш за ўсё людзям, якія носяць артапедычныя канструкцыі (мостападобныя альбо на імплантатах).
Вольга Паклонская, фота Валерыя Картуля