Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэта ўстанаўлівае абставіны супрацьпраўнай дзейнасці 46-гадовага замежнага грамадзяніна ў сферы незаконнага абароту псіхатропных рэчываў, расказала афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, паведамляе БелТА.
У пачатку студзеня гэтага года жыхар суседняй краіны прыехаў у Беларусь у якасці аптовага кур’ера буйной інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў. «Мужчына атрымаў заданне забраць пад Мінскам „майстар-скарб“ з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам для далейшага збыту на тэрыторыі рэспублікі. Кур’ер дастаў са схованкі пакет з мноствам палімерных скруткаў і перавёз яго на здымную кватэру», — расказала афіцыйны прадстаўнік.
Фігурант па ўказанні куратара зрабіў буйную закладку ў Бабруйску і серыю закладак у Рагачове. Днём 15 студзеня ў Рагачове мужчына выйшаў з арэнднай кватэры на вуліцу, і яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Пры асабістым вобыску, аглядзе месца пражывання і зробленых раней схованак праваахоўнікі знайшлі не менш за 400 г альфа-PVP.
Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэта прад’явіў замежнаму грамадзяніну абвінавачанне па ч. 4 арт. 328 (наўмысныя незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай) КК Беларусі. Фігурант узяты пад варту. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.