Top.Mail.Ru

Іван Міско назапашваў уражанні для будучай творчасці з дзяцінства

У майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Якімавіча Міско ўвесь час з’яўляюцца новыя працы і эскізы, якія потым паступова пакідаюць майстэрню, каб увасобіцца ў помнікі. Так здарылася і з праектам, прысвечаным палёту першага касманаўта Юрыя Гагарына.


Скульптуры будуць з’яўляцца

— Помнік устанавілі пад Мінскам, у Ліпках, дзе аэраклуб і навучальны цэнтр ДАСААФ, да 90-годдзя гэтага таварыства. У гэты ж дзень там адбылося і адкрыццё Музея космасу, — распавядае Іван Якімавіч. — Мяне вельмі цешыць, што, нягледзячы ні на якія абставіны, у Беларусі з’яўляюцца новыя скульптуры і помнікі, праводзяцца творчыя конкурсы — усё дзякуючы падтрымцы дзяржавы і Прэзідэнта. Вось цяпер разглядаецца прапанова аб’явіць конкурс на помнік удовам Вялікай Айчыннай вайны. Ініцыятыва мая, ліст са зваротам падпісалі народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, касманаўты Уладзімір Кавалёнак, Марына Васілеўская, Алег Навіцкі. Помнік гэты вельмі патрэбны — у наступным годзе мы адзначаем юбілей Вялікай Перамогі, а тое, што наша пакаленне дзяцей вайны выжыла, — заслуга нашых маці, якія на сваіх плячах вынеслі цяжар ваеннага ліхалецця, фактычна лёс краіны.

— А як называецца помнік у Ліпках?

— «108 касмічных хвілін» — час, які Юрый Гагарын быў у космасе. Адна палова з белага граніту, другая — з чорнага, значыць, дзень і ноч. Плануецца, што такія ж мемарыяльныя знакі з’явяцца на радзіме Гагарына і ў цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, цяпер шукаем спонсараў. Я задаволены, што ў год 90-годдзя Юрыя Аляксеевіча Гагарына гэты помнік устанавілі. На адкрыцці былі і Уладзімір Кавалёнак, і Марына Васілеўская, і Алег Навіцкі. Айцец Фёдар Поўны назваў мой помнік філасофскім, праўда, я хацеў пачуць ад яго крытычныя заўвагі — але не пачуў.

— Няўжо любіце крытыку ў свой бок?

— Мяне заўсёды цікавяць прафесійныя заўвагі, нават калі яны крыўдныя. Праўда, абмяркоўваць трэба не тады, калі праца ўжо адлітая з бронзы. Памятаю, аднойчы, яшчэ ў савецкі час, паехаў я ў Маскву — ліцейныя майстэрні тады меліся толькі ў Піцеры і ў Маскве. Там адлівалася праца «Сустрэча Леніна на Фінляндскім вакзале» Аляксея Глебава. Прыехаў я прымаць гатовую працу, адлітую ў алюмініі. І бачу ў кампазіцыі салдата, рука якога прывараная ў адваротны бок. Гэта ж у якім стане трэба быць, каб прыварыць руку ў адваротны бок? Работнікі здзівіліся: «Быць таго не можа...» І пры мне яны руку адрэзалі і прыварылі правільна.

«Яны гіпс умеюць разводзіць?»

— А ці заўсёды мастакі прыслухоўваліся да крытыкі калег?

— Не заўсёды. Памятаю, у камбінаце на Някрасава адбывалася дзяржаўная прыёмка фрагмента мемарыяльнай кампазіцыі Азгура для плошчы Якуба Коласа. Прагучала мноства заўваг. Савет прайшоў, Азгур сказаў: «Фармаваць». Нічога не выправіў, нават не дакрануўся. Што ты скажаш такому мэтру? Бембель, калі да яго прыходзіла мастацкая рада, пытаўся пра маладых яе сяброў: «Гэта хто такія? А што яны закончылі? Нашу акадэмію? Дык нешта я іх не памятаю. Яны гіпс умеюць разводзіць?» Праўда, і крытыка бывае розная. Прыходзіць мастацкая рада ў майстэрню: «Малайчына, як здорава!» Выходзяць: «Як яму не сорамна такое ляпіць!»

— Значыць, не кожнаму і прафесіяналу варта верыць?

— Той, хто крытыкуе, павінен быць на тым жа ўзроўні майстэрства, што і той, каго ён крытыкуе. Валянцін Волкаў, стары мастак, які ў нас на першым курсе інстытута вёў малюнак, сядзеў у аўдыторыі за намі, таксама маляваў натуршчыка, і як — праз бінокль, які трымаў у руцэ... І ён не баяўся ў канцы ўрока ўзяць гэты аркуш 60×80 са сваім малюнкам, насіць па аўдыторыі і паказваць, як трэба маляваць. Вось якія павінны быць педагогі... Усё-ткі варта ўвесці, каб на нейкім курсе вучань Акадэміі мастацтва мог выбіраць сабе педагога.

Нататнік Брыля і тыпажы

— І вось вы глядзіце на чалавека і можаце ўсё распавесці па форме яго твару?

— Часам нават па форме пяткі. Прасвечваю як рэнтгенам: можна ляпіць яго аголеным ці нельга. Ляпіць вельмі прыгожых складана. Там правільныя прапорцыі, а за што зачапіцца? Гэта як у тэатры — трэба тыпаж. Складана гэта — знайсці тыпаж. Аляксей Канстанцінавіч Глебаў выразаў з дрэва партрэт Францыска Скарыны, цяпер усе ўяўляюць Скарыну такім. Мастак, журналіст, пісьменнік заўсёды павінен быць у працы, хапаць, занатоўваць уражанні. Колькі я ездзіў у цягніку з Янкам Брылём — ён сядзіць, размаўляе са спадарожнікамі, пасля раз — дастае маленькі такі нататнічак, нешта запісаў, ізноў у кішэню паклаў. Праходзіць дваццаць хвілін — ізноў дастаў, ізноў запісаў. З Ігарам Лучанком колькі мы ездзілі на рыбалку — яму тая рыба не трэба была. Закасаў штаны, узяў аркуш паперы, залез у нейкія кусты, дзе сонца няма, і нешта ўсё піша, піша... Таму што ў яго галава запоўненая мелодыяй.

— У вас і партрэт Аладавай стаіць, таксама тыпаж…

— Так. Калі прыйшоў час рабіць мемарыяльную дошку Аладавай, я сказаў, што адмаўляюся ад аўтарскага ганарару. Яна ўзяла мяне на працу ў мастацкі музей, за што я ўдзячны. І яна прымусіла мяне паступіць у інстытут. Я не хацеў. Пасля вучылішча атрымліваў добрыя замовы, добрыя грошы. І калі Аладава сказала: «Іван Якімавіч, трэба табе вучыцца», я падумаў — навошта? У мяне пайшлі грошы, я мастак, у мяне ёсць дыплом вучэльні... А яна кажа: «Дурны, ідзі вучыся». Пайшла да міністра, дамаглася дазволу, каб я днём хадзіў на вучобу, а вечарам адпрацоўваў у музеі.

Парэзаны Шышкін і хутарскія яблыкі

— Кажуць, Аладава валодала незвычайнай здольнасцю здабываць творы для музея?

— Так. Калі намеціла, што гэтая праца павінна быць у яе музеі, дацісне, даб’ецца. Тады камандуе: «Іван Якімавіч, хутка ў машыну грузі!» Гэта каб не перадумаў прадавец. Помню, прыехалі ў Ленінград, яна дамовілася з адным калекцыянерам. Прыйшлі. Той прынёс работу, разгарнуў, паказаў... «Ну і што гэта такое? Там дзірка, палатно бруднае, незразумела, што намалявана... Але рама — выдатная! Колькі ты хочаш за раму?» Калекцыянер назваў цану. Добра, кажа Аладава, купляю раму. Той: «Ну а карціна?» — «А што ты хочаш за карціну?» — «Ну даплаці мне трошкі»... А самае страшнае было, калі некаторыя ўладальнікі самі спрабавалі рэстаўрыраваць карціны. 

А потым даводзілася выпраўляць за імі. Быў выпадак, калі працу Шышкіна разрэзалі на тры часткі і прадалі ў тры музеі.

— Вы з дзяцінства назапашвалі ўражанні для будучай творчасці?

— Так. Памятаю, яблыня расла на нашым хутары... Яблыкі былі такія кіслыя, што іх ірвалі толькі позняй восенню. І маці гэтыя яблыкі клала ў кішэні адзежы, якую складвала на зіму ў куфар, бо шафаў не было. А вясной даставала. Ніводны яблык не згніў. А ўся адзежа была запоўненая водарам саду, водарам яблыкаў — парфумы ж таксама не было. Трыццаць дзявяты год добра памятаю. Бацька сказаў: «Дзеці, ідзіце ў панскі сад, бо паноў тут больш няма, ірвіце яблыкі антонаўкі і насіце на дарогу салдатам». А там чырвоная конніца, і машыны, і танкеткі ішлі са Слоніма на Гродна... І мы рвалі яблыкі і ў кашолках насілі на дарогу. Гэта было такое пачуццё радасці, задавальнення. Салдаты нас печывам частавалі. Многа такіх дэталяў помніцца... Хутарское дзяцінства. Усход сонца... Мне так хацелася паглядзець, адкуль яно ўзыходзіць і чаму хаваецца. Здавалася, яно жывое і са мной гуляе. Вось стары драўляны дом. Трэшчыны на зрубе. Я іх разглядаю, як зморшчыны чалавека.

— А з дрэвам вы працавалі?

— Працаваў. Вось цяпер да яго вярнуўся. Накідаў эскіз, называецца «Усход сонца». Малюнак будуць утвараць трэшчыны. Зараз шукаю, якія пароды дрэва падыходзяць. Хачу звязаць з тэмай іншапланецян. Не магу ад яе адмовіцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю