Top.Mail.Ru

Іран атакавалі Ізраіль і ЗША: што адбываецца на Блізкім Усходзе?

У пятніцу ўсё выглядала яшчэ вельмі аптымістычна. Напярэдадні прайшлі перагаворы прадстаўнікоў Вашынгтона і Тэгерана ў Жэневе. Потым кіраўнік МЗС Амана (краіна з’яўляецца пасрэднікам у дыпламатыі паміж ЗША і Іранам) Бадр аль-Бусаідзі ў інтэрв’ю CBS News заявіў, што быццам бы дамоўленасці пра лёс узбагачанага ўрану дасягнутыя. А раніцай у суботу па ісламскай рэспубліцы нанеслі ўдар Ізраіль і ЗША. Прычынай ваеннай агрэсіі Дональд Трамп назваў ядзерную праграму Ірана. Прычыны... іх, мабыць, занадта шмат. І далёка не ўсе датычацца Тэгерана напрамую. Ён стаў ахвярай вялікай геапалітычнай гульні.



Забойства лідара не зламала супраціўленне

Трохі храналогіі падзей. Пакуль у Швейцарыі марудна вяліся амерыкана-іранскія перагаворы, Пентагон нарошчваў сваю прысутнасць у блізкаўсходнім рэгіёне і да канца лютага сцягнуў сюды буйныя ваенна-марскія сілы ў складзе авіяносных груп на чале з USS «Abraham Lincoln» і USS «Gerald R. Ford» з 35 ваеннымі караблямі: эсмінцамі і атамнымі падлодкамі з ракетамі «Тамагаўк». На ваенных базах былі размешчаны дзясяткі знішчальнікаў F-15, F-16, F-22, F-35 і ваенна-транспартных самалётаў з узбраеннем. Наземныя войскі дасягнулі 50 тысяч чалавек. Ды і дзейнасць спецслужбаў максімальна актывізавалася. Іх мішэнню з’яўляюцца вышэйшыя службовыя асобы Ірана, здольныя арганізаваць супраціўленне. 

Амерыка грунтоўна падрыхтавалася да ваеннай агрэсіі, якая пачалася 28 лютага з ракетнай атакі на іранскую стратэгічную інфраструктуру. Інтэрвенцыю падтрымаў і найбліжэйшы саюзнік ЗША — Ізраіль. Фармальнай падставай для ваеннай эскалацыі на Блізкім і Сярэднім Усходзе стала развіццё іранцамі мірнага атама і ракетных праграм для забеспячэння ўласнай бяспекі. 

У сваю чаргу Іран атакаваў амерыканскія ваенныя аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі шэрагу арабскіх краін. Ісламская рэспубліка мае дастатковую колькасць балістычных і гіпергукавых ракет, беспілотнікаў, іншых сродкаў паражэння і гатовая ўжыць іх для адбіцця агрэсіі.

ЗША разбамбілі комплекс урадавых будынкаў, дзе аятала праводзіў нараду з кіраўніцтвам краіны. Вярхоўны лідар Ірана, 86-гадовы аятала Алі Хаменеі забіты разам з членамі сваёй сям’і. Разам з ім загінулі кіраўнікі Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), Мінабароны і разведкі. Ізраіль сцвярджае, што ўсяго забітыя 40 ключавых чыноўнікаў. Але гэта не абезгаловіла рэжым аятолы. Сабраны часовы кіруючы савет з прэзідэнта Масуда Пезешкіяна, кіраўніка судовай улады Голяма Хасейні Махсені-Эджэі і аяталы Алірэза Арафі. У адказ на забойства Хаменеі ў Іране абвясцілі джыхад супраць ЗША і Ізраіля.

Таксама Іранам былі атакаваныя аб’екты, якія маюць дачыненне да ЗША ў краінах Блізкага Усходу: ААЭ, Катары, Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі. 


У чым логіка нападу?

Вельмі важны момант — нафтавы. Мяркуючы па каціроўках апошніх гадоў, наступіла эпоха нізкіх коштаў на вуглевадароды. Вядома, былі ўсплескі каціровак звыш ста долараў за бараль у першай палове 2022 года і ў другой палове 2023-га. Але прадоўжыліся яны некалькі тыдняў. А потым кошт нафты вяртаўся ў калідор 60-70 долараў за бочку (эталоннай маркі Brent). І кансэнсус аналітыкаў зводзіўся да таго, што кошт нафты будзе ў будучыні хутчэй зніжацца. А гэты трэк прынцыпова шкодны для амерыканскай эканомікі. 

ЗША з’яўляюцца найбуйнейшым у свеце спажыўцом і вытворцам сырой нафты. Але праблема ў тым, што здабыча яе досыць дарагая. І па сабекошце Штаты прайграюць многім гульцам на гэтым рынку. Адпаведна нізкія цэны забіваюць яе здабыўную прамысловасць. Цана ў 60-70 долараў за бараль не з’яўляецца катастрафічнай з пункту гледжання бягучай рэнтабельнасці. Але не дазваляе назапашваць фінансавыя рэсурсы для развіцця. А, па вялікім рахунку, нават для ўзнаўлення. Інвестары не спяшаюцца ўкладваць сродкі ў амерыканскія нафтавыя кампаніі пры такіх сціплых цэнах, якія, да таго ж, могуць знізіцца. Таму зыходзячы з палітычнай і, па вялікім рахунку, макраэканамічнай мэтазгоднасці Беламу дому неабходныя некалькі іншыя каціроўкі, чым тыя, якія высвечваюцца на біржавых табло. Дарагія прыродныя рэсурсы быццам бы нявыгадныя для ЗША: растуць цэны на запраўках, абывацель абураецца, выказвае палітычную незадаволенасць. Але, мабыць, пачуцці і кашалькі спажыўцоў вырашылі прынесці ў ахвяру геапалітычным стаўкам. 


Ужо сталі з’яўляцца паведамленні, што Іран блакіраваў Армузскі праліў. Апошні — вароты з Персідскага заліва ў сусветны акіян, па ім праходзіць да 20 % нафты, што здабываецца ў свеце, і да 30 % звадкаванага газу. Несумненна, усе зацікаўленыя змогуць забяспечыць суднаходнасць праліва. Але тады танкерам і газавозам прыйдзецца хадзіць пад канвоем ваенных караблёў. А ў гэтай сферы перавага амерыканцаў безумоўная. І Еўропе прыйдзецца ў пастаўцы энерганосьбітаў цалкам залежаць ад Вашынгтона. Зрэшты, вытворцам у Персідскім заліве таксама прыйдзецца ўступаць у цесную сувязь з амерыканцамі. Такім чынам у іранскім канфлікце Штаты павышаюць сваё ваенна-эканамічнае значэнне, ставячы пад кантроль значныя патокі энергарэсурсаў. 

Акрамя ўсяго іншага, Іран з’яўляецца партнёрам Кітая. І тую ж нафту пастаўляў кітайскім контрагентам. Прычым часткова неафіцыйна, па вельмі прымальных цэнах. Ваенная аперацыя спыняе гэтыя пастаўкі. Пекіну гэта пагражае перастраеннем нафтавай і газавай лагістыкі, дыверсіфікацыяй пастаўшчыкоў. Акрамя ўсяго іншага, узяцце пад ваенны кантроль адных з ключавых марскіх вуглевадародных варот узмацняе геапалітычныя і геаэканамічныя пазіцыі амерыканцаў. 

Таму ядзерная пагроза Ірана — толькі падстава. Прычынай з’яўляецца вялікая геапалітычная гульня, якая драматычна разгортваецца па ўсім зямным шары. Канкурэнцыя вядзецца цынічна і з выкарыстаннем усіх сродкаў. Хоць дэкларавацца могуць самыя гуманныя і высакародныя мэты. 

Уладзімір ВАЛЧКОЎ


Меркаванне

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка:

— Палітычны курс Вашынгтонскай адміністрацыі на Сярэднім Усходзе заўсёды вызначаўся выключна інтарэсамі буйных прамысловых манаполій, якія зацікаўлены ў атрыманні доступу да велізарных запасаў іранскай нафты і кантролі над важным для іх геаграфічным раёнам Персідскага заліва. 

Па залежах нафты Іран займае трэцюю пазіцыю ў свеце пасля Саудаўскай Аравіі і Венесуэлы. Тут жа засяроджана 16 % сусветных запасаў прыроднага газу, а таксама ажыццяўляецца здабыча медзі, жалеза, марганцу, свінцу, цынку, золата, серабра, мармуру, бірузы. 


Пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года амерыканцы больш за 40 гадоў ціснуць Іран санкцыямі, здзяйсняюць пазасудовыя расправы над палітыкамі, навукоўцамі, ваеннымі і дзяржаўнымі дзеячамі, імкнуцца дэстабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю і ўстанавіць спрыяльны палітычны клімат, умовы якога дазволяць ім адкрыта гаспадарыць у краіне, як гэта было пры шахскім рэжыме. 

Спроба звяржэння палітычнага рэжыму аятала была здзейснена спецслужбамі ЗША ў канцы мінулага года, калі амерыканскія фінансава-алігархічныя групы і Вашынгтонскі цэнтр эканамічнай сілы, які стаіць за імі, наўмысна справакавалі рэзкую дэвальвацыю іранскай нацыянальнай валюты. Катастрафічна хуткае абясцэньванне іранскага рэала спарадзіла спачатку хвалю пратэстаў па ўсёй краіне, а затым і масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся ўзброенымі захопамі дзяржаўных аб’ектаў. Цаной неверагодных намаганняў ваенна-палітычнаму кіраўніцтву ісламскай рэспублікі ўдалося стабілізаваць сітуацыю, што выклікала хвалю абурэння з боку Белага дома. Афіцыйны Вашынгтон публічна заявіў пра тое, што выкарыстае ўсе рэсурсы для звяржэння законнай улады ў Іране, і ўзмацніў падрыхтоўку да ўзброенага ўмяшання ва ўнутраныя справы непакорлівай краіны. Амерыканцы цвёрда перакананыя ў тым, што ніхто з геапалітычных гульцоў глабальнага Поўдня не вырашыцца процідзейнічаць ім у правядзенні чарговай ваеннай аперацыі супраць дзяржавы — члена ААН. 

Упэўненасць амерыканскім ястрабам надае і той факт, што ў мінулым сусветная супольнасць заўсёды заплюшчвала вочы на грубыя парушэнні ранейшымі вашынгтонскімі адміністрацыямі нормаў міжнароднага права. Яркімі прыкладамі апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляюцца лёсы Сербіі, Афганістана, Ірака, Лівіі, Сірыі і Венесуэлы. 


Тым часам 

МЗС Беларусі выступіў з заявай у сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе. 

У тэксце дакумента гаворыцца пра тое, што ў знешнепалітычным ведамстве з занепакоенасцю сочаць за абвастрэннем сітуацыі паміж Ізраілем і Іранам, якое закранула таксама дружалюбныя краіны заліва, і заклікалі ўцягнутыя ў абмен ударамі краіны адмовіцца ад небяспечнай канфрантацыі і вярнуцца да вырашэння ўсіх рознагалоссяў палітыка-дыпламатычным шляхам.


— Грамадзян Беларусі ў закранутых краінах просім няўхільна выконваць патрабаванні мясцовых улад у галіне забеспячэння асабістай бяспекі, пазбягаць месцаў масавага збору людзей, не праводзіць здымку ўдараў і іх наступстваў, — гаворыцца ў паведамленні. — У сувязі з паведамленнямі аб закрыцці паветранай прасторы краінамі рэгіёна настойліва раім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія планавалі паездкі ў краіны рэгіёна, уключаючы транзіт, удакладняць аператыўную інфармацыю пра змены маршрутаў руху ў авіяперавозчыкаў і тураператараў.

Таксама ў МЗС рэкамендавалі грамадзянам Беларусі ўстрымацца ад паездак у закранутыя канфліктам краіны рэгіёна ў мэтах забеспячэння асабістай бяспекі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю