У сталічную міліцыю звярнулася мінчанка, якой патэлефанаваў невядомы і паведаміў аб тым, што выкрадзена яе 15-гадовая дачка.
Заяўніцы дасылалі фота дзіцяці і пакояў кватэры, патрабуючы перавесці грошы на крыптакашалёк. Жанчына паведаміла аб гэтым у міліцыю і паехала дадому, але дзяўчынкі там не аказалася. Сышчыкі на працягу дзвюх гадзін знайшлі яе ў загараднай кавярні ў поўным парадку...
Гэту сітуацыю пракаменціраваў намеснік начальніка АКВ Фрунзенскага РУУС Мінска Арцём Канапацкі.
Паводле яго слоў, міліцыяй устаноўлена, што днямі школьніцы ў месенджары патэлефанаваў нібыта кур’ер маркетплэйсу і паведаміў аб пасылцы. Пад маркай удакладнення адраса дастаўкі папрасіў прадыктаваць электронную пошту і код з паведамлення. Яна паслухалася і перайшла па спасылцы з пісьма.
Далей з непаўналетняй звязаліся лжэправаахоўнікі з гісторыяй аб тым, што ад яе імя зламыснікі робяць незаконныя пераводы за мяжу. Каб бацькоў не пасадзілі ў турму, а яе саму не аддалі ў прытулак, ёй прапанавалі знайсці дома зберажэнні бацькоў.
Калі дзевяцікласніца не знайшла грошай, яе прымусілі ўдзельнічаць у «спецаперацыі». Па ўказанні аферыстаў падлетак паехала за горад, адключыла тэлефон і дастала SIM-карту, «каб пазбегнуць праслухоўкі».
Праваахоўныя органы цяпер па гэтым факце праводзяць праверку і нагадваюць бацькам аб неабходнасці расказваць дзецям пра хітрыкі ашуканцаў, растлумачыць ім, што аб званках і просьбах незнаёмцаў трэба абавязкова паведамляць дарослым.