У калектыве Мінскага вытворча-гарбарнага аб’яднання, размешчанага ў пасёлку Гатава Мінскага раёна, цяпер працуюць больш як 50 выхадцаў з Туркменістана. Характэрна, што прыехалі працоўныя мігранты ў Беларусь не адначасова — спрацаваў эфект «сарафаннага радыё»: першапраходцы расказалі сваім суайчыннікам, як ім жывецца ў Беларусі. І вось вынік: цэхі прадпрыемства сталі інтэрнацыянальнымі. Ці не перашкаджае гэта вытворчаму працэсу, які вопыт работы з працоўнымі мігрантамі назапашаны прадпрыемствам і якія пункты ў бліжэйшы час могуць з’явіцца ў правілах унутранага працоўнага распарадку, даведаліся карэспандэнты БелТА.
Вырашаць праблему, не ствараючы сабе новых
Не сакрэт, што ў Мінскага вытворча-гарбарнага аб’яднання — сур’ёзная кадравая праблема. Выклікана яна шэрагам фактараў, уключаючы блізкасць сталіцы з яе шырокай прамзонай, якая паглынае велізарную колькасць працоўнай сілы, і спецыфічнасць самой вытворчасці, якую ці наўрад суіскальнікі абяруць у якасці прыярытэтнай. Нават такі від падтрымкі работнікаў, як прадастаўленне арэнднага жылля, далёка не для ўсіх з’яўляецца вырашальным у выбары працоўнага месца на гэтым прадпрыемстве. Аднак вытворчасць працуе, частка яе — і зусім у тры змены. Акрамя таго, неабходна абслугоўваць працэсы выпуску запатрабаванай у краіне і за яе межамі гарбарнай сыравіны. Так што прыём на работу працоўных мігрантаў для прадпрыемства ў нейкай меры нават стаў выратаваннем.
«З працоўнымі мігрантамі мы працуе ўжо каля трох гадоў. Першых мы прынялі на вытворчасць у 2022 годзе, частка з іх з’яўляюцца выпускнікамі нашых устаноў адукацыі. І не толькі профільных. Некаторых прымусіў застацца ў нашай краіне лакдаўн, яны проста не змаглі з’ехаць. І засталіся ў нас працаваць. На сённяшні дзень на прадпрыемстве працуе каля 50 чалавек з Туркменістана, 10 чалавек з Украіны, ёсць адзін грамадзянін Азербайджана і тры чалавекі, якія прыехалі з Газы. Большасць з іх пражываюць у новым доме, які быў пабудаваны ў Гатаве па даручэнні Прэзідэнта. Да гэтага нам даводзілася супрацоўнічаць з іншымі арганізацыямі па выдзяленні імі жылля для нашых работнікаў», — расказала намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персаналу Вольга Белазёрава.

Прыём іншаземцаў на работу — працэс складаны, і звязаны ён, паводле слоў Вольгі Белазёравай, з вырашэннем шэрага праблем.
«Існуе моўны бар’ер. Нам, напрыклад, давялося займацца перакладам службовых інструкцый, правілаў распарадку і правілаў тэхнікі бяспекі на туркменскую мову. Гэта было неабходна для больш глыбокага разумення новымі работнікамі тэхналагічных працэсаў. Хоць такі бар’ер ёсць не ва ўсіх, бо большая частка працоўных мігрантаў вучылася ў Беларусі і валодае мовай. Яны сёння актыўна дапамагаюць з мовай иншым сваім землякам. Ну і, вядома, істотную дапамогу ў рабоце з такімі кадрамі аказваюць настаўнікі. Важны момант — работа з калектывам у цэлым: людзі павінны разумець, што ў саміх мігрантаў таксама ёсць праблемы, і найперш адаптацыйнага плана.
Вольга Белазёрава кажа, што прыём працоўных мігрантаў на прадпрыемства ажыццяўляецца па працоўных прафесіях. «Аднак у нас ёсць прыклады і кадравага росту. Людзі стараюцца, маюць адпаведную адукацыю, і мы ў сваю чаргу даём ім магчымасць расці», — падкрэсліла яна.

З улікам указа № 202 «Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі» работу з іншаземцамі на прадпрыемстве будуць удасканальваць.
«Гэта хутчэй неабходнасць, бо ўзмацненне кантролю за гэтай катэгорыяй людзей з іншым менталітэтам, культурай, рэлігіяй, якія яшчэ толькі спрабуюць інтэгравацца ў наша грамадства, — своеасаблівая абарона ад непрадбачаных сітуацый», — адзначыла Вольга Белазёрава.
Быў філолагам, стаў завадчанінам з кватэрай
Сердар Рэджэпаў прыехаў у Беларусь у 2017 годзе. «Не раз чуў, што вашыя ВНУ даюць добрую адукацыю, таму ехаў у Беларусь вучыцца. Выбраў для сябе Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя Пушкіна, дзе скончыў філфак. Вучыў рускую і англійскую мовы», — расказаў ён.
Па словах Сердара, у перыяд адаптацыі ў нашай краіне самым складаным стаў зусім не моўны бар’ер і не новыя ўмовы жыцця, больш за ўсё праблем дастаўляў сум па доме і родных.

«Паступова прывык, дапамаглі людзі, якія мяне акружалі. Спадабалася краіна, яе спакой, мернасць. Таму ўсё часцей наведвалі думкі застацца ў Беларусі. Праўда, з працай па спецыяльнасці не ўсё атрымалася», — кажа ён.
У Гатава Сердар трапіў амаль два гады таму. «Не бачу нічога ганебнага ў рабочай прафесіі. Галоўнае, каб грошы за работу плацілі. А на прадпрыемстве, акрамя гэтага, ёсць яшчэ такі сур’ёзны бонус, як жыллё. Спачатку вызначылі ў інтэрнат, а потым і зусім выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў новым доме», — адзначыў хлопец.
За час працы на прадпрыемстве ён паспеў асвоіць дзве спецыяльнасці, не выключае магчымасці і кар’ернага росту.
«Радуе тое, што тут я ўжо не адзін — майму прыкладу рушыў і брат Ісмаіл. Жывём і працуем разам», — распавёў Сердар, дадаўшы, што ў 2024 годзе атрымаў від на жыхарства і цяпер ужо працуе па кантракце.
«Планаў на далёкую будучыню пакуль не будую, але бліжэйшыя гады дакладна правяду ў Беларусі», — адзначыў ён.
Пачынаў з аператара кацельні
Выпускнік БНТУ Авазбек Рахматулаеў вучыцца ў Беларусь прыехаў па рэкамендацыі сяброў.
«Адукацыя ў Беларусі атрымала і мая сястра. Яна акушэрка і працуе ў Бараўлянах. І мы тут засталіся не толькі з-за работы: у Беларусі набылі сяброў, свой другі дом, дзе ніколі не сутыкаліся з дрэнным стаўленнем», — расказаў Авазбек.
Дарэчы, працу на прадпрыемстве хлопцу прапанавалі на кірмашы вакансій. І пачынаў ён з пасады аператара газавай кацельні.
«Цяпер узначальваю ўчастак ачышчальных збудаванняў, працую па спецыяльнасці, якую атрымаў ва ўніверсітэце. Складанасці ёсць, бо ўчастак вельмі адказны, і любая аварыйная сітуацыя патрабуе хуткіх дзеянняў, часам нават у выхадныя, але мая работа мне падабаецца», — падзяліўся ён.
У Беларусь прывяла бяда
Акмырат Гельдыеў аб сваім шляху ў Беларусь можа расказваць доўга. Тут ён бываў неаднаразова, прыязджаў пагасцяваць да сяброў.
«Я былы ваеннаслужачы. У 2011 годзе ўрачы паставілі дыягназ — рак мозга. Лячыўся ў Туркменістане, у Маскве. А ў 2016 годзе трапіў да беларускіх спецыялістаў, якія паставілі мяне на ногі. Дзякуючы ім я сёння жыву», — расказаў ён.
«Працую на прадпрыемстве па кантракце. Да мяне далучыўся і мой сын Чаркез. Цяпер ён марыць прывезці ў Беларусь сваю сям’ю, у якой расце трое сыноў. Хочам, каб адзін з іх тут атрымаў спецыяльнасць урача», — расказаў Акмырат, дадаўшы, што беларуска-туркменскае сяброўства павінна толькі мацнець.
Алена ХАРЭВІЧ
Фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ, БелТА