Стратэгія «прадавай Амерыку» становіцца дамінуючай на міжнародным фінансавым рынку. Многія інвестары пераацэньваюць рызыкі, зыходзячы з новых геаэканамічных рэалій і чаканняў. Базісны тэзіс аб першай і непатапляльнай эканоміцы ЗША, безумоўны і амаль бездакорны ў мінулым, падвергнуўся рэвізіі. Адпаведна, на рынку назіраецца актывізацыя продажаў каштоўных папер амерыканскіх кампаній, амерыканскага дзяржаўнага доўгу і іншых актываў. Падае і біткоін, што з’яўляецца прыкметай пэўнага дэфіцыту ліквіднасці і зніжэння апетыту фінансавых гульцоў да больш высокіх рызык.
Калі не аўтарам, то стваральнікам лозунга «прадавай Амерыку» можа па праве лічыцца Дональд Трамп. Асцярогі да надзейнасці і амерыканскай эканомікі, і амерыканскіх жа актываў паўсталі на рынку яшчэ ў маі мінулага года. Сумневы сталі рэакцыяй на рэзкае павышэнне тарыфаў кіраўніком Белага дома на тавары амаль з усяго белага свету. Пэўным трыгерам сталі ацэнкі агенцтва Moody’s, якое панізіла рэйтынг першай эканомікі ў свеце. Да гэтага так паступілі Standard & Poor’s (яшчэ ў 2011 годзе пасля крызісу дзяржаўнага доўгу) і Fіtch (у 2023 годзе). У Moody’s выклікалі асцярогі наконт дзяржаўнага доўгу, які расце, і дэфіцыту бюджэту. Зніжэнне рэйтынгу адмоўна адбілася на амерыканскім фондавым рынку. Праўда, потым каціроўкі адыгралі падзенне пасля змены агрэсіўнай рыторыкі палітыкаў у Вашынгтоне на больш прагматычны тон. Увесну з’явілася надзея, што глабальная гандлёвая вайна пад правадырствам ЗША не разгарыцца і ўсё скончыцца складанымі, але прадукцыйнымі перагаворамі.
Гісторыя з Грэнландыяй, абвастрэнне эканамічных адносін у паўночнаатлантычным рэгіёне сталі новым трыгерам для засцярог інвестараў. Плюс — глыбокі канфлікт з выразнымі адценнямі непрымірымасці паміж Белым домам і Федэральнай рэзервовай сістэмай. І давер да амерыканскіх каштоўных папер упаў. Яшчэ адносна нядаўна яны лічыліся ціхай гаванню для інвестараў, у якой ратаваліся ад любых узрушэнняў. Цяпер гэтая аксіёма пераглядаецца. У выніку долар падае ў адносінах да іншых валют. І нават біткоін знізіўся ў кошце да рэкордных 80 тысяч за адну манету з красавіка 2025 года. Курс лічбавых актываў з’яўляецца своеасаблівым барометрам псіхалагічнай устойлівасці інвестараў. Звычайна іх кошт расце, калі на рынку лішак недарагіх грошай, а ацэнкі будучыні пазітыўныя. Таму фінансавыя спекулянты гатовыя браць на сябе больш высокія рызыкі, якімі адрозніваюцца крыптавалюты пры ўсёй сваёй тэхналагічнай інавацыйнасці.
Зрэшты, не варта мець ілюзій: зніжэнне інвестыцыйнай прывабнасці для ЗША — непрыемнасць адчувальная, але не смяротная. Інвестары не адмаўляюцца ад амерыканскіх актываў цалкам і беспаваротна. Яны пераглядаюць свае ацэнкі рызык. І, зыходзячы з гэтага, проста зніжаюць свой удзел у амерыканскай эканоміцы. Пытанне заключаецца ў тым, якім чынам адрэагуюць на гэтыя падзеі амерыканскія ўлады? А таксама іх партнёры або апаненты — у сучасным свеце не заўсёды ўдаецца дакладна зразумець, хто ёсць хто на самай справе. Нельга выключаць, што амерыканцы змогуць вярнуць давер. Асабліва на агульным няпростым фоне сусветнай эканомікі.
Несумненна, падзенне і рост каціровак амерыканскіх актываў — з’ява ў нейкай ступені цыклічная. Пасля росту фондавых індэксаў звычайна немінуча надыходзіць карэкцыя. Часам падзенне бывае нават вельмі глыбокім, і тады гэта прынята называць крызісам. Такіх было нямала з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Але флуктуацыі, нягледзячы на глыбіню і характар, не змянялі базісных прынцыпаў. Якія б фондавыя шквалы ні насіліся над фінансавым морам, інвестыцыйная карта заставалася ў сваіх асновах стабільнай і непарушнай.
І падчас, і пасля крызісаў амерыканскія актывы працягвалі лічыцца самымі надзейнымі, не зважаючы на каціроўкі. І лічылася класікай жанру пры любых непрыемнасцях лакальнага, рэгіянальнага або сусветнага маштабу ўцякаць у долар або звязаныя з ім каштоўныя паперы. Яны заўсёды з’яўляліся самым надзейным актывам для абароны сваіх капіталаў. З доларам магло паспрачацца хіба што золата. Але ў гэтай канкурэнцыі заўсёды выйгравала амерыканская валюта.
Цяпер жа, рызыкну выказаць здагадку, мы бачым не проста ваганні валютных курсаў і фондавых індэксаў. Адбываецца пераасэнсаванне фундаментальных асноў сусветнай эканомікі. Змена светапогляду, калі заўгодна. А калі глядзець шырэй — і сусветнай гаспадаркі. А ў абноўленай карціне свету амерыканская эканоміка губляе сваю дамінуючую ўнікальнасць. Яна застаецца буйной, досыць магутнай, канцэнтруе ў сваёй юрысдыкцыі значную колькасць інавацый, транснацыянальныя кампаніі. Амерыканская валюта застаецца значнай для сусветнай эканомікі, як і амерыканскі фондавы рынак. Значным, але ўжо не безумоўна адзіным і надзейным. У значнай ступені сіла амерыканскай эканомікі і фінансаў пасля Другой сусветнай вайны грунтавалася на беспярэчнай веры прафесійных інвестараў і абывацеляў па ўсім свеце ў надзейнасць Вашынгтона. Цяпер упэўненасць у непатапляльнасці амерыканскага карабля не знікла, але ў значнай ступені пахіснулася. Лайнер, несумненна, яшчэ надзейны і нават прыгожы. Але ўжо з’яўляюцца сумневы, ці не плыве дзе-небудзь па акіяне айсберг. Пры ўсёй уяўнай нязначнасці такіх дапушчэнняў яны сведчаць аб змене парадыгмаў у новай рэальнасці і нармальнасці. Перш за ўсё ў галовах эканамічных агентаў. Яшчэ адносна нядаўна, у 2000-х, а тым больш — у другой палове мінулага стагоддзя, здавалася немагчымай адсутнасць у ЗША вышэйшага рэйтынгу надзейнасці. Нават калі б рэйтынгавыя агенцтвы пайшлі на такі крок, ім бы многія проста не паверылі. Праўда, і цяпер Дональд Трамп сцвярджае: дзеянні аналітыкаў стаяць на палітычным базісе. Але сёння шырокая эканамічная аўдыторыя хутчэй верыць Moody’s, Standard & Poor’s і Fіtch. А эканоміку робяць людзі. І шмат залежыць ад іх светапогляду і псіхалагічных установак. А яны ўжо, фактычна, увайшлі ў зону, калі амерыканскае лідарства не з’яўляецца безумоўным. І палітычныя і эканамічныя ўлады ў Вашынгтоне апынуліся зусім у нязвыклай сітуацыі, калі ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў надзейнасць і ўстойлівасць амерыканскай эканомікі ўжо не з’яўляецца неабвержнай аксіёмай, а ўсяго толькі тэзісам, які патрабуе доказаў.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ