Пра тое, як зрабіць катанне на сапбордзе па-сапраўднаму бяспечным, расказала вядучы спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі АСВОД Ніка Баяльская.
Першае, на чым засяроджвае ўвагу ратавальнік, — кантроль надвор’я. Перад выхадам на ваду абавязкова трэба пераканацца, што няма моцнага ветру, дажджу ці навальніцы. Для катання лепш выбіраць акваторыі без мастоў, прычалаў і адчувальнага цячэння, а сам рыштунак загадзя правяраць на адсутнасць паломак.
«Адно з самых важных правілаў — трэба загадзя надзець выратавальную камізэльку па памеры і добра зашпіліць яе. Многія лічаць, што выратавальная камізэлька ім не патрэбна, бо яны ўмеюць плаваць. Але пры падзенні ў ваду ці ўдары аб дошку, каардынацыя губляецца за секунды і выратоўвае ў гэтым выпадку менавіта камізэлька», — падкрэсліла ратавальнік.
Абавязковы элемент экіпіроўкі — страховачны ліш (тонкі трос), адзін канец якога мацуецца да сапборда, а іншы — да нагі. Пры падзенні толькі не дае дошцы сплысці далёка: яе можна хутка падцягнуць да сябе і без цяжкасці выбрацца з вады. Нялішнім будзе і свісток — ён дапаможа ў выпадку небяспекі падаць сігнал.
Катацца пажадана з напарнікам або загадзя паведаміць блізкаму чалавеку, куды вы накіроўваецеся і прыкладна да якога часу плануеце вярнуцца. Ні ў якім разе нельга выходзіць на ваду ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення.
Ніка Баяльская пацвердзіла, што сапборды ў беларусаў карыстаюцца вялікай папулярнасцю. «Напрыклад, сярод апошніх выпадкаў — нядаўна знік 11-гадовы хлопчык. Трывогу забілі бацькі, якія перадалі інфармацыю на выратавальны пост, адкуль сігнал неадкладна паступіў на станцыю. На месца здарэння аператыўна выехала выратавальная група: хлопчыка знайшлі на сапбордзе без суправаджэння дарослых. З-за моцнага ветру і высокіх хваляў яго пачало адносіць ад берага — той некалькі разоў падаў з дошкі і да моманту прыбыцця ратавальнікаў быў знясілены. Дзіця знаходзілася на адлегласці 1,5 км ад берага. Ратавальнікі аператыўна дасталі яго з вады і перадалі бацькам», — расказала спікер.