Праз чатыры гады пасля прэм’еры нашумелага фільма «Дом Гучы» ад Рыдлі Скота, які атрымаў вельмі неадназначныя ацэнкі крытыкаў і гледачоў, пра сям’ю здымуць новы праект. Пра гэта паведамляе Точка.by.
Будучы серыял пад назвай Gucci: Game Over анансавала кампанія Sky. Стваральнікі плануюць такім чынам выправіць сітуацыю, якая абурыла ўсё італьянскае грамадства.
Шасцісерыйны серыял здыме Габрыэле Мучына — італьянскі кінарэжысёр і сцэнарыст, які праславіўся фільмамі «Апошні пацалунак» і «Помні пра мяне» з Монікай Белучы.
Асновай для сцэнарыя стануць мемуары Алегры Гучы — дачкі кіраўніка моднага дома Маўрыцыа Гучы і яго жонкі Патрыцыі Рэджыяні.
«Гэта вельмі складаная гісторыя, якую мы расказваем з пункту гледжання Алегры. Гісторыя, поўная болю, але таксама гламуру, грошай і ўлады, якія і сталі прычынай самазнішчэння гэтай сям’і», — сказаў Мучына.
Яе ўспаміны ў форме лістоў да бацькі раскрываюць сямейныя таямніцы аб адносінах бацькоў да і пасля разводу і апісваюць падрабязнасці забойства Маўрыцыа Гучы, якое адбылося ў сакавіку 1995 года.
Толькі італьянскія акцёры
Стваральнікі будучага серыяла Sky Studios і кампанія Lucky Red ужо ва ўсю вядуць падрыхтоўку да работы над праектам. Здымкі серыяла яны плануюць пачаць вясной 2026 года.
Нягледзячы на тое, што акцёрскі спіс яшчэ не сфарміраваны, кіраўнік Lucky Red Андрэа Акіпінці ўжо заявіў, што ў карціне будуць удзельнічаць акцёры выключна італьянскага паходжання.
Пасля прэм’еры стужкі Рыдлі Скота кінасуполка была незадаволеная тым, што рэжысёр не выкарыстоўваў ніводнага артыста з Італіі ў галоўных ролях «Дома Гучы».
Калі версію італьянскіх аўтараў змогуць ацаніць гледачы, пакуль незразумела. Запланаванай даты прэм’еры стваральнікі не называюць.