Top.Mail.Ru
193

Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН адзначыў юбілей

Да 60-годдзя ўстановы была прымеркавана міжнародная канферэнцыя «Генетыка і біятэхналогія ХХІ стагоддзя: праблемы, дасягненні і перспектывы». Яна аб’яднала даследчыкаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Турцыі. Удзельнікі падзяліліся вынікамі сваёй працы і расказалі, як сёння навуковыя дасягненні выкарыстоўваюцца ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і іншых галінах, служаць на карысць эканомікі краін. Сумесна з расійскімі калегамі беларускія вучоныя працавалі над праграмай Саюзнай дзяржавы «ДНК-ідэнтыфікацыя», атрыманыя імі вынікі могуць выкарыстоўвацца для аховы здароўя і развіцця крыміналістыкі. 


І ў медыцыне, і ў спорце 

У рамках святкавання юбілею прайшлі сустрэчы вучоных у Прэзідыуме НАН з прадстаўнікамі розных міністэрстваў, ведамстваў і арганізацый, з якімі сёння супрацоўнічае Інстытут генетыкі і цыталогіі. Сярод іх — Міністэрства спорту і турызму. Генетычныя даследаванні надзвычай запатрабаваны ў спорце высокіх дасягненняў. Яны дазваляюць не толькі адабраць найлепшых спартсменаў, але і скарэкціраваць пад кожнага трэніроўкі, харчаванне. Інстытут працуе фактычна з усімі нацыянальнымі камандамі. 

Сёння ДНК-дыягностыку пры жаданні можа прайсці кожны чалавек. З самага юнага ўзросту бацькі і трэнеры могуць вызначыць, да якога віду спорту больш схільнае дзіця, яго стрэсаўстойлівасць. Генетычныя пашпарты, якія робяцца дзякуючы даследаванням генетыкаў, дазваляюць вызначыць схільнасць да пэўных хвароб, сярод якіх — сардэчна-сасудзістыя, астэапароз, дыябет і іншыя.

Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі сёння займаецца вывучэннем структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў чалавека, раслін, жывёл, мікраарганізмаў. У нашай краіне створаны рэспубліканскі банк ДНК, у якім сабраны ўзоры чалавека, раслін, жывёл, мікраарганізмаў. Функцыянуе каардынацыйны цэнтр па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў. Пра тое, наколькі сёння запатрабаваны такія веды, сведчыць і тое, што ў праграме Нацыянальнай бяспекі, прынятай на Усебеларускім народным сходзе, асобны раздзел прысвечаны біябяспецы.


У інстытуце створаны ўмовы для выканання праектаў па генетычнай інжынерыі. Установа мае ўласную лабараторыю і эксперыментальнае поле. Праводзяцца сучасныя даследаванні для рэдагавання геномаў раслін. У прыватнасці, такія работы звязаны са стварэннем сартоў бульбы, устойлівай да фітафторы. 

Вучоныя займаюцца даследаваннямі ў галіне генатыпу буйной рагатай жывёлы, свіней, коней, рыб, пчол. Напрыклад, вывучаецца патэнцыя буйной жывёлы мяснога кірунку па прыкмеце высокай якасці мяса. Сумесна з Інстытутам ветэрынарыі праводзяцца пошукі, звязаныя са спадчыннымі захворваннямі жывёлы, тыя, у якіх іх знаходзяць, выводзяцца з селекцыі. Работы вучоных маюць вялікае значэнне і для захавання біяразнастайнасці. Шмат зроблена для вывучэння генетычнай разнастайнасці абарыгеннай папуляцыі коней Беларусі, дзікіх пчол. 
Даследаванні ў галіне генетыкі чалавека сёння дапамагаюць развіваць медыцыну. Як расказала дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Людміла Макарына-Кібак, вучоныя вядуць сумесныя работы з кардыёлагамі, займаюцца генетычнай дыягностыкай рэдкіх спадчынных захворванняў разам з калегамі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця». Шмат увагі надаецца прагназаванню ўскладненняў у неданошаных нованароджаных. Брэндам інстытута стала выкарыстанне ДНК-тэхналогій для захавання рэпрадуктыўнага здароўя. Дзякуючы нашым вучоным, іх сумеснай рабоце з медыкамі вынашана каля 20 тысяч немаўлят. Праводзяцца даследаванні ў галіне фармакагенетыкі. Важным кірункам стала вывучэнне асаблівасцяў генома доўгажыхароў. Работы ў гэтым кірунку павінны дапамагчы знайсці механізмы, якія дазволяць развіваць праграмы актыўнага доўгалецця. 

Вялікія даследаванні звязаны з ракам лёгкіх. Між іншым, такі кірунак, як генетыка пухліннага росту — адзін з тых, што распрацоўваецца ўстановай з моманту яе ўтварэння. Самыя ж першыя генетычныя даследаванні, якія вялі беларускія вучоныя, былі звязаны з раслінамі. І тут можна згадаць выдатнага генетыка і селекцыянера Антона Жэбрака, які сваю прафесійную дзейнасць распачаў яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Сёння вучоныя-генетыкі актыўна супрацоўнічаюць з Нацыянальным цэнтрам па земляробстве, Інстытутам эксперыментальнай батанікі, Інстытутам лесу і іншымі ўстановамі Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта дазваляе вырашаць актуальныя пытанні, звязаныя з сістэматызацыяй, захаваннем і выкарыстаннем генетычных рэсурсаў, вызначаць стратэгічна важныя задачы ў забеспячэнні харчовай, біярэсурснай і экалагічнай бяспекі краіны. Як адзначылі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, новыя веды, атрыманыя дзякуючы геномным даследаваннням, дазваляюць атрымліваць якасныя і прадукцыйныя сарты і гібрыды.

Харчовая бяспека

Як заўважыў доктар сельскагаспадарчых навук Станіслаў Грыб, селекцыя без генетыкі сляпая. Ён расказаў пра работу Навукова-практычнага цэнтра НАН па земляробстве. Калі раней селекцыянеры пры выбары раслін для пераапылення спадзяваліся на інтуіцыю, сёння пры дапамозе генетыкаў яны могуць вывучаць, якія гены ўплываюць на пэўныя ўласцівасці. Вучоны заўважыў, што за апошнія 60 гадоў сельгаспадарчай вытворчасці краіны адбыліся буйныя змены: ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур вырасла з 10,8 цэнтнера да 40, і калі раней валавы збор быў 3,1, то сёлета было сабрана 11 млн тон збожжа. Сёння вядзецца таксама пошук сартоў, якія адпавядаць патрабаванням арганічнага землекарыстання, накіраваныя на вытворчасць спецыялізаваных відаў прадукцыі. Галоўная задача цэнтра — стварэнне высокапрадукцыйных, якасных сартоў і гібрыдаў збожжавых, зернебабовых, маслічных культур. 

Вядзецца селекцыя па 36 відах сельскагаспадарчых раслін. У цэнтры створана 520 сартоў сельскагаспадарчых культур. Так, у 2024 годзе на палях краіны вырошчвалася каля 160 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі цэнтра, якія займалі 70 працэнтаў пасяўных плошчаў, сарты азімага жыта, аўсу, грэчкі, яравой пшаніцы — больш за 85 працэнтаў. У Расійскай Федэрацыі задзейнічаны ўжо 58 сартоў, выведзеных беларускімі селекцыянерамі, якія займаюць каля 3 мільёнаў гектараў.


Сярод новых кірункаў, над якімі працуюць вучоныя, — стварэнне гібрыдаў азімых жыта і пшаніцы. Сорт пшаніцы «Асіма», створаны ў супрацоўніцтве з Інстытутам генетыкі і цыталогіі, летась быў прызнаны найлепшым у Беларусі. Адна з навінак — сорт азімай пшаніцы «Стэфа» — з зернем пшаніцы з антацыянавай афарбоўкай характарызуецца вялікім утрыманнем антыаксідантаў. Ганарацца вучоныя і новымі сартамі трэцікале. Сорт «Авеню» вызначаецца высокай якасцю зерня і экалагічнай стабільнасцю, «Экватар» мае вялікую харчовую каштоўнасць, устойлівасць да засухі. Створаны першы сорт азімага ячменю «Буслік», раяніраваны ў Беларусі і Расійскай Федэрацыі». У дзяржвыпрабаванне перададзена 9 сартоў азімага ячменю з рознымі тэрмінамі выспявання. 

Перспектывы і выклікі

Падчас работы канферэнцыі вучоныя не толькі гаварылі пра сучасныя напрацоўкі, перспектывы развіцця генетыкі, але і магчымыя праблемы, з якімі можа сутыкнуцца чалавецтва.

Расійскія калегі расказалі пра даследаванні, якія праводзяцца ў іх краіне. Сёння актыўна развіваецца скрынінг нованароджаных. Так, за апошнія два гады даследавана больш за 2 мільёны немаўлят. Безумоўна, такія даследаванні дазваляюць выявіць сур’ёзныя генетычныя адхіленні і на ранніх стадыях заняцца прафілактыкай ці лячэннем хвароб. Рэалізуюцца і пілотныя праграмы генетычнага тэсціравання і маніторынгу пар, якія плануюць цяжарнасць. Такія даследаванні дазваляюць з улікам геномаў будучых бацькоў вызначыць, ці могуць у іх нарадзіцца дзеці з пэўнымі захворваннямі. Але ўжо сёння ўзнікае этычная праблема, як такія веды могуць адбіцца на псіхалагічным стане будучых бацькоў і як далей будзе развівацца іх сям’я. Ці вырашаць маладыя людзі застацца разам, выкарыстаць донарскія матэрыялы, стаць усынавіцелямі ці наогул адмовяцца ад жадання мець дзяцей. Вучоныя ўпэўнены, што сёння, калі курс узяты на развіццё персаніфікаванай медыцыны, не за гарамі той час, калі кожны чалавек будзе мець генетычны пашпарт. Падчас канферэнцыі нават прагучала пытанне, як новыя веды ў сукупнасці з развіццём штучнага інтэлекту могуць уплываць на паводзіны людзей. Ці не з’явяцца віртуальныя праграмы, якія будуць падбіраць чалавеку пару?

Алена Дзядзюля

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю