Top.Mail.Ru
1055

Інтэрв'ю з сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету па боксе ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах

Імя Аляксея АЛФЁРАВА голасна прагучала яшчэ ў 2021 годзе. Тады ён разам са сваім сябрам і калегам Яўгенам КАРМІЛІЧКАМ літаральна ўварваліся на міжнародную арэну. 
У майго суразмоўцы — «срэбра», у Яўгена — «бронза» чэмпіянату свету. Для беларускага бокса гэта стала сапраўдным прарывам: да гэтага на працягу 18 гадоў ніхто не прывозіў з сусветных чэмпіянатаў адразу два медалі. І вось зноў гучны вынік — «срэбра». Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» пагутарыла з Аляксеем і яго трэнерам Аляксеем ВОЎЧАНАМ.


Шчаслівая выпадковасць

Калі ішла на інтэрв’ю, думала, што гісторыя будзе пра бокс. Але ўсё атрымалася інакш. У цэнтры ўвагі апынуліся ўпартасць і воля да перамогі. Так, гэтыя словы занадта часта можна сустрэць у артыкулах пра спорт. Але менавіта яны лепш за ўсё апісваюць закуліссе гучных перамог. Аднак пра ўсё па парадку. Лагічней за ўсё пачаць з вытокаў. Як высветлілася, у 2007 годзе Аляксей патрапіў у бокс выпадкова.

— Я родам з Карэліч, і, як многія хлопцы ў нашым горадзе, займаўся футболам. Калі мне было сем гадоў, у чарговы раз пайшоў на трэніроўку, але пераблытаў час і прыйшоў на гадзіну раней. А там займаліся хлопцы з секцыі па боксе. Мне стала цікава. І якраз у аднаго з хлапчукоў не было партнёра для спарынгу, мяне паставілі з ім. На здзіўленне, з першага разу атрымалася вельмі добра, я перамог свайго саперніка, ды і мне ў прынцыпе спадабалася. Трэнер Іван Дзёмушкін патэлефанаваў маім бацькам і прапанаваў аддаць мяне ў секцыю. Так я і патрапіў у бокс.

Меркаванні бацькоў наконт бокса падзяліліся. Бацька быў толькі за, а вось маці сумнявалася, ці варта было аддаваць дзіця ў такі траўманебяспечны спорт. Але ў выніку было прынята станоўчае рашэнне. Больш актыўна ў спартыўную кар’еру ўключыўся дзядуля Аляксея, які падтрымліваў унука ва ўсім, ездзіў разам з імі на спаборніцтвы. А калі хлопцу споўнілася 13, ён адправіўся вучыцца ў Вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гродне. Там ён і пазнаёміўся са сваім цяперашнім трэнерам, з якім яны ўжо больш за 10 гадоў ідуць поплеч па спартыўным шляху.

— Не буду хлусіць, было складана так рана з’ехаць з дому, спачатку цяжка было. Але я мэтанакіраваны чалавек, таму браў сябе ў рукі і рухаўся наперад. Аднойчы прыйшлося ўстаць перад сур’ёзным выбарам. Мяне ледзь не забралі з вучылішча. Я атрымаў траўму, мама была вельмі ўсхваляваная. Але я цвёрда вырашыў, што не адступлюся, бо калі ў цябе ёсць мара, нельга ёй здраджваць.

Усё геніяльнае — проста

Цікаўлюся ў суразмоўцаў, у чым сакрэт поспеху іх каманды. Да гутаркі далучыўся трэнер Аляксей Воўчан:

— Лёша заўсёды быў вельмі ўпарты. Гэтым адрозніваўся ад астатніх хлопцаў — калі ўчэпіцца за нешта, то яго ўжо не спыніць. Многія неяк спрабавалі ўкалоць, ??што ён мой любімчык і ўсё такое, але не. Тут у чалавека жалезны характар ??і дакладнае разуменне таго, што трэба рабіць, каб дасягаць вынікаў. А самы галоўны сакрэт у мяне як у трэнера ў любові — да сваёй справы, да падапечных. Важна разумець іх, умець устаць на іх месца. І, вядома ж, дысцыпліна, без яе нікуды.

Аляксей дапоўніў свайго настаўніка:

— Цалкам згодны. Ніякага чарадзейнага сакрэту няма. Усё вельмі проста — працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць.

Аляксей працягваў напружана трэніравацца, паступіў у ГрДУ імя Янкі Купалы на факультэт фізічнай культуры. Дзякуючы падтрымцы дэкана і выкладчыкаў ён паспяхова спалучаў вучобу і спорт. Цяпер малады чалавек працягвае навучанне ў магістратуры.

Ісці да канца

Калі папрасіла маіх суразмоўцаў вярнуцца ў мінулае, да «срэбра» 2021 года, зрабілі яны гэта неахвотна. За 4 гады меркаванне Аляксея не змянілася. Ён лічыць, перамагчы павінен быў ён, і гэта не толькі асабістае адчуванне, але і па паказчыках вынік бою павінен быў вырашыцца на яго карысць. Сёлета ў Аляксея таксама «срэбра». Але настрой у трэнера і спартсмена зусім іншы, няма такога моцнага засмучэння, бо, як аказалася, баксёр правёў два баі адной рукой...

— Я — ляўша, траўміраваў правую руку, з плячом нешта. Прычым вельмі сур’ёзна, яна практычна не паднімалася, абязбольвальныя не вельмі дапамагалі. Але я не збіраўся адступаць, вырашыў, што ўсё роўна выйду на рынг і зраблю ўсё, што будзе ў маіх сілах. У выніку, нягледзячы на ??траўму, выйшаў пераможцам двух баёў, у адным адправіў саперніка ў накаўт. Але ў трэцім, на жаль, саступіў.

— Было страшна? — цікаўлюся ў Аляксея.

— Страшна было гадоў у 14, а цяпер ужо не. Нам ніхто нічога не падорыць і проста так не дасць. Усё праз цяжкую працу. Так, я разумеў, што іду на вялікую рызыку, але гэта таго каштавала, — без ваганняў адказаў спартсмен.

— Страшна было мне, — усміхаючыся, пракаментаваў трэнер.

Сапраўды кажучы, у мяне ў галаве не ўкладваецца, як можна баксіраваць ажно два баі адной рукой, ды яшчэ калі другая пякельна баліць. Да таго ж важна захоўваць і вастрыню розуму, бо ў гэтым спорце ўсё адбываецца за долі секунды і без яркага ўяўлення і аналітычнага складу розуму не абысціся.

Наперадзе ў Аляксея Алфёрава і Аляксея Воўчана адпачынак і аднаўленне. Спартсмен ужо даўно зразумеў, што сур’ёзная работа патрабуе не менш сур’ёзнага адпачынку. Таму бяздумны працагалізм ён пакінуў у мінулым, кажа, што проста трэба рабіць усё па сістэме, не выбівацца з рэжыму і давяраць свайму трэнеру. Гэта падмурак паспяховай кар’еры. Самы галоўны план, вядома, Алімпіяда, але гэта ў будучыні. А пакуль час набірацца сіл.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Фота прадастаўлены героямі публікацыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю