Top.Mail.Ru
195

Іван Кубракоў: Наступальнасць у прафілактыцы трэба нарошчваць

Аб гэтым міністр унутраных спраў заявіў на калегіі УУС Віцебскага аблвыканкама


Падчас калегіі падвялі вынікі аператыўна-службовай і аператыўна-вышуковай дзейнасці за 2025 год. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства, у прыватнасці, знаходзіліся пытанні павышэння эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю і ўмацавання правапарадку. Па выніках калегіі кіраўнік міліцэйскага ведамства агучыў прыярытэтныя задачы для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на бліжэйшы час.

Іван Кубракоў даручыў узмацніць кантроль за асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, іншымі катэгорыямі грамадзян, чый лад жыцця схіляе да ўчынення правапарушэнняў.

«Важна забяспечыць уцягванне ў працоўную дзейнасць усіх падуліковых, — канкрэтызаваў міністр унутраных спраў. — Іх патэнцыял можа быць выкарыстаны, напрыклад, у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

Асобна была акцэнтаваная ўвага на дарожнай бяспецы. «Каардынацыя работы па ўстараненні прычын, якія спрыяюць ДТЗ, ляжыць на УУС, — звярнуў увагу Іван Кубракоў. — І арганізацыя расчысткі дарог пры складаных умовах надвор’я — у тым ліку. Наступальнасць у прафілактыцы трэба нарошчваць».

Не менш актуальныя задачы перад міліцыянерамі стаяць у сферы АПК. «Пытанні належнага ўтрымання і лячэння жывёл патрабуюць пастаяннага маніторынгу і рэагавання. Трымайце руку на пульсе», — заклікаў калег кіраўнік міліцэйскага ведамства. 


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, які прысутнічаў на калегіі, заклікаў у выпадку выяўлення фактаў безгаспадарлівасці на сельгаспрадпрыемствах інфармаваць яго напрамую.

Акрамя таго, Іван Кубракоў нацэліў удзельнікаў пасяджэння на правядзенне прадуманай кадравай палітыкі, пастаянную падтрымку ветэранаў органаў унутраных спраў і ўзмацненне прафарыентацыйнай работы з выхаванцамі ваенна-патрыятычных класаў.

Падводзячы вынік, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што асабовы склад вобласці здольны і гатовы гарантаваць бяспеку ў рэгіёне. «Недахопы ёсць, але яны бываюць ва ўсіх, — удакладніў ён. — Самае важнае — каб мы іх бачылі і ўвесь час працавалі над памылкамі».

У завяршэнні калегіі адбылася цырымонія ўзнагароджання супрацоўнікаў і найлепшых падраздзяленняў, якія вызначыліся на службе. Акрамя таго, Іван Кубракоў уручыў пагоны спецыяльных званняў.

На калегіі міністр узнагародзіў і фіналістаў ведамаснага творчага конкурсу «Мары здзяйсняюцца».

Перад цырымоніяй для дзяцей і іх бацькоў правялі экскурсію па будынку УУС Віцебскага аблвыканкама. Беларускай міліцыі ёсць чым ганарыцца, і госці ў гэтым упэўніліся. Для фіналістаў падрыхтавалі яшчэ адзін сюрпрыз: Вікторыя і Станіслаў адправіліся на экскурсію ў АМАП УУС.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю