Фармат мерапрыемства, якое прайшло ў Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры, — нефармальны дыялог прадстаўнікоў студэнцкага актыву ўстаноў вышэйшай адукацыі, маладых вучоных, блогераў і валанцёраў з прафесіяналамі і экспертамі ў розных галінах.
Кіраўнік ведамства даў вычарпальныя адказы на самыя розныя пытанні. У прыватнасці, аўдыторыю цікавіла работа вартавых правапарадку ў электаральны перыяд.
«Любая выбарчая кампанія для супрацоўнікаў — пэўны іспыт, — адзначыў Іван Кубракоў. — Наша задача — гарантаваць бяспеку грамадзян, якія ідуць галасаваць. Не сакрэт, што з 2020 года сітуацыю спрабуюць разгайдаць. Але мы зрабілі высновы. З улікам таго, што ўсе былі гатовы да 2025 года, гэтыя выбары сталі самымі спакойнымі».
Міністр адзначыў, што ў электаральны перыяд асабовы склад праявіў прафесіяналізм, стойкасць і цярпенне. Вялікую дапамогу аказвалі дружыннікі, ветэраны органаў унутраных спраў, БРСМ.
Расказваючы аб актуальных праблемах у сферы барацьбы са злачыннасцю, Іван Кубракоў канстатаваў: па выніках 2024 года працягвае расці колькасць кіберзлачынстваў. У першую чаргу гэта абумоўлена павелічэннем колькасці махлярстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У сувязі з гэтым, па яго словах, праведзена маштабная прафілактычная кампанія, удасканальваліся меры барацьбы з новымі злачыннымі схемамі.
Адказваючы на пытанне аб жанчынах у пагонах, міністр унутраных спраў паведаміў, сёння ў міліцыі служаць 12 % прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. У асноўным у падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі, інфармацыйных цэнтрах і інспекцыі па справах непаўналетніх. Таксама ёсць дзяўчаты ў крымінальным вышуку, АМАПе, іншых спецпадраздзяленнях. Як падкрэсліў кіраўнік ведамства, усе яны цудоўна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
Міністр расказаў, як беларускай міліцыі ўдаецца быць на крок наперадзе правапарушальнікаў. «Мы маем усе неабходныя сілы і сродкі, каб штодня эфектыўна забяспечваць грамадскую бяспеку і супрацьдзеянне злачыннасці, — канкрэтызаваў ён. — МУС у сучасных рэаліях — гэта вялікі, збалансаваны і структурна выбудаваны механізм. Дзякуючы яго працы ў любы час сутак на нашых вуліцах спакойна і бяспечна. Гэта бачаць і грамадзяне краіны, і замежныя госці».
Ведамства не стаіць на месцы, развіваецца, ідзе ў нагу з часам. Безумоўна, якаснае выкананне пастаўленых задач магчыма толькі пры ўмове высокай прафесійнай кампетэнцыі асабовага складу.
«Кваліфікаваныя кадры не толькі для МУС, але і для іншых праваахоўных структур рыхтуюць ва ўстановах адукацыі міліцэйскага ведамства, — адзначыў Іван Кубракоў. — Адмысловае месца займаюць спецыялізаваныя ліцэі, у якіх хлопцам даюць першасныя веды і навыкі, выхоўваюць патрыётаў. Мае станоўчы эфект прафесійная арыентацыя са школы, уцягванне дзяцей у ваенна-патрыятычныя клубы, колькасць якіх пастаянна расце. Сёння іх амаль 200, яны аб’ядноўваюць больш за шэсць тысяч чалавек».
Фота прэс-службы МУС