Грамадзянка Бурундзі спрабавала выехаць з Беларусі ў Еўрасаюз па пашпарце сястры, паведаміла БелТА са спасылкай на Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі.
Выпадак адбыўся ўвечары 16 лістапада ў пункце пропуску «Брэст». Дзяўчына накіроўвалася ў Польшчу. На беларускім баку на пагранічным кантролі яна прад’явіла для праверкі пашпарт грамадзяніна Каралеўства Бельгія. Дакумент выклікаў падазрэнне ў пагранічніка. Спецыяльная праверка ўстанавіла, што ён не належыць падарожніцы.
«Парушальнікам аказалася грамадзянка Рэспублікі Бурундзі, якая навучаецца ў адной з беларускіх ВНУ. Па яе словах, яна не магла трапіць у Еўрасаюз па сваім пашпарце з-за адсутнасці візы. У гэтай сувязі дзяўчына ўзяла дакумент для перасячэння граніцы ў сястры і паспрабавала выехаць у Польшчу для далейшага руху ў Бельгію», — расказалі падрабязнасці ў ДПК.
Дзяўчыну затрымалі. Распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння граніцы. Акрамя буйнога штрафу да 100 базавых велічынь, парушальніцы пагражае яшчэ і крымінальная адказнасць за выкарыстанне загадзя падложнага дакумента.